§ 20. Рэлігія
Структурныя элементы рэлігіі. Выкананне адзначаных функцый патрабавала ад рэлігіі фарміравання адпаведнай структуры, у рамках якой вылучаюцца:
• рэлігійная свядомасць як адлюстраванне ў свядомасці верніка навакольнага свету праз веру. Гэты структурны элемент рэлігіі ўтрымлівае сукупнасць уяўленняў, ідэй, перакананняў і каштоўнасцей верніка. Рэлігійная свядомасць функцыянуе на двух узроўнях: царкоўнай ідэалогіі (афіцыйнае і сістэматызаванае веравучэнне) і рэлігійнай псіхалогіі (суб’ектыўныя перажыванні верніка, успрыманне рэлігіі масай вернікаў, народныя рэлігійныя прыметы, міфы, паданні);
• рэлігійныя паводзіны як сукупнасць дзеянняў, якія вызначаюцца верай чалавека. Рэлігійныя паводзіны бываюць двух відаў: культавыя (свяшчэннадзейства, накіраванае на аб’ект веры, — малітва, богаслужэнне, ахвярапрынашэнне і да т. п.) і пазакультавыя (штодзённыя паводзіны ў адпаведнасці з рэлігійнымі запаведзямі — праведны лад жыцця);
• рэлігійная арганізацыя — формы і механізмы функцыянавання рэлігіі: група вернікаў, культавыя пабудовы, вучэбныя ўстановы і да т. п.
На прыкладзе хрысціянства вылучаюць чатыры віды рэлігійных арганізацый.
• Царква — складаная іерархізаваная і цэнтралізаваная сістэма ўзаемадзеяння святароў і свецкіх людзей, якая заснавана на сімвале веры, лаяльнасці да дзяржавы і свецкай культуры.
• Дэнамінацыя (веравучэнне) — рэлігійная арганізацыя, накіраваная на прыцягненне новых удзельнікаў шляхам прапаганды і актыўнай рэлігійна-грамадскай дзейнасці (прапаведніцтва, лячэнне, дабрачыннасць).
• Секта — рэлігійная арганізацыя, якая адмаўляе каштоўнасці агульнай культуры (рэлігійная контркультура) і з’яўляецца, як правіла, у выніку адыходу групы вернікаў ад царквы ці дэнамінацыі.
• Культ — рэлігійная арганізацыя або група, заснаваная на містычным ці псіхічным рэлігійным вопыце яе ўдзельнікаў. Узнікае культ як рэлігійная навацыя, мала падобная на папярэднія веравучэнні. Спецыфіка культу: малая колькасць удзельнікаў, агрэсіўныя метады прыцягнення і ўтрымання членаў, харызматычная аснова (апора на аўтарытэт настаўніка), ярка выражаная прэтэнзія на выключнасць, містыцызм, часта варожыя адносіны да свецкай культуры і дзяржавы.
Для дакладнага вызначэння статусу рэлігійнай арганізацыі неабходна ўлічваць традыцыйныя рэлігіі краіны, на тэрыторыі якой яна дзейнічае.
Культы, а часткова секты і дэнамінацыі складаюць арганізацыйную форму так званай новай рэлігійнасці — веравучэнняў, якія з’явіліся ў сярэдзіне і другой палове ХХ ст. Некаторыя з гэтых вучэнняў носяць аўтарытарны і дэструктыўны характар, пагражаюць псіхічнаму здароўю асобы, накіраваны на ізаляцыю сваіх членаў і разбурэнне традыцыйных сацыяльных сувязей у грамадстве.