*§ 19-1. Мараль

Маральная дылема. Маральная дылема — гэта сітуацыя выбару, у якой хто-небудзь пастаўлены перад неабходнасцю маральнага выбару паміж двума магчымасцямі, аднак выбар любой з іх звязаны з парушэннем тых або іншых маральных прадпісанняў. Дыскусіі пра тое, ці магчыма цалкам выконваць патрабаванні маралі і не здзяйсняць дзеянняў, якія супярэчаць гэтым нормам, працягваюцца шмат стагоддзяў.

У 1967 г. англійскім філосафам Філіпай Фут быў сфармуляваны ўяўны эксперымент у этыцы, які атрымаў назву «праблема ваганеткі» (англ. Trolley problem). Спачатку ён быў сфармуляваны наступным чынам: «Цяжкая ваганетка, страціўшы кіраванне, імчыць па рэйках. На яе шляху знаходзяцца пяць чалавек, прывязаныя да рэек. На шчасце, вы можаце пераключыць стрэлку — і тады ваганетка паедзе па запасным пуці. Аднак на запасным пуці знаходзіцца адзін чалавек, таксама прывязаны да рэек. Якія будуць вашы дзеянні?»

Такім чынам, чалавек пастаўлены перад тэарэтычным выбарам: не рабіць нічога, і тады ваганетка раздушыць пяць чалавек, або ўласнымі рукамі пераключыць рычаг, што прывядзе да гібелі аднаго чалавека на запасным пуці. Розныя этычныя падыходы будуць па-рознаму ацэньваць выбар чалавека ў залежнасці ад таго, што важнейшае: сам учынак ці яго наступствы.

У далейшым з’явіліся варыяцыі дадзенай маральнай дылемы. У прыватнасці, амерыканскі філосаф Джудзіт Томсан прапанавала фармулёўку з назвай «Тоўсты чалавек»: «Ваганетка імчыць па рэйках, да якіх прывязаны пяць чалавек. Вы знаходзіцеся на мосце, які праходзіць над рэйкамі. У вас ёсць магчымасць спыніць ваганетку, кінуўшы на пуці што-небудзь цяжкае. Побач з вамі знаходзіцца тоўсты чалавек, і адзіная магчымасць спыніць ваганетку — спіхнуць яго з моста на пуці. Якія будуць вашы дзеянні?»

Галоўнае адрозненне дадзенай фармулёўкі маральнай дылемы ад першапачатковай заключаецца ў тым, што чалавек не проста пераключае стрэлку (што прыводзіць да выратавання пяці чалавек і негатыўнага пабочнага эфекту — гібелі чалавека на запасным пуці), а праяўляе агрэсію ў дачыненні да тоўстага чалавека. Такім чынам, узнікае пытанне пра розніцу дзеянняў: таго, што мае негатыўны пабочны эфект, і таго, што проста накіравана супраць чалавека, няхай і для дасягнення станоўчых вынікаў.

icon-discussions
Якім чынам змяненне фармулёўкі дылемы можа паўплываць на адказы людзей?

Такім чынам, дадзены ўяўны эксперымент прымушае нас усвядоміць неадназначнасць, умоўнасць і супярэчлівасць маральных норм. Пры гэтым прытрымліванне агульных маральных норм не абароніць чалавека ад асабістай адказнасці і складанага маральнага выбару ў нестандартнай сітуацыі.

Маральная дылема прысутнічае ў жыцці людзей у самых розных сітуацыях. Выбар чалавека ў канкрэтных жыццёвых абставінах раскрываецца на прыкладзе многіх гістарычных падзей, літаратурных сюжэтаў.

img

У двары Суражскай сярэдняй школы знаходзіцца помнік, які адлюстроўвае дзяцей: Лізу (14 гадоў), Сяргея (10 гадоў), Зіну (7 гадоў) і Мішу (3 гады).

icon-search

Якім гістарычным падзеям прысвечаны дадзены помнік?

У якім творы беларускай літаратуры расказана гэта гісторыя?

Як вы сфармулявалі б маральную дылему, што можа быць праілюстравана з дапамогай дадзенага помніка?

Выкарыстайце памятку для работы з мемарыяльнымі знакамі і помнікамі.

Акрамя адраджэння рэальных маральных дылем, у літаратуры існуюць таксама фармулёўкі гіпатэтычных этычных норм, звязаныя з узаемадзеяннем чалавека і створаных ім істот, напрыклад робатаў. У прыватнасці, пісьменнік-фантаст Айзек Азімаў у 1940-я гг. сфармуляваў «Тры законы робатэхнікі»:

1) робат не можа прычыніць шкоду чалавеку або сваім бяздзеяннем дапусціць, каб чалавеку была прычынена шкода;

2) робат павінен падпарадкоўвацца ўсім загадам, якія дае чалавек, акрамя тых выпадкаў, калі гэтыя загады супярэчаць Першаму Закону;

3) робат павінен клапаціцца пра сваю бяспеку ў той меры, у якой гэта не супярэчыць Першаму або Другому Законам.

А. Азімаў дэталёва выклаў маральныя абгрунтаванні Трох Законаў наступнымі довадамі аднаго з герояў сваіх твораў:

1) чалавек звычайна ўстрымліваецца ад нанясення шкоды іншаму чалавеку, за выключэннем выпадкаў вострага прымусу (напрыклад, на вайне) або каб выратаваць вялікую колькасць людзей. Гэта эквівалентна Першаму Закону;

2) аналагічна, адчуваючы адказнасць перад грамадствам, чалавек выконвае ўказанні аўтарытэтных людзей: урачоў, настаўнікаў, начальнікаў і г. д., што адпавядае Другому Закону;

3) нарэшце, кожны з нас клапоціцца пра сваю бяспеку, а гэта і ёсць Трэці Закон.

У адным з апавяданняў цыкла персанаж Азімава прыходзіць да высновы аб этыцы Трох Законаў: «…калі добра падумаць, Тры Законы робатэхнікі супадаюць з асноўнымі прынцыпамі большасці этычных сістэм, што існуюць на Зямлі… прасцей кажучы, калі Баерлі выконвае ўсе Законы робатэхнікі, ён або робат, або вельмі выхаваны чалавек».

img

«Я, робат» (англ. I, Robot) — мастацкі навукова-фантастычны фільм, пастаўлены паводле цыкла твораў амерыканскага пісьменніка-фантаста Айзека Азімава аб пазітронных робатах.

icon-discussions
Якія этычныя праблемы адлюстраваны ў прыведзеных законах робатэхнікі і ў фільме? Ці з’яўляецца магчымае ўзаемадзеянне чалавека з робатамі адной з актуальных праблем этыкі?