§ 21. Філасофія
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 21. Філасофія |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 05:43 |
Паняцце філасофіі і яе структура. Любая культура заснавана на светапоглядзе — уяўленнях пра свет, чалавека і яго месца ў ім. Людзі, як правіла, не задумваюцца пра паходжанне, сутнасць і межы функцыянавання гэтых уяўленняў. Але калі гэтыя межы даюць сябе адчуць, існуючыя ўяўленні пачынаюць адміраць. У працэсе ўзаемадзеяння культур выяўляецца розніца іх светапоглядных асноў, якія асэнсоўваюцца і пачынаюць усведамляцца. На базе гэтага асэнсавання ўзнікае асаблівы ўзровень развіцця культуры — філасофія.
Філасофія ўзнікае як першая спроба чалавека рацыянальна спазнаць свет і сваё месца ў ім. У VII–VI стст. да н. э. філасофія ўзнікае адначасова ў Старажытным Кітаі, Старажытнай Індыі, Старажытнай Грэцыі.
Даведайцеся і назавіце імёны мысліцеляў, філосафаў, якія жылі ў перыяд паміж 800 і 200 гг. да н. э. у Кітаі, Індыі, Грэцыі.
Што вам пра іх вядома? Ці гучаць гэтыя імёны сёння?
Філасофія (ст.-грэч. φιλοσοφία — любоў да мудрасці) — гэта форма тэарэтычнага мыслення, якая аперыруе абстрактнымі паняццямі і фарміруе сістэму ведаў пра найбольш агульныя і фундаментальныя характарыстыкі рэальнасці і спосабы яе пазнання чалавекам.
Выключна агульныя, фундаментальныя паняцці філасофіі называюцца катэгорыямі.
Паспрабуйце сваімі словамі даць азначэнні паняццям «час», «прастора», «рух», «матэрыя». Параўнайце іх з азначэннямі з філасофскага слоўніка.
Апішыце час па карціне Сальвадора Далі «Пастаянства памяці» і папулярным інтэрнэт-меме пра час.
У структуру філасофіі ўваходзяць такія раздзелы (філасофскія дысцыпліны), як анталогія (вучэнне пра быццё), гнасеалогія (вучэнне пра свядомасць), антрапалогія (вучэнне пра чалавека), сацыяльная філасофія, філасофія культуры, а таксама этыка (вучэнне пра мараль), эстэтыка (філасофія мастацтва, або вучэнне аб прыгожым), рэлігіязнаўства і інш.
Іншы раз у паўсядзённым ужытку, калі хочуць абазначыць выключна абагульненыя веды пра які-небудзь прадмет, кажуць пра філасофію мовы, філасофію кахання, філасофію музыкі і да т. п. Аднак у дакладным сэнсе гэтага слова філасофія мае на ўвазе форму пазнання свету ў выключна шырокім маштабе.
Гістарычная дынаміка філасофіі. Гісторыя філасофіі ўключае ў сябе мноства філасофскіх вучэнняў — самых розных, якія не супадаюць адно з адным ні па сваіх базавых прынцыпах, на якія яны абапіраюцца, ні па каштоўнасцях, на якія арыентуюцца. Гэтыя вучэнні разнастайныя і іншы раз не толькі несумесныя адно з адным, але і супрацьлеглыя па сваім змесце. Аднак у цэлым у гісторыі філасофіі прасочваюцца пэўныя заканамернасці. Па-першае, фарміраванне філасофскіх вучэнняў, школ і напрамкаў у многім залежыць ад агульнага ўзроўню развіцця грамадства, яго культурнай традыцыі; па-другое, філасофскія вучэнні змястоўна ўплываюць адно на адно.
Існуе некалькі інтэрпрэтацый (тлумачэнняў) вядомай карціны XVI ст. «Тры філосафы». Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца ўяўленне, што персанажы ўвасабляюць старажытнагрэчаскую філасофію (стары чалавек), арабскую філасофію (дарослы мужчына) і філасофію Адраджэння (юнак). Карціна нібы сімвалізуе перадачу ведаў старажытнагрэчэскай філасофіі праз арабскія пераклады італьянскаму Адраджэнню.
Іншыя інтэрпрэтацыі разглядаюць персанажаў у якасці трох стадый чалавечага жыцця (юнацтва, сталасць, старасць) або трох эпох еўрапейскай цывілізацыі (Антычнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне).
Перыядызацыя гісторыі філасофіі можа ажыццяўляцца па розных крытэрыях. Так, пры выкарыстанні гістарычнага крытэрыю кажуць пра філасофію Старажытнага Усходу, філасофію Антычнасці, сярэднявечную філасофію, філасофію Новага часу і Асветніцтва і г. д. — да самай сучаснай філасофіі.
Нярэдка да філасофіі прымяняюць і такія крытэрыі, як рэгіянальны (у гэтым выпадку кажуць, напрыклад, пра заходнееўрапейскую або лацінаамерыканскую філасофію) ці нацыянальны (пры такім падыходзе можна казаць пра беларускую філасофію, італьянскую, рускую, французскую і інш.).
Філасофія ў сістэме культуры. Разам з філасофіяй у культуры існуюць і іншыя формы пазнання свету: міф, мастацтва, рэлігія і, вядома, навука.
Філасофія вырастае са старажытнай міфалогіі; у рамках міфаў таксама ўзнікалі своеасаблівыя карціны светабудовы — першыя ўяўленні пра свет і чалавека. Аднак філасофія адрозніваецца ад міфалогіі сваёй доказнасцю і дакладнасцю паняццяў. Філасофскія паняцці, у адрозненне ад слоў натуральнай мовы, характарызуюцца дакладна вызначаным зместам. За кожным паняццем стаіць зафіксаванае азначэнне, у той час як у гутарковай мове людзі могуць ужываць словы, абапіраючыся не на дакладна зададзенае лагічнае азначэнне, а на пачуццёвае ўяўленне.
Філасофія прынцыпова адрозніваецца ад мастацтва як формы пазнання тым, што будуе свае сістэмы светатлумачэння на рацыянальнай аснове: усе філасофскія развагі строга адпавядаюць логіцы, абапіраюцца на адкрыта абумоўленыя прынцыпы і выкарыстоўваюць тэрміны з дакладна акрэсленым зместам. У процілегласць гэтаму творы мастацтва прапануюць апісанне светаперажывання герояў, асноўныя ідэі аўтара могуць быць не выказаны адкрыта (але разумеюцца ў працэсе ўспрымання твора) і будуюцца на аснове мастацкіх вобразаў, якім уласціва шматзначнасць і якія выклікаюць у розных людзей розныя асацыяцыі.
Філасофія адрозніваецца ад рэлігіі, якая будуецца на дапушчэнні таго факта, што свет створаны і кіруецца звышнатуральнай і абсалютнай сілай (напрыклад, Богам або багамі). Такім чынам, рэлігія грунтуецца на веры, у той час як філасофія абапіраецца на рацыянальныя і лагічна абгрунтаваныя веды. Акрамя таго, філасофскае мысленне вылучаецца ўнутранай свабодай, бо не абмежавана прынятымі ў той ці іншай рэлігіі дагматамі веры (палажэннямі, непадлеглымі сумненню і крытыцы), зместам свяшчэнных тэкстаў, аўтарытэтам айцоў царквы. Разам з тым у філасофіі і рэлігіі ёсць і агульнае: у фокусе інтарэсу і адной, і другой — найбольш агульныя, гранічныя пытанні, на якія чалавек заўсёды шукае адказы: як уладкаваны сусвет, у чым сутнасць жыцця, што ёсць чалавек і для чаго ён прыходзіць у свет, да чаго павінен імкнуцца.
Што да філасофіі і навукі, то яны ў многім блізкія і падобныя між сабой. Філасофскія вучэнні могуць, з аднаго боку, абапірацца на навуковыя веды і абагульняць іх, з другога — прапаноўваць вучоным метадалогію вывучэння навакольнай прыроднай і сацыяльнай рэальнасці. Навука, як і філасофія, таксама выкарыстоўвае тэрміны з дакладна вызначаным зместам і таксама абапіраецца на рацыянальныя развагі і логіку, аднак філасофія і навука — розныя формы пазнання свету, і філасофскае пазнанне свету мае сваю спецыфіку.
Пытанне, ці пазнавальны свет, у гнасеалогіі мае наступную фармулёўку: як адносяцца нашы ўяўленні пра навакольны свет да самога гэтага свету? Ці здольнае наша мысленне пазнаваць рэчаісны свет, ці можам мы ў нашых ўяўленнях і паняццях пра рэчаісны свет складаць правільныя адносіны да рэчаіснасці?
Якую ролю адыгрывае сумненне ў пазнанні?
Спецыфіка філасофіі заключаецца ў тым, што прадметам філасофскага інтарэсу з’яўляюцца так званыя адвечныя, ці фатальныя, пытанні, якія стаяць перад чалавецтвам заўсёды і патрабуюць новага адказу ў кожную новую эпоху. Так, калі фізіка ўстанавіла хуткасць распаўсюджання святла ў вакууме, то гэта можа лічыцца дасягнутым навукай веданнем. Зразумела, рэальнасць развіваецца і новыя яе формы патрабуюць новых пазнавальных намаганняў; развіваецца і сама навука, узнікаюць новыя прыборы і новыя метады пазнання, што таксама прыводзіць да ўдакладнення сфарміраванага на гэты момант масіву ведаў. Аднак гаворка ідзе тым не менш менавіта пра ўдакладненне і ўдасканаленне.
У адрозненне ад гэтага, напрыклад, пытанне, для чаго жыве чалавек (ці, па-іншаму, у чым сэнс жыцця), — гэта пытанне, якое зноў і зноў паўстае перад кожнай гістарычнай эпохай і перад кожнай індывідуальнай свядомасцю ва ўсёй вастрыні і навізне: яно актуальнае для любога чалавека і патрабуе канкрэтнага адказу, аднак гэты адказ не можа быць дадзены аднойчы і назаўсёды, бо залежыць і ад культуры той ці іншай эпохі, і ад асабістых якасцей кожнага чалавека (яго маральнай свядомасці, рэлігійных поглядаў, гісторыі яго жыцця і жыццёвага досведу і г. д.).
Філасофія абагульняе ў сваім змесце ўсе дасягненні ў галіне культуры чалавецтва таго ці іншага гістарычнага перыяду — яго навукі, рэлігіі, маралі, мастацкай, палітычнай і прававой традыцый, выступаючы квінтэсенцыяй культурных дасягненняў кожнай канкрэтнай гістарычнай эпохі, выяўляючы ў рацыянальнай форме тыя сэнсавыя і каштоўнасныя асновы, на якіх яна сфарміравана.
1. Назавіце асноўныя адрозненні філасофскага светапогляду ад звычнага, ахарактарызуйце спецыфіку філасофіі ў параўнанні з іншымі формамі пазнання свету — мастацтвам, рэлігіяй, навукай.
2. Вызначце, які падыход да пазнання (эмпірызм ці рацыяналізм) можа быць праілюстраваны з дапамогай цытаты:
● «Думаю, значыць, існую» (Рэне Дэкарт);
● «Эксперымент — гэта катаванне прыроды з мэтай выпытаць яе тайны» (Фрэнсіс Бэкан).
3. Ці можна разлічваць на тое, што ўсе філосафы выпрацуюць адзіную светапоглядную пазіцыю? Абгрунтуйце сваю думку.