*§ 19-1. Мараль

Этычныя традыцыі. На працягу гісторыі этыка сфарміравала цэлы шэраг асноўных этычных традыцый.

Эўдэманізм

Вучэнне, што прызнае крытэрыем маральнасці і асновай паводзінаў чалавека яго імкненне да дасягнення шчасця, якое разумеецца прыхільнікамі як сапраўднае прыназначэнне чалавека. Па словах Арыстоцеля, шчасце «мы заўсёды выбіраем дзеля яго самога і ніколі дзеля чагосьці іншага».

Прадстаўнікамі дадзенага напрамку з’яўляюцца такія вядомыя філосафы, як Эпікур, Арыстоцель, Дзідро, Вальтэр, Феербах.

Эўдэманізм пераклікаецца з іншай этычнай канцэпцыяй — геданізмам, паводле якога «жыццё ёсць асалода», але ў адрозненне ад геданізму ў эўдэманізме шчасце не звязана з вялікімі пачуццёвымі асалодамі, шчасце ёсць умеранасць у цялесных асалодах.

Асноўны сэнс трактата Людвіга Феербаха «Эўдэманізм» заключаецца ў тым, што ў аснове ўсіх без выключэння ўчынкаў і дзеянняў чалавека (і наогул усяго жывога) ляжыць адно пабуджэнне — імкненне да шчасця (эўдэманізм), якое прызнаецца рухаючай сілай грамадскага развіцця.

Адным з крытыкаў эўдэманізму ў этыцы быў Імануіл Кант, які меркаваў, што матывам па-сапраўднаму маральнага ўчынку можа быць толькі абавязак, а не імкненне да шчасця

Геданізм

Вучэнне, згодна з якім задавальненне з’яўляецца найвышэйшай дабротай і сэнсам жыцця. Заснавальнікам геданізму лічыцца старажытнагрэчаскі філосаф Арысціп (435–355 гг. да н. э.), сучаснік Сакрата. Арысціп вылучае два станы душы чалавека: задавальненне як мяккі, пяшчотны рух душы і боль як грубы, парывісты рух душы. Пры гэтым не робіцца адрознення паміж відамі задавальнення, кожнае з якіх у сваёй сутнасці якасна падобна на іншае. Шлях да шчасця, на думку Арысціпа, ляжыць у дасягненні максімальнага задавальнення і пазбяганні пры гэтым болю. Сэнс жыцця, паволе Арысціпа, заключаецца менавіта ў атрыманні фізічнага задавальнення.

Вылучаюць псіхалагічны і этычны геданізм. Першы адлюстроўвае імкненні людзей павялічыць уласныя радасці. Другі з’яўляецца тэорыяй пра тое, што чалавек павінен імкнуцца да задавальнення — уласнага (геданічны эгаізм) ці ўсеагульнага (універсальны геданізм, або ўтылітарызм)

Утылітарызм Напрамак у этыцы, згодна з якім маральная каштоўнасць паводзінаў ці ўчынку вызначаецца яго карыснасцю. Пад карыснасцю ўчынку маецца на ўвазе інтэгральнае задавальненне або шчасце, атрыманае ўсімі закранутымі бакамі за час дзеяння наступстваў учынку. Вучэнне сфарміравалася на базе геданізму і эўдэманізму. Утылітарызм сцвярджае, што кожны чалавек павінен імкнуцца рабіць так, каб максімізаваць задавальненне/шчасце ўсіх істот, якія здольны яго адчуваць. Першае сістэматычнае афармленне менавіта як маральнай сістэмы ўтылітарызм атрымаў у працах Іерэміі Бентама. Згодна з фармулёўкай Бентама, маральна тое, што «прыносіць найбольшае шчасце найбольшай колькасці людзей»
Рыгарызм Рыгарызм з’яўляецца істотнай рысай этыкі Імануіла Канта. Паводле Канта, крытэрыем маральнасці можа быць толькі абавязак. Маральнымі прызнаюцца толькі тыя ўчынкі, якія здзейснены па абавязку. Калі ўчынак не супярэчыць патрабаванням абавязку ці нават адпавядае ім, але здзяйсняецца з іншых нагод (напрыклад, у адпаведнасці са схільнасцю), то ён не з’яўляецца маральным
icon-discussions
Якім чынам звязаны паміж сабой: геданізм і эгаізм, геданізм і эўдэманізм, геданізм і ўтылітарызм?