§ 19. Мараль

Сутнасць маральнай рэгуляцыі грамадскага жыцця. Сацыяльнае жыццё ўладкавана такім чынам, што дасягненне (ці недасягненне) мэт аднаго чалавека залежыць ад таго, як будуць паводзіць сябе навакольныя людзі. Так, каб сяброўства было надзейнае і моцнае, недастаткова жадання толькі аднаго з сяброў — трэба, каб і другі чалавек паводзіў сябе адпаведным чынам. Гэтае правіла працуе ў абодва бакі: калі для дасягнення маіх мэт патрэбна добрая воля іншых людзей, то і іх мэты могуць быць дасягнуты, толькі калі астатнія (у тым ліку і я) паводзяць сябе пэўным чынам. Гэта значыць, што любыя мэты ў грамадстве могуць быць рэалізаваны, толькі калі людзі выказваюць гатоўнасць пайсці насустрач адзін аднаму.

Каб дасягнуць згоды, неабходны сацыяльны механізм, які рэгуляваў бы паводзіны людзей у тых выпадках, калі іх мэты супярэчаць адна адной. Такім механізмам і выступае мараль (ад лац. moralis — «які датычыць звычаяў»).

icon-persona
Тэрмін «мараль» увёў старажытнарымскі філосаф Цыцэрон у I ст. да н. э.

Мараль — гэта механізм рэгуляцыі сацыяльнага жыцця, заснаваны на прынятых у тым або іншым грамадстве правілах паводзінаў. За гэтымі правіламі стаяць уяўленні пра тое, якія паводзіны лічацца ў гэтым грамадстве добрымі (правільнымі), а якія — дрэннымі (няправільнымі). Адпаведна, той воссю, вакол якой будуецца ўся маральная сістэма, выступае супрацьлегласць дабра і зла. У структуру маралі ўваходзяць каштоўнасці (уяўленні пра тое, дзеля чаго чалавек будуе свае паводзіны тым ці іншым чынам), ідэалы (тое, да чаго варта імкнуцца) і нормы (тое, што варта выконваць).

Славянскае слова «маральнасць» утварылася ад слова «мараль», аднак тэрміны мараль і маральнасць, хоць і блізкія, але не тоесныя. Калі пад мараллю разумеюць механізмы рэгуляцыі паводзінаў людзей, што склаліся ў грамадстве, а таксама ўяўленні пра дабро і зло, характэрныя для гэтага грамадства, то пад маральнасцю разумеюць індывідуальныя ўяўленні аб правільных паводзінах, характэрныя для таго ці іншага канкрэтнага чалавека. Інакш кажучы, маральнасць — гэта свайго роду індывідуальная мараль, якая можа адрознівацца ад агульнапрынятых установак. Гэта адрозненне можа стаць прычынай амаральных паводзінаў чалавека, але можа паслужыць і асновай развіцця маралі, з’яўлення новых, больш прагрэсіўных правіл і норм.