*§ 19-1. Мараль

Прафесійная этыка. Прафесійная этыка ўяўляе сабой сістэму маральных прынцыпаў, норм і правіл паводзінаў спецыяліста з улікам асаблівасцей яго прафесійнай дзейнасці і канкрэтнай сітуацыі. Агульныя прынцыпы прафесійнай этыкі базіруюцца на агульначалавечых нормах маралі і маюць на ўвазе прафесійную салідарнасць, асаблівае разуменне абавязку і гонару, асаблівую форму адказнасці, абумоўленую характарам дзейнасці. Прыватныя прынцыпы выцякаюць са спецыфікі канкрэтнай прафесіі і выражаюцца, у асноўным, у маральных кодэксах — патрабаваннях у адносінах да спецыялістаў.

Прафесійная этыка, як правіла, характэрна для такіх відаў прафесійнай дзейнасці, у якіх прысутнічае пэўная залежнасць людзей ад дзеянняў прафесіянала, а наступствы гэтых дзеянняў аказваюць уплыў на жыццё і лёсы іншых людзей або чалавецтва. Да традыцыйных відаў прафесійнай этыкі належаць: педагагічная, медыцынская, юрыдычная, этыка вучонага. Таксама існуюць і параўнальна новыя віды, актуальнасць якіх звязана з узрастаннем ролі чалавечага фактару ў дадзеным відзе дзейнасці (напрыклад, інжынерная этыка) ці з узмацненнем яго ўплыву ў грамадстве (напрыклад, журналісцкая этыка, біяэтыка).

Яшчэ ў старажытнасці прафесійная этыка з’явілася ў медыцыне.

Клятва Гіпакрата ў старажытнасці і сёння: што змянілася, а што засталося нязменным?

Сучасная рэдакцыя клятвы Гіпакрата (паводле Жэнеўскай дэкларацыі, ухваленай Генеральнай Асамблеяй Сусветнай медыцынскай асацыяцыі ў 1948 г.):

Я ўрачыста клянуся прысвяціць сваё жыццё служэнню чалавецтву. Я аддзячу маім настаўнікам патрэбнай павагай і пашанай. Я годна і сумленна буду выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Здароўе майго пацыента будзе асноўным маім клопатам. Я буду паважаць давераныя мне тайны. Я ўсімі сродкамі, падуладнымі мне, буду падтрымліваць гонар і высакародныя традыцыі прафесіі ўрача. Да сваіх калег я буду ставіцца як да братоў. Я не дазволю, каб рэлігійныя, нацыянальныя, расавыя, палітычныя ці сацыяльныя матывы перашкодзілі мне выканаць свой абавязак у адносінах да пацыента. Я буду прытрымлівацца глыбокай павагі да чалавечага жыцця, пачынаючы з моманту зачацця. Нават пад пагрозай я не буду выкарыстоўваць свае веды супраць законаў чалавечнасці. Я абяцаю гэта ўрачыста, дабравольна і шчыра.

Антычная версія клятвы Гіпакрата

Клянуся Апалонам-урачом, Асклепіем, Гігіеяй і Панакеяй і ўсімі багамі і багінямі, беручы іх у сведкі, выконваць сумленна, адпаведна маім сілам і майму разуменню, наступную прысягу і пісьмовае абавязацельства:

Лічыць таго, хто навучыў мяне мастацтву ўрача, нароўні з маімі бацькамі, дзяліцца з ім сваімі дастаткамі і ў выпадку неабходнасці дапамагаць яму ў яго нястачах; яго нашчадкаў лічыць сваімі братамі, і гэта мастацтва, калі яны захочуць яго вывучаць, выкладаць ім бясплатна і без усякага дагавора; настаўленні, вусныя ўрокі і ўсё астатняе ў вучэнні паведамляць сваім сынам, сынам свайго настаўніка і вучням, звязаным абавязацельствам і клятвай па законе медыцынскім, але нікому іншаму. Я прызначаю рэжым хворым на іх карысць адпаведна з маімі сіламі і маім разуменнем, устрымліваючыся ад прычынення ўсялякай шкоды і несправядлівасці. Я не дам нікому смяротнага сродку, як бы яго ні прасілі, і не пакажу шляху да падобнай задумы; гэтаксама я не ўручу ніякай жанчыне абартыўнага песарыя. Чыста і бездакорна буду я праводзіць сваё жыццё і сваё майстэрства. Я ні ў якім выпадку не буду рабіць сячэння тым, хто пакутуе ад каменнай хваробы, пакінуўшы тое людзям, якія займаюцца гэтай справай. У які дом я ні ўвайшоў бы, я ўвайду туды на карысць хворага, будучы далёкім ад усялякага наўмыснага, няправеднага і згубнага. Што пры лячэнні — а таксама і без лячэння — я ні ўбачыў бы ці ні пачуў адносна жыцця людскога з таго, што не варта калі-небудзь выдаваць, я не скажу пра тое, лічачы падобныя рэчы тайнай. Мне, хто непарушна выконвае клятву, няхай будзе дадзена шчасце ў жыцці і ў майстэрстве і слава ва ўсіх людзей на вечны час, хто парушыць і дасць ілжывую клятву — няхай будзе адваротнае гэтаму.

icon-discussions

Як вы думаеце, чаму спатрэбілася распрацоўка такой клятвы? 

Параўнайце тэксты клятваў. Якія змены зроблены ў сучасным варыянце? Чаму яны былі неабходны?

Ці існуюць сітуацыі, калі, на вашу думку, урач мае права парушыць які-небудзь пункт клятвы? Калі так, то прывядзіце прыклады такіх выпадкаў. 

У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь існуюць «Правілы медыцынскай этыкі і дэанталогіі» (2018), «Правілы прафесійнай этыкі адваката» (2010), «Кодэкс прафесійнай этыкі журналіста» (1995). На аснове аналізу гэтых дакументаў можна вылучыць як агульныя рысы, характэрныя для такога паняцця, як прафесійная этыка, так і адметныя рысы прафесійнай этыкі ў залежнасці ад канкрэтнай прафесіі.

Правілы медыцынскай этыкі і дэанталогіі

Вытрымкі

ГЛАВА 1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзеныя Правілы ўяўляюць сабой сукупнасць правіл, норм і прынцыпаў паводзінаў медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў пры выкананні імі службовых абавязкаў.

4. Дадзеныя Правілы ўключаюць у сябе маральна-этычныя нормы паводзінаў медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў, у тым ліку ва ўзаемаадносінах з пацыентамі і іншымі асобамі, калегамі, а таксама прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і арганізацый.

5. У выпадках, калі пытанні медыцынскай этыкі і дэанталогіі не ўрэгуляваны заканадаўствам, у тым ліку дадзенымі Правіламі, медыцынскім, фармацэўтычным работнікам варта кіравацца агульнапрынятымі нормамі этыкі і маралі.

ГЛАВА 2. ПРЫНЦЫПЫ ПАВОДЗІНАЎ МЕДЫЦЫНСКІХ, ФАРМАЦЭЎТЫЧНЫХ РАБОТНІКАЎ

7. Прафесійная дзейнасць медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў засноўваецца на прынцыпах гуманізму, міласэрнасці, стрыманасці, прафесіяналізму, канфідэнцыйнасці і талерантнасці.

Прынцып гуманізму заключаецца ў праяўленні медыцынскімі, фармацэўтычнымі работнікамі ветлівасці, даверу, спачування, павагі, чуласці, эмпатыі ва ўзаемаадносінах з пацыентамі, калегамі і іншымі асобамі.

Прынцып міласэрнасці выражаецца ў чулых і ўважлівых адносінах да патрэб пацыента. Кожнае дзеянне медыцынскага, фармацэўтычнага работніка павінна быць накіравана на дасягненне добрай мэты.

Прынцып стрыманасці заключаецца ў здольнасці медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў кіраваць сваімі дзеяннямі, эмоцыямі, быць тактоўнымі ў працэсе ўзаемадзеяння з пацыентамі, калегамі і іншымі асобамі.

Прынцып канфідэнцыйнасці праяўляецца ў захаванні ўрачэбнай тайны, непаведамленні інфармацыі пра стан здароўя пацыентаў і іншых звестак пры аказанні медыцынскай дапамогі.

Прынцып талерантнасці заключаецца ў праяўленні разумення і цярпімасці да пацыента і іншых асоб, павазе іх поглядаў і перакананняў, у тым ліку ў адсутнасці дыскрымінацыі па рэлігійных і (ці) нацыянальных прыметах, забароне прывілей і (ці) абмежаванняў паводле расы, палітычных і іншых перакананняў, полу, узросту, этнічнага і сацыяльнага паходжання, моўнай і іншых прымет.

8. Прынцып прафесіяналізму ўключае ў сябе кампетэнтнасць, выканаўчасць, дысцыплінаванасць, імкненне ўдасканальваць і набываць прафесійныя навыкі, а таксама якаснае і аператыўнае выкананне сваіх службовых абавязкаў. Пры выкананні службовых абавязкаў недапушчальныя праявы фармалізму і бюракратызму, зняважлівых адносін да пацыентаў, калег і іншых асоб…

 

Правілы прафесійнай этыкі адваката

Вытрымкі

ГЛАВА 1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Дадзеныя Правілы заснаваны на маральных крытэрыях і традыцыях адвакатуры, а таксама на міжнародных стандартах і правілах адвакацкай прафесіі і ўяўляюць сабой звод палажэнняў, якія вызначаюць патрабаванні, што прад’яўляюцца да асобы адваката і яго паводзінаў пры выкананні прафесійных абавязкаў, а таксама ва ўзаемаадносінах з кліентамі, калегамі, органамі адвакацкага самакіравання, органамі дзяржаўнага кіравання, праваахоўнымі органамі і судамі, іншымі арганізацыямі і службовымі асобамі…

3. Адвакат павінен выконваць заканадаўства і нормы прафесійнай маралі, пастаянна падтрымліваючы гонар і годнасць сваёй прафесіі ў якасці ўдзельніка адпраўлення правасуддзя і грамадскага дзеяча, а таксама асабістыя гонар і годнасць, садзейнічаць захаванню і павышэнню свайго прэстыжу…

ГЛАВА 2. ГОДНАСЦЬ ПРАФЕСІІ І АСАБІСТАЯ ГОДНАСЦЬ АДВАКАТА

7. Годнасць прафесіі адваката забяспечваецца яго асаблівым маральным стаўленнем да самога сябе, якое вызначае адпаведныя адносіны да яго з боку грамадства.

8. Сцвярджэнне і падтрыманне годнасці адваката мае на ўвазе здзяйсненне адпаведных маральных учынкаў і нездзяйсненне ўчынкаў, якія прыніжаюць яго годнасць. Прыніжаюць прафесійную годнасць такія паводзіны адваката, якія зняславяць яго высокае званне і падрываюць давер грамадства да адвакатуры.

9. З мэтай падтрымання гонару і годнасці адвакату варта:

быць ветлівым, тактоўным, шчырым, добрасумленным, прынцыповым і незалежным;

дзейнічаць кваліфікавана, выкарыстоўваць усе законныя сродкі, спосабы і метады аказання юрыдычнай дапамогі;

актыўна адстойваць сваю пазіцыю;

захоўваць адвакацкую тайну;

не здзяйсняць дзеянняў, якія падрываюць прэстыж адвакатуры і асабістую годнасць адваката, садзейнічаць павышэнню ролі і аўтарытэту адвакатуры ў грамадстве; выкарыстоўваць толькі дакладную інфармацыю, удзельнічаючы ў прававым выхаванні грамадзян і перадаючы звесткі ў сродкі масавай інфармацыі;

не дапускаць любых замахаў на сваю прафесійную незалежнасць;

пастаянна пашыраць і паглыбляць свае веды ў галіне права;

пры выкананні прафесійных абавязкаў прытрымлівацца дзелавой манеры зносін і выкарыстоўваць дзелавы стыль адзення.

10. Адвакат не мае права:

дзейнічаць насуперак законным інтарэсам кліента, аказваць яму юрыдычную дапамогу зыходзячы з уласнай выгады, амаральных інтарэсаў або пад уздзеяннем ціску звонку;

займаць прававую пазіцыю, якая супярэчыць інтарэсам кліента;

паведамляць, а таксама выкарыстоўваць з асабістымі мэтамі без згоды кліента звесткі, якія той паведаміў адвакату ў сувязі з аказаннем яму юрыдычнай дапамогі;

рабіць публічныя заявы пра даказанасць віны кліента, калі той яе адмаўляе;

патрабаваць і прадастаўляць дакументы, якія дыскрэдытуюць удзельнікаў працэсу ці іншых асоб, калі гэта не з’яўляецца неабходным для справы;

навязваць сваю дапамогу асобам і прыцягваць іх у якасці кліентаў, выкарыстоўваючы асабістыя сувязі з работнікамі праваахоўных і судовых органаў, прапануючы кліенту сваю дапамогу замест абранага ім адваката, абяцаючы кліенту спрыяльны вынік у выпадку свайго ўдзелу ў справе і ўжываючы іншыя ганебныя спосабы;

дапускаць выказванні, якія ўтрымліваюць асабістыя абразы ў дачыненні да ўдзельнікаў працэсу, або грубасцю адказваць на грубасць апошніх;

купляць або іншым чынам набываць маёмасць кліентаў, калі яна з’яўляецца прадметам спрэчкі, у тым ліку маёмасныя правы, як на сваё імя, так і на імя іншых асоб.

ГЛАВА 3. АДВАКАЦКАЯ ТАЙНА

14. Захаванне адвакацкай тайны з’яўляецца безумоўным прыярытэтам дзейнасці адваката. Абавязак захоўваць адвакацкую тайну не абмяжоўваецца ў часе.

15. Правілы захавання адвакацкай тайны распаўсюджваюцца на:

звесткі аб пытаннях, з якімі кліент звярнуўся па юрыдычную дапамогу;

сутнасць кансультацый, растлумачэнняў, даведак, атрыманых кліентам ад адваката;

звесткі аб асабістым жыцці кліента;

інфармацыю, атрыманую ад кліента, аб акалічнасцях здзяйснення злачынства па крымінальнай справе, па якой адвакат ажыццяўляў абарону правоў, свабод і інтарэсаў кліента;

звесткі, якія складаюць камерцыйную тайну кліента.

28. Адносіны паміж адвакатамі не павінны ўплываць на абарону інтарэсаў бакоў, якія ўдзельнічаюць у справе. Адвакат не мае права адступацца ад інтарэсаў кліента ні ў імя таварысцкіх, ні ў імя якіх-небудзь іншых адносін.

29. Адвакату рэкамендуецца ў тактоўнай форме звярнуць увагу калегі на дапушчанае з яго боку парушэнне норм прафесійнай этыкі.

30. Адвакат мае права перадаць абавязацельства на аказанне юрыдычнай дапамогі іншаму адвакату толькі са згоды кліента.

У выпадку прыняцця абавязацельства на аказанне юрыдычнай дапамогі ад іншага адваката адвакат, які прымае абавязацельства, павінен заключыць з кліентам дагавор на аказанне юрыдычнай дапамогі.

 

Кодэкс прафесійнай этыкі журналіста

Вытрымкі

I. ПРЫНЦЫПЫ ПРАФЕСІЙНАЙ ЭТЫКІ ЖУРНАЛІСТА

Артыкул 1. Сацыяльная адказнасць журналіста

Журналіст адказны перад чытачамі, гледачамі, слухачамі, а таксама перад грамадствам у цэлым у асобе яго канстытуцыйных інстытутаў, за змест паведамленняў, што прапаноўваюцца ім для публікацыі, за праўдзівае і своечасовае інфармаванне аўдыторыі аб актуальных праблемах, якія маюць грамадскі інтарэс. Забеспячэнне права грамадзян на інфармацыю — першачарговы абавязак журналіста.

Калі ўказанне выдаўца або кіраўніцтва рэдакцыі ўступае ў пярэчанне з патрабаваннямі грамадскай маралі ці палажэннямі гэтага кодэкса, то журналіст павінен адмовіцца ад яго выканання.

Артыкул 2. Праўдзівасць і аб’ектыўнасць

Журналіст павінен даваць праўдзівае адлюстраванне дзейнасці шляхам падрабязнай і вычарпальнай інфармацыі. Ён выкладае факты, захоўваючы іх сапраўдны сэнс, паказваючы найважнейшыя сувязі і не дапускаючы скажэнняў, для таго каб грамадства змагло сфарміраваць дакладнае, звязнае і найбольш адэкватнае ўяўленне аб бягучых сацыяльных працэсах, іх паходжанні, сутнасці і значэнні, аб стане спраў у сучасным свеце.

Журналіст не павінен станавіцца правадніком эгаістычнага прыватнага ці групавога інтарэсу. Ён закліканы садзейнічаць таму, каб сродкі масавай інфармацыі аб’ектыўна адлюстроўвалі плюралізм меркаванняў. Недапушчальныя ўтойванне важнай для грамадства інфармацыі, скажэнне фактаў і іх няправільная інтэрпрэтацыя.

Артыкул 3. Добрасумленнасць

Добрасумленнасць журналіста мае сваёй перадумовай скрупулёзную праверку фактаў, дакладную перадачу звестак, узятых з дакументальных або іншых крыніц і прыназначаных для публікацыі; яна выключае падтасоўку фактаў, бяздоказныя меркаванні, выдумкі і фабрыкацыю матэрыялаў.

Прафесійная сумленнасць забараняе журналісту карыстацца перавагамі, якія дае яго прафесійнае становішча, з асабістымі мэтамі, а таксама ў інтарэсах сваіх блізкіх. Выкарыстанне друкаванага слова і слова радыйнага для пераследавання непажаданых асоб, звядзенне асабістых рахункаў, задавальненне групавых і аўтарскіх амбіцый недапушчальныя. Журналіст абавязаны захоўваць у тайне крыніцы канфідэнцыйнай інфармацыі, паважаць права на інтэлектуальную ўласнасць і аўтарскія правы іншых асоб, не дапускаць зааўтарства і плагіяту.

Артыкул 4. Павага агульначалавечых каштоўнасцей

Прызнаючы прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей перад усімі астатнімі, журналіст выступае за гуманізм, мір, дэмакратыю, сацыяльны прагрэс, правы чалавека. Ён устрымліваецца ад любой формы апраўдання агрэсіі, іншых форм насілля, нянавісці і дыскрымінацыі, таталітарызму і тыраніі.

Журналіст з павагай ставіцца да асаблівасцей, каштоўнасцей і годнасці кожнай нацыянальнай культуры і правоў народаў на самавызначэнне, да свабоды выбару сваёй палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сістэмы.

Сваёй дзейнасцю ён дапамагае пазбегнуць недасведчанасці, недастатковага разумення і насцярожанасці ў адносінах паміж народамі, садзейнічае выхаванню культуры міжнацыянальных адносін, абуджае ў сваіх чытачоў, гледачоў, слухачоў успрыімлівасць да патрэб іншых народаў, павагу да правоў і годнасці ўсіх нацый і ўсіх людзей незалежна ад полу, расы, мовы, нацыянальнай прыналежнасці, рэлігійных поглядаў і ідэйных перакананняў.

Артыкул 5. Прафесійная салідарнасць

Журналіст клапоціцца аб прэстыжу прафесіі, паважае гонар і годнасць калег, не дапускае дзеянняў, якія шкодзяць аўтарытэту журналістыкі. У творчым спаборніцтве журналіст не дазваляе сабе ні ў якой форме злоўжываць даверам сваіх калег, перашкаджаць выкананню імі прафесійных абавязкаў, прычыняць ім якую-небудзь іншую шкоду. Ён садзейнічае калегам у развіцці іх творчых здольнасцей, у павышэнні ведаў і майстэрства, прыходзіць на дапамогу калегам, якія трапілі ў бяду. Прафесійная салідарнасць не можа з’яўляцца апраўданнем замахаў на праўду і справядлівасць.

II. ПАРУШЭННІ НОРМ ПРАФЕСІЙНАЙ ЭТЫКІ

Артыкул 6. Правіннасці, якія парушаюць права грамадзян на атрыманне інфармацыі

Як парушэнні прафесійнай этыкі, што ўшчамляюць права грамадзян на атрыманне інфармацыі, могуць быць кваліфікаваны наступныя выпадкі:

● калі журналіст наўмысна абнародуе няправільную інфармацыю;

● калі журналіст абнародуе няправільную інфармацыю ў выніку нядбайных адносін да абавязку старанна яе правяраць;

● калі журналіст, атрымаўшы важную для грамадства інфармацыю спецыяльна для апублікавання, з карыслівымі або іншымі нізкімі мэтамі ўтойвае або замоўчвае яе;

● калі журналіст з карыслівых меркаванняў фальсіфікуе інфармацыю, скажае змест дакументальнай ці іншай крыніцы, дапускае сэнсавую праўку дакумента, які цытуе;

● калі журналіст пад выглядам дакладнай абнародуе інфармацыю, заснаваную на непацверджаных паведамленнях, чутках, меркаваннях, а таксама атрыманую з невядомай крыніцы.

Артыкул 7. Правіннасці, якія ўшчамляюць права грамадзян на свабоду выражэння думак

Як парушэнні прафесійнай этыкі, што ўшчамляюць права грамадзян на свабоду выражэння меркаванняў, могуць быць кваліфікаваны наступныя выпадкі:

● калі журналіст з эгаістычнымі, групавымі ці іншымі мэтамі супрацьдзейнічае вядзенню дыскусіі ці абнародаванню думак, з якімі ён не згодны, парушаючы тым самым прынцып плюралізму меркаванняў;

● калі журналіст супрацьдзейнічае абнародаванню крытычных ці палемічных выступленняў у адносінах да апублікаванага раней матэрыялу;

● калі журналіст уводзіць грамадскасць у зман шляхам фабрыкацыі фіктыўных лістоў чытачоў, гледачоў ці слухачоў або выдае свой асабісты матэрыял за пункт гледжання ці вынік творчасці іншай рэальнай асобы (зааўтарства);

● калі журналіст насуперак просьбе аўтара матэрыялу або героя інтэрв’ю не паказвае яму падрыхтаваны да распаўсюджвання канчатковы тэкст, або робіць у тэксце істотныя змены без яго згоды, або абнародуе тэкст насуперак забароне аўтара ці героя інтэрв’ю.

Артыкул 8. Правіннасці супраць гонару і годнасці асобы

Як правіннасці супраць гонару і годнасці асобы могуць быць кваліфікаваны наступныя выпадкі:

● калі журналіст абнародуе звесткі, якія хоць і адпавядаюць рэчаіснасці, але, не маючы грамадскага значэння, наносяць шкоду гонару і годнасці асобы;

● калі журналіст прадстаўляе ў нявыгадным святле грамадзяніна ці катэгорыю грамадзян у сувязі з іх полам, узростам, расавай і нацыянальнай прыналежнасцю, мовай, прафесіяй, месцам жыхарства, стаўленнем да рэлігіі.

Артыкул 9. Парушэнне прафесійнага гонару журналіста

Як парушэнні прафесійнага гонару журналіста могуць быць кваліфікаваны наступныя выпадкі:

● калі журналіст выкарыстоўвае свой прафесійны статус для атрымання матэрыяльных або іншых пераваг для сябе, сваіх родных і блізкіх ад трэціх асоб ці арганізацый;

● калі журналіст з карыслівымі ці іншымі нізкімі мэтамі перашкаджае або адмаўляецца ад публікацыі пэўнага матэрыялу ці асобных яго частак, або публікуе яго, або схіляе сваіх калег да яго апублікавання;

● калі журналіст атрымлівае ад зацікаўленай асобы ці арганізацыі грашовыя сумы, падарункі, якія-небудзь перавагі або льготы, якія могуць аказаць уплыў на яго незалежнасць пры выкананні прафесійных абавязкаў;

● калі журналіст для атрымання інфармацыі ўжывае падман, шантаж, правакацыю ці іншы спосаб, якія супярэчаць нормам маралі і права;

● калі журналіст у якой-небудзь форме выдае інфармацыю, што не падлягае абнародаванню, насуперак дамоўленасці з асобай, якая яе даверыла;

● калі журналіст у якой-небудзь форме раскрывае псеўданім, які належыць іншай асобе, без яе згоды, за выключэннем выпадкаў, калі псеўданім быў публічна раскрыты раней;

● калі журналіст, выкарыстоўваючы чужы твор, выдае яго цалкам або часткова за свой, не называючы яго сапраўднага аўтара і крыніцу запазычання;

● калі журналіст, не папярэдзіўшы пра гэта адпаведныя рэдакцыі, перадае адзін і той жа матэрыял у дзве ці больш рэдакцый або прапануе для абнародавання апублікаваны раней матэрыял, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам;

● калі журналіст выкарыстоўвае свой прафесійны статус у якасці прыкрыцця для збору інфармацыі на карысць пабочных асоб ці арганізацый, якія не з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі.

Артыкул 10. Парушэнне службовай этыкі і прафесійнай салідарнасці журналістаў

Як парушэнне службовай этыкі і прафесійнай салідарнасці журналістаў могуць быць кваліфікаваны наступныя выпадкі:

● калі журналіст, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, шляхам рэдагавання скажае змест матэрыялу, падрыхтаванага яго калегам, і без яго згоды абнародуе ў такім выглядзе;

● калі журналіст, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, навязвае калегам шляхам адвольнай праўкі іх матэрыялаў свой асабісты густ і суб’ектыўныя схільнасці, перашкаджае развіццю іх творчых здольнасцей;

● калі журналіст з кар’ерысцкіх, карыслівых ці іншых нізкіх пабуджэнняў у публікацыі паказвае выданне або свайго калегу ў непрывабным выглядзе ў вачах іншых журналістаў ці грамадства;

● калі журналіст, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча ў рэдакцыі, перашкаджае дзейнасці журналісцкай арганізацыі або абмяжоўвае яе самастойнасць.

icon-discussions

Правядзіце параўнанне прадстаўленых тэкстаў па наступных пытаннях і абмяркуйце іх вынікі:

1) свабода і адказнасць у прафесійнай дзейнасці;

2) прафесійны доўг і абавязкі;

3) асаблівасці маральнай рэгуляцыі ў прафесіі.