§ 20. Рэлігія
Сутнасць рэлігіі, яе функцыі. Рэлігійны светапогляд суправаджае развіццё чалавецтва на працягу многіх тысячагоддзяў.
Найбольш раннімі формамі рэлігійных вераванняў з’яўляліся:
● фетышызм (вера ў звышнатуральную сілу матэрыяльных прадметаў);
● анімізм (вера ў існаванне душы і духаў);
● татэмізм (уяўленне пра звышнатуральную сувязь паміж групай людзей і пэўным відам жывёл, раслін);
● магія (вера ў звышнатуральныя сувязі паміж прыроднымі аб’ектамі і з’явамі).
Асноўнымі прыметамі рэлігійнага светапогляду з’яўляюцца дзве: уяўленне пра падваенне свету і вера ў гэта. Свядомасць верніка бачыць рэальнасць падзеленай на два светы: звычны і свяшчэнны. Ён верыць у свяшчэнны свет. Гэтая вера спараджае веданне, якое не патрабуе доказаў і выступае як Ісціна (ведаю, бо веру).
Увесь комплекс з’яў, народжаных рэлігійным светапоглядам, абазначаецца паняццем «рэлігія». Рэлігія — гэта сістэма вераванняў у звышнатуральнае і звязаныя з ёй асаблівыя, спецыфічныя паводзіны (культ). Можна вызначыць рэлігію і як сувязь чалавека з Вышэйшай сілай, Абсалютам: адзін з варыянтаў этымалогіі слова «рэлігія» гучыць як «аднаўленне сувязі». Асобныя напрамкі ў рамках адной рэлігіі, асаблівасці веравызнання ў межах пэўнага рэлігійнага вучэння называюцца канфесіямі (лац. confessio — спавяданне).
Пантэон — «храм усіх багоў», пабудаваны ў Рыме ў 126 г. Таксама паняццем «пантэон» вызначаецца група багоў, што належаць да якой-небудзь адной рэлігіі ці міфалогіі.
Вызначце, да якіх відаў рэлігіі можа прымяняцца паняцце «пантэон». Прывядзіце гістарычныя прыклады рэлігій з пантэонам багоў.
Графіці на вул. Рабкораўскай, 13 у Мінску называецца «Ярыла». Якім чынам гэтая назва звязана з рэлігіяй? Ці можна лічыць дадзены твор стрыт-арту праявай рэлігійнасці?
Рэлігія — адзін з найбольш складаных і неадназначных феноменаў культуры: ён спарадзіў даўнюю і бясконцую дыскусію як аб прыродзе рэлігіі, прычынах яе паходжання, так і аб яе дарэчнасці ў жыцці чалавека разумнага. Але як ні вырашаліся б гэтыя пытанні прыхільнікамі і праціўнікамі рэлігіі, абодва бакі згодныя, што яна адыгрывае значную ролю ў гісторыі чалавецтва, паколькі выконвае цэлы шэраг важных сацыяльных функцый.