§ 21. Філасофія

Філасофія ў сістэме культуры. Разам з філасофіяй у культуры існуюць і іншыя формы пазнання свету: міф, мастацтва, рэлігія і, вядома, навука.

Філасофія вырастае са старажытнай міфалогіі; у рамках міфаў таксама ўзнікалі своеасаблівыя карціны светабудовы — першыя ўяўленні пра свет і чалавека. Аднак філасофія адрозніваецца ад міфалогіі сваёй доказнасцю і дакладнасцю паняццяў. Філасофскія паняцці, у адрозненне ад слоў натуральнай мовы, характарызуюцца дакладна вызначаным зместам. За кожным паняццем стаіць зафіксаванае азначэнне, у той час як у гутарковай мове людзі могуць ужываць словы, абапіраючыся не на дакладна зададзенае лагічнае азначэнне, а на пачуццёвае ўяўленне.

Філасофія прынцыпова адрозніваецца ад мастацтва як формы пазнання тым, што будуе свае сістэмы светатлумачэння на рацыянальнай аснове: усе філасофскія развагі строга адпавядаюць логіцы, абапіраюцца на адкрыта абумоўленыя прынцыпы і выкарыстоўваюць тэрміны з дакладна акрэсленым зместам. У процілегласць гэтаму творы мастацтва прапануюць апісанне светаперажывання герояў, асноўныя ідэі аўтара могуць быць не выказаны адкрыта (але разумеюцца ў працэсе ўспрымання твора) і будуюцца на аснове мастацкіх вобразаў, якім уласціва шматзначнасць і якія выклікаюць у розных людзей розныя асацыяцыі.

Філасофія адрозніваецца ад рэлігіі, якая будуецца на дапушчэнні таго факта, што свет створаны і кіруецца звышнатуральнай і абсалютнай сілай (напрыклад, Богам або багамі). Такім чынам, рэлігія грунтуецца на веры, у той час як філасофія абапіраецца на рацыянальныя і лагічна абгрунтаваныя веды. Акрамя таго, філасофскае мысленне вылучаецца ўнутранай свабодай, бо не абмежавана прынятымі ў той ці іншай рэлігіі дагматамі веры (палажэннямі, непадлеглымі сумненню і крытыцы), зместам свяшчэнных тэкстаў, аўтарытэтам айцоў царквы. Разам з тым у філасофіі і рэлігіі ёсць і агульнае: у фокусе інтарэсу і адной, і другой — найбольш агульныя, гранічныя пытанні, на якія чалавек заўсёды шукае адказы: як уладкаваны сусвет, у чым сутнасць жыцця, што ёсць чалавек і для чаго ён прыходзіць у свет, да чаго павінен імкнуцца.

icon-persona
Да нашых дзён дайшла адзіная выява выдатнага беларускага мысліцеля XVI ст. Сымона Буднага. Чалавек, якога сёння мы шануем як аўтара філасофскіх трактатаў, гуманіста, асветніка і перакладчыка кніг Бібліі, адлюстраваны езуітамі на карыкатуры — у пекле, па шыю ў кіпучай смале.
icon-discussions
Якім чынам прыведзеная выява характарызуе рэлігійны і філасофскі светапогляд эпохі Адраджэння?

Што да філасофіі і навукі, то яны ў многім блізкія і падобныя між сабой. Філасофскія вучэнні могуць, з аднаго боку, абапірацца на навуковыя веды і абагульняць іх, з другога — прапаноўваць вучоным метадалогію вывучэння навакольнай прыроднай і сацыяльнай рэальнасці. Навука, як і філасофія, таксама выкарыстоўвае тэрміны з дакладна вызначаным зместам і таксама абапіраецца на рацыянальныя развагі і логіку, аднак філасофія і навука — розныя формы пазнання свету, і філасофскае пазнанне свету мае сваю спецыфіку.

img
icon-discussions

Пытанне, ці пазнавальны свет, у гнасеалогіі мае наступную фармулёўку: як адносяцца нашы ўяўленні пра навакольны свет да самога гэтага свету? Ці здольнае наша мысленне пазнаваць рэчаісны свет, ці можам мы ў нашых ўяўленнях і паняццях пра рэчаісны свет складаць правільныя адносіны да рэчаіснасці?

Якую ролю адыгрывае сумненне ў пазнанні?

Спецыфіка філасофіі заключаецца ў тым, што прадметам філасофскага інтарэсу з’яўляюцца так званыя адвечныя, ці фатальныя, пытанні, якія стаяць перад чалавецтвам заўсёды і патрабуюць новага адказу ў кожную новую эпоху. Так, калі фізіка ўстанавіла хуткасць распаўсюджання святла ў вакууме, то гэта можа лічыцца дасягнутым навукай веданнем. Зразумела, рэальнасць развіваецца і новыя яе формы патрабуюць новых пазнавальных намаганняў; развіваецца і сама навука, узнікаюць новыя прыборы і новыя метады пазнання, што таксама прыводзіць да ўдакладнення сфарміраванага на гэты момант масіву ведаў. Аднак гаворка ідзе тым не менш менавіта пра ўдакладненне і ўдасканаленне.

У адрозненне ад гэтага, напрыклад, пытанне, для чаго жыве чалавек (ці, па-іншаму, у чым сэнс жыцця), — гэта пытанне, якое зноў і зноў паўстае перад кожнай гістарычнай эпохай і перад кожнай індывідуальнай свядомасцю ва ўсёй вастрыні і навізне: яно актуальнае для любога чалавека і патрабуе канкрэтнага адказу, аднак гэты адказ не можа быць дадзены аднойчы і назаўсёды, бо залежыць і ад культуры той ці іншай эпохі, і ад асабістых якасцей кожнага чалавека (яго маральнай свядомасці, рэлігійных поглядаў, гісторыі яго жыцця і жыццёвага досведу і г. д.).

img

Філасофія абагульняе ў сваім змесце ўсе дасягненні ў галіне культуры чалавецтва таго ці іншага гістарычнага перыяду — яго навукі, рэлігіі, маралі, мастацкай, палітычнай і прававой традыцый, выступаючы квінтэсенцыяй культурных дасягненняў кожнай канкрэтнай гістарычнай эпохі, выяўляючы ў рацыянальнай форме тыя сэнсавыя і каштоўнасныя асновы, на якіх яна сфарміравана.