§ 20. Рэлігія

Сацыяльная дынаміка рэлігіі. Існаванне рэлігіі на працягу тысячагоддзяў характарызавалася альбо павелічэннем, альбо памяншэннем яе ролі ў грамадстве.

Вялікія вучоныя мінулага і сучаснасці бачылі вытокі рэлігіі ў многіх прычынах: бяссіллі чалавека перад прыродай, страху смерці, наіўнасці і неадукаванасці старажытных людзей, злосным намеры і падмане з боку аўтараў рэлігійных вучэнняў, дэфіцыце інфармацыі пра гэты свет і з’явы, што адбываюцца ў ім, сацыяльных умовах, якія спараджаюць аддаленне і несправядлівасць і інш.

img

У аснову карціны нідэрландскага мастака Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонская вежа» (1563) пакладзены сюжэт са Старога запавету, згодна з якім людзі вырашылі пабудаваць вежу да нябёсаў. Аднак Бог, каб уціхамірыць іх ганарлівасць, стварыў новыя мовы, у выніку чаго людзі перасталі разумець адзін аднаго, не маглі працягваць будаўніцтва і рассеяліся па ўсёй зямлі. Такім чынам, гісторыя пра Вавілонскую вежу дае рэлігійнае разуменне з’яўлення розных моў.

icon-discussions
Для якіх гістарычных перыядаў у найбольшай ступені было характэрна ўзмацненне ролі рэлігіі ў грамадскім жыцці?

Рост уплыву рэлігіі змяняецца працэсам страты рэлігіяй сваіх пазіцый у грамадстве. Да прычын зніжэння ролі рэлігіі вучоныя адносяць развіццё навукі, з’яўленне свецкіх палітычных рэжымаў (адасабленне царквы ад дзяржавы, наданне роўных правоў вернікам і атэістам), урбанізацыю і гарадскі лад жыцця, мадэрнізацыю як асучасванне рэлігіі праз яе спрашчэнне, кампраміс са свецкай культурай, камерцыялізацыю рэлігійных свят і страту іх сакральнага сэнсу.

img
icon-discussions
Рост уплыву рэлігіі абавязкова прыводзіць да ўзнікнення тэакратычнай дзяржавы або можа выяўляцца і ў свецкай дзяржаве? Ці азначае станаўленне свецкай дзяржавы поўную страту рэлігіяй сваіх пазіцый?

Нягледзячы на працэс страты рэлігіяй сваіх пазіцый, які ахапіў з XIV–XV стст. Еўропу і пэўную частку іншых рэгіёнаў, рэлігія застаецца ў сучасным свеце значнай культурнай і сацыяльнай з’явай: большая частка насельніцтва нашай планеты лічыць сябе веруючымі людзьмі (амаль 6/7 насельніцтва Зямлі) і адносіць сябе да адной з існуючых рэлігій. Найбольшая колькасць прыхільнікаў у такіх рэлігій, як хрысціянства (больш за 2 млрд), іслам (больш за 1,5 млрд), індуізм і канфуцыянства (па 1 млрд), будызм (каля 0,5 млрд).

Сусветнымі рэлігіямі, што зрабілі найбольшы ўплыў на развіццё чалавецтва, прызнаюцца будызм, хрысціянства і іслам. Іх характэрнымі рысамі з’яўляюцца: касмапалітызм (ад грэч. κοσμοπολίτης — грамадзянін свету), які ставіць адзінства веры вышэй за палітычнае або нацыянальнае адзінства; эгалітарнасць — роўнасць вернікаў перад Богам незалежна ад іх колеру скуры, нацыянальнасці, сацыяльнага становішча; абяцанне веруючаму чалавеку справядлівых адносін да яго на тым свеце ў залежнасці ад яго набожнасці ў зямным жыцці.

img
icon-remember
На аснове гістарычных ведаў і дадатковых крыніц інфармацыі растлумачце асноўныя паняцці, звязаныя з сусветнымі рэлігіямі. Якія з прыведзеных паняццяў з’яўляюцца назвамі канфесій? Падрыхтуйце паведамленне пра адну з сусветных рэлігій.

Сучасныя рэлігійныя арганізацыі і рэлігійныя дзеячы выступаюць важнымі і актыўнымі суб’ектамі сацыяльных адносін у разнастайных сферах жыцця грамадства. Рэлігія працягвае адыгрываць пэўную ролю ў арганізацыі і ажыццяўленні культурнага, палітычнага, эканамічнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі і народамі. Разам з тым, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, «кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду змяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так і сумесна з іншымі, публічным ці прыватным парадкам у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў». Такім чынам, свабода сумлення мае на ўвазе самастойнасць чалавека ў выбары, верыць яму ў Бога ці адмаўляць рэлігійную веру. Свабода сумлення ўключае свабоду веравызнання, права быць прыхільнікам якой-небудзь рэлігіі, выбіраць або змяняць сваю веру. Важнае значэнне ў сучасным свеце мае верацярпімасць — прызнанне за кожным грамадзянінам права вызнаваць любую рэлігію, а значыць, паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.

icon-discussions
З курса гісторыі вам вядома, што адной з праяў міжканфесійных супярэчнасцей з’яўляюцца рэлігійныя войны. Прывядзіце прыклады, да якіх трагічных наступстваў яны прыводзілі. Якія меры могуць папярэдзіць небяспеку ўзнікнення ўзброеных сутыкненняў на аснове міжканфесійнай варожасці?

Разам з тым не знікаюць факты рэлігійных і рэлігійна-палітычных канфліктаў, якія дэстабілізуюць цэлыя рэгіёны нашай планеты, што сведчыць не толькі пра пазітыўны патэнцыял сучасных рэлігій, але і пра іх дэструктыўныя магчымасці. Наша цывілізацыя павінна працягнуць пераадоленне негатыўных бакоў функцыянавання рэлігіі ў грамадстве: рэлігійнага фанатызму, нецярпімасці — у апоры на гуманістычны сэнс рэлігійных вучэнняў.