§ 22. Навука

Класіфікацыя навук. Навука падзяляецца на гуманітарную (прадметам вывучэння якой выступаюць чалавек і грамадства — ад лац. humanus — чалавечы, homo — чалавек) і прыродазнаўчую (засяроджаную на вывучэнні прыроды); кажуць таксама пра тэхнічныя навукі. Да гуманітарных навук належаць псіхалогія, культуралогія, гісторыя, сацыялогія, паліталогія і інш., да прыродазнаўчых — фізіка, хімія, біялогія, геаграфія і інш.; да тэхнічных навук адносяцца электратэхніка, інфарматыка і інш.

Гуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі ўключаюць у сябе мноства навуковых дысцыплін. Так, фізіка ўключае механіку, оптыку, квантавую фізіку і інш.; інфарматыка — тэорыю моў праграмавання, штучны інтэлект і інш.; філалогія — мовазнаўства і літаратуразнаўства, якія, у сваю чаргу, таксама распадаюцца на больш прыватныя навуковыя дысцыпліны (напрыклад, у мовазнаўстве ў залежнасці ад моў, што вывучаюцца, вылучаюць славістыку, цюркалогію, раманістыку і інш., а ў залежнасці ад ракурсу вывучэння мовы — марфалогію, дыялекталогію і інш.).

Навуковыя даследаванні падзяляюць на фундаментальныя, арыентаваныя на адкрыццё асноватворных законаў уладкавання свету, і прыкладныя, што маюць сваёй задачай вынаходства тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны ва ўсіх сферах чалавечага жыцця (у прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, транспарце, сувязі, культуры і г. д.) і прызначаны для паляпшэння жыцця чалавека (росту эфектыўнасці і экалагічнасці вытворчасці, павышэння бяспекі, камфорту жыцця і да т. п.). Прыкладная навука развіваецца на аснове адкрыццяў, зробленых навукай фундаментальнай, таму, каб заўтра атрымаць добры прыкладны эфект ад развіцця навукі, ужо сёння неабходна забяспечваць развіццё яе фундаментальных галін.