§ 20. Рэлігія
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | § 20. Рэлігія |
Printed by: | Guest user |
Date: | Thursday, 12 September 2024, 4:14 PM |
Сутнасць рэлігіі, яе функцыі. Рэлігійны светапогляд суправаджае развіццё чалавецтва на працягу многіх тысячагоддзяў.
Найбольш раннімі формамі рэлігійных вераванняў з’яўляліся:
● фетышызм (вера ў звышнатуральную сілу матэрыяльных прадметаў);
● анімізм (вера ў існаванне душы і духаў);
● татэмізм (уяўленне пра звышнатуральную сувязь паміж групай людзей і пэўным відам жывёл, раслін);
● магія (вера ў звышнатуральныя сувязі паміж прыроднымі аб’ектамі і з’явамі).
Асноўнымі прыметамі рэлігійнага светапогляду з’яўляюцца дзве: уяўленне пра падваенне свету і вера ў гэта. Свядомасць верніка бачыць рэальнасць падзеленай на два светы: звычны і свяшчэнны. Ён верыць у свяшчэнны свет. Гэтая вера спараджае веданне, якое не патрабуе доказаў і выступае як Ісціна (ведаю, бо веру).
Увесь комплекс з’яў, народжаных рэлігійным светапоглядам, абазначаецца паняццем «рэлігія». Рэлігія — гэта сістэма вераванняў у звышнатуральнае і звязаныя з ёй асаблівыя, спецыфічныя паводзіны (культ). Можна вызначыць рэлігію і як сувязь чалавека з Вышэйшай сілай, Абсалютам: адзін з варыянтаў этымалогіі слова «рэлігія» гучыць як «аднаўленне сувязі». Асобныя напрамкі ў рамках адной рэлігіі, асаблівасці веравызнання ў межах пэўнага рэлігійнага вучэння называюцца канфесіямі (лац. confessio — спавяданне).
Пантэон — «храм усіх багоў», пабудаваны ў Рыме ў 126 г. Таксама паняццем «пантэон» вызначаецца група багоў, што належаць да якой-небудзь адной рэлігіі ці міфалогіі.
Вызначце, да якіх відаў рэлігіі можа прымяняцца паняцце «пантэон». Прывядзіце гістарычныя прыклады рэлігій з пантэонам багоў.
Графіці на вул. Рабкораўскай, 13 у Мінску называецца «Ярыла». Якім чынам гэтая назва звязана з рэлігіяй? Ці можна лічыць дадзены твор стрыт-арту праявай рэлігійнасці?
Рэлігія — адзін з найбольш складаных і неадназначных феноменаў культуры: ён спарадзіў даўнюю і бясконцую дыскусію як аб прыродзе рэлігіі, прычынах яе паходжання, так і аб яе дарэчнасці ў жыцці чалавека разумнага. Але як ні вырашаліся б гэтыя пытанні прыхільнікамі і праціўнікамі рэлігіі, абодва бакі згодныя, што яна адыгрывае значную ролю ў гісторыі чалавецтва, паколькі выконвае цэлы шэраг важных сацыяльных функцый.
Структурныя элементы рэлігіі. Выкананне адзначаных функцый патрабавала ад рэлігіі фарміравання адпаведнай структуры, у рамках якой вылучаюцца:
• рэлігійная свядомасць як адлюстраванне ў свядомасці верніка навакольнага свету праз веру. Гэты структурны элемент рэлігіі ўтрымлівае сукупнасць уяўленняў, ідэй, перакананняў і каштоўнасцей верніка. Рэлігійная свядомасць функцыянуе на двух узроўнях: царкоўнай ідэалогіі (афіцыйнае і сістэматызаванае веравучэнне) і рэлігійнай псіхалогіі (суб’ектыўныя перажыванні верніка, успрыманне рэлігіі масай вернікаў, народныя рэлігійныя прыметы, міфы, паданні);
• рэлігійныя паводзіны як сукупнасць дзеянняў, якія вызначаюцца верай чалавека. Рэлігійныя паводзіны бываюць двух відаў: культавыя (свяшчэннадзейства, накіраванае на аб’ект веры, — малітва, богаслужэнне, ахвярапрынашэнне і да т. п.) і пазакультавыя (штодзённыя паводзіны ў адпаведнасці з рэлігійнымі запаведзямі — праведны лад жыцця);
• рэлігійная арганізацыя — формы і механізмы функцыянавання рэлігіі: група вернікаў, культавыя пабудовы, вучэбныя ўстановы і да т. п.
На прыкладзе хрысціянства вылучаюць чатыры віды рэлігійных арганізацый.
• Царква — складаная іерархізаваная і цэнтралізаваная сістэма ўзаемадзеяння святароў і свецкіх людзей, якая заснавана на сімвале веры, лаяльнасці да дзяржавы і свецкай культуры.
• Дэнамінацыя (веравучэнне) — рэлігійная арганізацыя, накіраваная на прыцягненне новых удзельнікаў шляхам прапаганды і актыўнай рэлігійна-грамадскай дзейнасці (прапаведніцтва, лячэнне, дабрачыннасць).
• Секта — рэлігійная арганізацыя, якая адмаўляе каштоўнасці агульнай культуры (рэлігійная контркультура) і з’яўляецца, як правіла, у выніку адыходу групы вернікаў ад царквы ці дэнамінацыі.
• Культ — рэлігійная арганізацыя або група, заснаваная на містычным ці псіхічным рэлігійным вопыце яе ўдзельнікаў. Узнікае культ як рэлігійная навацыя, мала падобная на папярэднія веравучэнні. Спецыфіка культу: малая колькасць удзельнікаў, агрэсіўныя метады прыцягнення і ўтрымання членаў, харызматычная аснова (апора на аўтарытэт настаўніка), ярка выражаная прэтэнзія на выключнасць, містыцызм, часта варожыя адносіны да свецкай культуры і дзяржавы.
Для дакладнага вызначэння статусу рэлігійнай арганізацыі неабходна ўлічваць традыцыйныя рэлігіі краіны, на тэрыторыі якой яна дзейнічае.
Культы, а часткова секты і дэнамінацыі складаюць арганізацыйную форму так званай новай рэлігійнасці — веравучэнняў, якія з’явіліся ў сярэдзіне і другой палове ХХ ст. Некаторыя з гэтых вучэнняў носяць аўтарытарны і дэструктыўны характар, пагражаюць псіхічнаму здароўю асобы, накіраваны на ізаляцыю сваіх членаў і разбурэнне традыцыйных сацыяльных сувязей у грамадстве.
Сацыяльная дынаміка рэлігіі. Існаванне рэлігіі на працягу тысячагоддзяў характарызавалася альбо павелічэннем, альбо памяншэннем яе ролі ў грамадстве.
Вялікія вучоныя мінулага і сучаснасці бачылі вытокі рэлігіі ў многіх прычынах: бяссіллі чалавека перад прыродай, страху смерці, наіўнасці і неадукаванасці старажытных людзей, злосным намеры і падмане з боку аўтараў рэлігійных вучэнняў, дэфіцыце інфармацыі пра гэты свет і з’явы, што адбываюцца ў ім, сацыяльных умовах, якія спараджаюць аддаленне і несправядлівасць і інш.
У аснову карціны нідэрландскага мастака Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонская вежа» (1563) пакладзены сюжэт са Старога запавету, згодна з якім людзі вырашылі пабудаваць вежу да нябёсаў. Аднак Бог, каб уціхамірыць іх ганарлівасць, стварыў новыя мовы, у выніку чаго людзі перасталі разумець адзін аднаго, не маглі працягваць будаўніцтва і рассеяліся па ўсёй зямлі. Такім чынам, гісторыя пра Вавілонскую вежу дае рэлігійнае разуменне з’яўлення розных моў.
Рост уплыву рэлігіі змяняецца працэсам страты рэлігіяй сваіх пазіцый у грамадстве. Да прычын зніжэння ролі рэлігіі вучоныя адносяць развіццё навукі, з’яўленне свецкіх палітычных рэжымаў (адасабленне царквы ад дзяржавы, наданне роўных правоў вернікам і атэістам), урбанізацыю і гарадскі лад жыцця, мадэрнізацыю як асучасванне рэлігіі праз яе спрашчэнне, кампраміс са свецкай культурай, камерцыялізацыю рэлігійных свят і страту іх сакральнага сэнсу.
Нягледзячы на працэс страты рэлігіяй сваіх пазіцый, які ахапіў з XIV–XV стст. Еўропу і пэўную частку іншых рэгіёнаў, рэлігія застаецца ў сучасным свеце значнай культурнай і сацыяльнай з’явай: большая частка насельніцтва нашай планеты лічыць сябе веруючымі людзьмі (амаль 6/7 насельніцтва Зямлі) і адносіць сябе да адной з існуючых рэлігій. Найбольшая колькасць прыхільнікаў у такіх рэлігій, як хрысціянства (больш за 2 млрд), іслам (больш за 1,5 млрд), індуізм і канфуцыянства (па 1 млрд), будызм (каля 0,5 млрд).
Сусветнымі рэлігіямі, што зрабілі найбольшы ўплыў на развіццё чалавецтва, прызнаюцца будызм, хрысціянства і іслам. Іх характэрнымі рысамі з’яўляюцца: касмапалітызм (ад грэч. κοσμοπολίτης — грамадзянін свету), які ставіць адзінства веры вышэй за палітычнае або нацыянальнае адзінства; эгалітарнасць — роўнасць вернікаў перад Богам незалежна ад іх колеру скуры, нацыянальнасці, сацыяльнага становішча; абяцанне веруючаму чалавеку справядлівых адносін да яго на тым свеце ў залежнасці ад яго набожнасці ў зямным жыцці.
Сучасныя рэлігійныя арганізацыі і рэлігійныя дзеячы выступаюць важнымі і актыўнымі суб’ектамі сацыяльных адносін у разнастайных сферах жыцця грамадства. Рэлігія працягвае адыгрываць пэўную ролю ў арганізацыі і ажыццяўленні культурнага, палітычнага, эканамічнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі і народамі. Разам з тым, згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, «кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду змяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду вызнаваць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так і сумесна з іншымі, публічным ці прыватным парадкам у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў». Такім чынам, свабода сумлення мае на ўвазе самастойнасць чалавека ў выбары, верыць яму ў Бога ці адмаўляць рэлігійную веру. Свабода сумлення ўключае свабоду веравызнання, права быць прыхільнікам якой-небудзь рэлігіі, выбіраць або змяняць сваю веру. Важнае значэнне ў сучасным свеце мае верацярпімасць — прызнанне за кожным грамадзянінам права вызнаваць любую рэлігію, а значыць, паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.
Разам з тым не знікаюць факты рэлігійных і рэлігійна-палітычных канфліктаў, якія дэстабілізуюць цэлыя рэгіёны нашай планеты, што сведчыць не толькі пра пазітыўны патэнцыял сучасных рэлігій, але і пра іх дэструктыўныя магчымасці. Наша цывілізацыя павінна працягнуць пераадоленне негатыўных бакоў функцыянавання рэлігіі ў грамадстве: рэлігійнага фанатызму, нецярпімасці — у апоры на гуманістычны сэнс рэлігійных вучэнняў.