§ 22. Навука
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 22. Навука |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 04:14 |
Навуковае пазнанне, мэты і каштоўнасці навукі. Пад навукай разумеюць дзейнасць па выпрацоўцы і сістэматызацыі аб’ектыўных ведаў пра свет, а таксама сацыяльны інстытут, мэтай якога з’яўляецца такая дзейнасць. У адпаведнасці з гэтым разглядаць навуку магчыма з двух пунктаў погляду.
Навука як адмысловая пазнавальная дзейнасць адрозніваецца ад звычнага, паўсядзённага пазнання тым, што вывучае з’явы, якія яшчэ толькі ўваходзяць у сферу чалавечага разгляду. Звычнае ж пазнанне мае справу з прадметамі, што выступаюць новымі толькі для таго ці іншага чалавека, а для чалавецтва ў цэлым ужо даўно з’яўляюцца вывучанымі. Так, дзіця, што адкрывае для сябе свет і ўпершыню бачыць матылька, успрымае яго як нешта новае, аднак яго пазнанне ў дадзеным выпадку нічога новага да біялогіі як навукі не дадае.
Навуковае пазнанне адрозніваецца ад звычнага тым, што патрабуе наяўнасці адмысловых інструментаў. Гэтыя інструменты бываюць двух відаў.
Пад інструментамі перш за ўсё разумеюць прыборы, з дапамогай якіх ажыццяўляецца вывучэнне тых або іншых з’яў і вымярэнне тых або іншых велічынь. У гісторыі навукі назіраецца тэндэнцыя пераходу навуковых прыбораў у штодзённы ўжытак чалавека: так, першыя халадзільнік, радыёпрыёмнік і г. д. былі сканструяваны менавіта як прыборы для навуковых даследаванняў, а ўжо потым сталі выкарыстоўвацца як бытавыя прылады.
Пад навуковым інструментарыем разумеюць таксама спецыяльныя тэрміны — маўленчыя сродкі, што выкарыстоўваюцца ў навуковай мове (пры зносінах вучоных у час абмеркавання навуковых праблем, пры публікацыі вынікаў даследаванняў і да т. п.). Паняцці, якія выражаюцца гэтымі тэрмінамі, вылучаюцца асаблівай дакладнасцю значэння, не дапускаючы шматзначнасці. Гэта трэба для таго, каб вучоныя цалкам разумелі адзін аднаго, а вынікі даследаванняў маглі быць апісаны без розначытанняў.
Назавіце кожную з апісаных мадэляў сусвету, выкарыстоўваючы навуковыя тэрміны, якія абазначаюць:
● мадэль сусвету, у цэнтры якой знаходзіцца Зямля;
● мадэль сусвету, у цэнтры якой знаходзіцца Сонца.
Прывядзіце прыклады навуковых тэрмінаў з сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, што былі ўведзены ў папярэдніх параграфах.
Навуковае пазнанне патрабуе для свайго ажыццяўлення адмысловай падрыхтоўкі, у той час як звычнае пазнанне ажыццяўляецца ўсімі без выключэння (напрыклад, дзіця з першых дзён жыцця спасцігае знешні свет, вучыцца ўзаемадзейнічаць з навакольнымі прадметамі і г. д.). Адмысловая падрыхтоўка мае на ўвазе засваенне ўжо назапашаных у пэўнай галіне навукі ведаў, авалоданне прыёмамі і метадамі навуковага даследавання, мовай навукі.
Канчатковай мэтай навуковага пазнання з’яўляецца паляпшэнне жыцця чалавека на аснове ўкаранення ў практыку атрыманых навуковых ведаў, але веды пра свет каштоўныя і самі па сабе. Гэта каштоўнасць выражаецца ў пазнанні ісціны, пад якой разумеюць адпаведнасць ведаў пра свет самому свету. Паняцце ісціны адрозніваецца ад паняцця праўды, паколькі ісціна аб’ектыўная, а значыць, незалежная ад чалавека, у той час як праўда суб’ектыўная і залежыць ад таго, хто пра яе гаворыць, з-за чаго ў розных людзей можа быць свая праўда (сваё ўяўленне пра мастацкія вартасці таго ці іншага твора, свая ацэнка таго ці іншага чалавека і да т. п.).
Узроўні навуковага пазнання. У навуковым пазнанні вылучаюць два ўзроўні: эмпірычны (грэч. εμπειρία — вопыт) і тэарэтычны (грэч. θεωρία — разгляд, даследаванне).
Галоўным вынікам эмпірычнага пазнання выступае навуковы факт. Без масіву фактаў (эмпірычнай базы) немагчыма пачаць даследаванні. Разам з тым самі па сабе разрозненыя факты — без іх абагульнення і інтэрпрэтацыі — таксама не забяспечваюць атрымання навуковых ведаў.
На тэарэтычным узроўні навуковага пазнання ствараюцца тэорыі, якія не толькі апісваюць, але і тлумачаць з’явы і працэсы, што вывучаюцца. Тэорыі ўзнікаюць з гіпотэз — выказаных меркаванняў, якія павінны быць абгрунтаваны. Гэта абгрунтаванне адбываецца ў два этапы: спачатку правяраюць, ці няма ў выказанай гіпотэзе ўнутраных супярэчнасцей, затым высвятляюць, ці адпавядае выказанае меркаванне эмпірычным фактам, ісціне. Зразумела, з часам тэорыі могуць змяняць адна адну, паколькі пазнанне рухаецца наперад: з аднаго боку, чалавек пашырае сферу свайго пазнання, з другога боку, сама навука развіваецца, і з’яўленне новых метадаў і прыбораў удакладняе і пашырае існуючую сістэму ведаў.
Класіфікацыя навук. Навука падзяляецца на гуманітарную (прадметам вывучэння якой выступаюць чалавек і грамадства — ад лац. humanus — чалавечы, homo — чалавек) і прыродазнаўчую (засяроджаную на вывучэнні прыроды); кажуць таксама пра тэхнічныя навукі. Да гуманітарных навук належаць псіхалогія, культуралогія, гісторыя, сацыялогія, паліталогія і інш., да прыродазнаўчых — фізіка, хімія, біялогія, геаграфія і інш.; да тэхнічных навук адносяцца электратэхніка, інфарматыка і інш.
Гуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі ўключаюць у сябе мноства навуковых дысцыплін. Так, фізіка ўключае механіку, оптыку, квантавую фізіку і інш.; інфарматыка — тэорыю моў праграмавання, штучны інтэлект і інш.; філалогія — мовазнаўства і літаратуразнаўства, якія, у сваю чаргу, таксама распадаюцца на больш прыватныя навуковыя дысцыпліны (напрыклад, у мовазнаўстве ў залежнасці ад моў, што вывучаюцца, вылучаюць славістыку, цюркалогію, раманістыку і інш., а ў залежнасці ад ракурсу вывучэння мовы — марфалогію, дыялекталогію і інш.).
Навуковыя даследаванні падзяляюць на фундаментальныя, арыентаваныя на адкрыццё асноватворных законаў уладкавання свету, і прыкладныя, што маюць сваёй задачай вынаходства тэхналогій, якія могуць быць выкарыстаны ва ўсіх сферах чалавечага жыцця (у прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, транспарце, сувязі, культуры і г. д.) і прызначаны для паляпшэння жыцця чалавека (росту эфектыўнасці і экалагічнасці вытворчасці, павышэння бяспекі, камфорту жыцця і да т. п.). Прыкладная навука развіваецца на аснове адкрыццяў, зробленых навукай фундаментальнай, таму, каб заўтра атрымаць добры прыкладны эфект ад развіцця навукі, ужо сёння неабходна забяспечваць развіццё яе фундаментальных галін.
Навука як сацыяльны інстытут. Функцыянаванне сучаснай навукі — гэта складаны працэс, які мае на ўвазе яе прадуманую арганізацыю, планаванне навуковых даследаванняў і ўкараненне іх вынікаў, кіраванне навуковым працэсам і яго фінансаванне. Навука як сацыяльны інстытут — гэта разгалінаваная сістэма арганізацый, якія займаюцца навуковай дзейнасцю. Пры такім падыходзе ў навуцы вылучаюць два кампаненты: акадэмічную навуку і навуку ўніверсітэцкую.
Акадэмічная навука прадстаўлена навукова-даследчымі інстытутамі (НДІ) і, як правіла, кіруецца Акадэміяй навук, прычым кожны НДІ мае сваю спецыялізацыю. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі была адкрыта ў 1929 г. і з’яўляецца вядучай навуковай арганізацыяй нашай краіны. Менавіта яна ажыццяўляе арганізацыю і каардынацыю навуковых даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь.
Універсітэцкая навука развіваецца ў вышэйшых навучальных установах (ВНУ). Яна мае сваёй мэтай падрыхтоўку навуковых кадраў, якія будуць валодаць неабходнымі ведамі, кампетэнцыямі і навыкамі, каб працягнуць навуковы пошук.
У сучасных умовах гэты падзел з’яўляецца даволі ўмоўным, паколькі, з аднаго боку, кафедры і лабараторыі ўніверсітэтаў вядуць вялікую навукова-даследчую работу, з другога — пры Акадэміях навук нярэдка маюцца аспірантура і дактарантура, дзе рыхтуюцца навуковыя кадры вышэйшай кваліфікацыі — кандыдаты і дактары навук. Напрыклад, пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі функцыянуе спецыяльны Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі.
Паспяховае правядзенне навуковых даследаванняў і эфектыўнае ўкараненне ў жыццё атрыманых вынікаў надзвычай важныя для кожнай краіны, бо забяспечваюць прагрэс ва ўсіх галінах жыцця грамадства. Разам з тым развіццё навукі мае і агульначалавечую размернасць, паколькі навуковыя веды, якія дазваляюць спасцігнуць законы навакольнага свету — як прыроднага, так і сацыяльнага, з’яўляюцца набыткам усяго чалавецтва.
Вельмі важна, каб дасягненні навукі і тэхнікі не паварочваліся супраць самога чалавека. Пошук ісціны не можа ажыццяўляцца па-за сувяззю з маральнымі прынцыпамі і нормамі.
Альфрэд Нобель быў хімік, інжынер і вынаходнік. За сваё жыццё ён назапасіў значнае багацце, большая частка якога з’яўлялася даходам ад яго 355 вынаходстваў, сярод якіх самае вядомае — дынаміт.
У 1888 г., калі памёр брат Альфрэда Людвіг Нобель, у газетах памылкова з’явіўся некралог на смерць самога вынаходніка. Прачытаўшы яго назву — «Гандляр смерцю мёртвы», Альфрэд Нобель задумаўся над тым, якім яго будзе памятаць чалавецтва.
Амерыканскім сацыёлагам ХХ ст. Робертам Мертанам былі сфармуляваны чатыры базавыя прынцыпы, якімі павінны кіравацца вучоныя ў сваёй даследчай дзейнасці. Па-першае, ацэнка любой навуковай ідэі павінна вынікаць толькі з яе зместу, незалежна ад навуковага аўтарытэту і сацыяльнага статусу яе аўтара (прынцып універсалізму). Па-другое, вынікі навуковых даследаванняў павінны рабіцца агульным набыткам, без манапольнага валодання імі (прынцып агульнасці). Па-трэцяе, вучоны ў першую чаргу павінен імкнуцца да пошуку ісціны, вырашэння навуковай праблемы, а не атрымання асабістай карысці (прынцып бескарыслівасці). Па-чацвёртае, вучоныя павінны крытычна ставіцца да выказаных ідэй, у тым ліку і сваіх уласных, і падвяргаць іх крытычнаму абмеркаванню (прынцып арганізаванага скептыцызму).
З праблемай маральных асноў навукі шчыльна звязана праблема адказнасці вучонага перад грамадствам. Як паказаў досвед ХХ ст., развіццё новых тэхналогій у разнастайных галінах у шэрагу выпадкаў можа быць непрадказальнае. Сёння грамадства прыйшло да ўсведамлення таго, што тэхнічны прагрэс без гуманітарных каштоўнасцей можа прывесці да гібелі чалавецтва (напрыклад, выкарыстанне ядзернай энергіі з ваеннай мэтай павінна блакіравацца маральнымі і юрыдычнымі абмежаваннямі).
Абодва прадстаўленыя аб’екты з’явіліся ў 1958 г. Збудаванне Атаміум (якое адлюстроўвае фрагмент крышталічнай рашоткі жалеза) было ўзведзена ў г. Бруселі як сімвал атамнага веку і мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Дзіцячы помнік міру быў адкрыты ў г. Хірасіме. У яго верхняй частцы ўвекавечана дзяўчынка Садака Сасакі з жураўлікам-арыгамі ў руках.
З якімі гістарычнымі падзеямі звязана з’яўленне дадзеных аб’ектаў? Які сімвалічны сэнс мае выява жураўліка? Якім чынам дадзеныя аб’екты звязаны з праблемай адказнасці вучоных за свае даследаванні?
1. Ахарактарызуйце асаблівасці навуковага пазнання і яго прынцыповыя адрозненні ад пазнання звычнага.
2. Якім чынам выказванне старажытнагрэчаскага філосафа Арыстоцеля «Платон мне сябар, аднак ісціна даражэйшая» адлюстроўвае спецыфіку навуковага пазнання?
3. Прывядзіце прыклад прыкладных даследаванняў у галіне прыродазнаўчых навук.