Печатать книгуПечатать книгу

§ 19. Мараль

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: § 19. Мараль
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 27 Апрель 2024, 21:05

Сутнасць маральнай рэгуляцыі грамадскага жыцця. Сацыяльнае жыццё ўладкавана такім чынам, што дасягненне (ці недасягненне) мэт аднаго чалавека залежыць ад таго, як будуць паводзіць сябе навакольныя людзі. Так, каб сяброўства было надзейнае і моцнае, недастаткова жадання толькі аднаго з сяброў — трэба, каб і другі чалавек паводзіў сябе адпаведным чынам. Гэтае правіла працуе ў абодва бакі: калі для дасягнення маіх мэт патрэбна добрая воля іншых людзей, то і іх мэты могуць быць дасягнуты, толькі калі астатнія (у тым ліку і я) паводзяць сябе пэўным чынам. Гэта значыць, што любыя мэты ў грамадстве могуць быць рэалізаваны, толькі калі людзі выказваюць гатоўнасць пайсці насустрач адзін аднаму.

Каб дасягнуць згоды, неабходны сацыяльны механізм, які рэгуляваў бы паводзіны людзей у тых выпадках, калі іх мэты супярэчаць адна адной. Такім механізмам і выступае мараль (ад лац. moralis — «які датычыць звычаяў»).

icon-persona
Тэрмін «мараль» увёў старажытнарымскі філосаф Цыцэрон у I ст. да н. э.

Мараль — гэта механізм рэгуляцыі сацыяльнага жыцця, заснаваны на прынятых у тым або іншым грамадстве правілах паводзінаў. За гэтымі правіламі стаяць уяўленні пра тое, якія паводзіны лічацца ў гэтым грамадстве добрымі (правільнымі), а якія — дрэннымі (няправільнымі). Адпаведна, той воссю, вакол якой будуецца ўся маральная сістэма, выступае супрацьлегласць дабра і зла. У структуру маралі ўваходзяць каштоўнасці (уяўленні пра тое, дзеля чаго чалавек будуе свае паводзіны тым ці іншым чынам), ідэалы (тое, да чаго варта імкнуцца) і нормы (тое, што варта выконваць).

Славянскае слова «маральнасць» утварылася ад слова «мараль», аднак тэрміны мараль і маральнасць, хоць і блізкія, але не тоесныя. Калі пад мараллю разумеюць механізмы рэгуляцыі паводзінаў людзей, што склаліся ў грамадстве, а таксама ўяўленні пра дабро і зло, характэрныя для гэтага грамадства, то пад маральнасцю разумеюць індывідуальныя ўяўленні аб правільных паводзінах, характэрныя для таго ці іншага канкрэтнага чалавека. Інакш кажучы, маральнасць — гэта свайго роду індывідуальная мараль, якая можа адрознівацца ад агульнапрынятых установак. Гэта адрозненне можа стаць прычынай амаральных паводзінаў чалавека, але можа паслужыць і асновай развіцця маралі, з’яўлення новых, больш прагрэсіўных правіл і норм.

Дынаміка маральных норм і ідэалаў. Змест маральных каштоўнасцей, ідэалаў і норм залежыць ад светапогляду грамадства, у якім фарміруецца тая ці іншая сістэма маралі, а канкрэтна: ад сацыяльнага ладу гэтага грамадства, ад узроўню яго развіцця і інш.

У адным і тым жа сацыяльным арганізме могуць функцыянаваць розныя і нават супрацьлеглыя сістэмы маралі. Гэтыя адрозненні могуць караніцца ў класавай прыналежнасці людзей (напрыклад, мараль рабоў прынцыпова адрознівалася ад маралі рабаўладальнікаў); у саслоўным грамадстве яны могуць вызначацца прыналежнасцю да саслоўя (так, мараль духавенства не супадала з мараллю дваранства ці купецтва); яны могуць узнікаць з рэлігійных перакананняў (мараль хрысціяніна не тоесная маралі будыста, а мараль атэіста будзе адрознівацца ад абедзвюх).

icon-search
Знайдзіце ў дадатковых крыніцах інфармацыі дзесяць запаведзяў хрысціянства, пяць свяшчэнных запаведзяў будызму, дзесяць правіл даасізму. Якія агульныя палажэнні характэрныя для дадзеных рэлігійных маральных кодэксаў?

Адрозненні маральных каштоўнасцей могуць быць абумоўлены і цягам часу, таму іншы раз кажуць пра маральныя адрозненні пакаленняў. Насамрэч ва ўсе часы мараль маладога чалавека не супадала з мараллю яго прадзядулі. І калі культура ў цэлым развіваецца прагрэсіўна, то можна казаць аб новай, больш высокай прыступцы маральнай свядомасці. Змены маральных норм звязаны з дэмакратызацыяй грамадства і пашырэннем асабістай свабоды (напрыклад, з магчымасцю свабодна выбіраць веру ці не выбіраць ніякай). Аднак магчыма і адваротная сітуацыя: пры агульным заняпадзе культуры (напрыклад, у Старажытным Рыме на познім этапе яго развіцця) у сферы маралі таксама можа назірацца рэгрэс. Таму пытанне пра суадносіны маралі розных пакаленняў — гэта пытанне, на якое нельга даць адказ загадзя: магчыма, што мараль бацькоў будзе захоўваць тыя важныя каштоўнасці і нормы, якія вымываюцца з маралі больш позняга перыяду, робячы яе больш простай і прымітыўнай, але разам з тым магчыма, што мараль новага пакалення выпрацуе правілы і каштоўнасці, якія будуць дакладней адпавядаць дадзенай сітуацыі і несці ў сабе больш прагрэсіўныя ідэалы.

На мяжы 2000−2010-х гг. дзякуючы развіццю ўбудаваных функцый фотаапарата мабільных прылад набыла развіццё такая з’ява, як «селфі» (стварэнне аўтапартрэта з дапамогай фотаапарата).

icon-discussions

Сфармулюйце маральныя нормы для выканання селфі. На фоне якіх аб’ектаў, на ваш погляд, рабіць селфі некарэктна з пункту гледжання маралі?

img

Існуюць таксама прафесійныя маральныя нормы, якія апісваюцца паняццем прафесійная этыка. Гэта звязана з тым, што да некаторых відаў прафесійнай дзейнасці грамадства прад’яўляе павышаныя маральныя патрабаванні. Да традыцыйных відаў прафесійнай этыкі належаць: педагагічная, медыцынская, юрыдычная, этыка вучонага. Таксама існуюць параўнальна новыя яе віды, актуальнасць якіх звязана з узрастаннем ролі чалавечага фактару ў якой-небудзь дзейнасці (напрыклад, журналісцкая этыка, біяэтыка).

icon-discussions
Якія асаблівасці кожнай з названых прафесій абумоўліваюць, на ваш погляд, павышаныя маральныя патрабаванні да іх?

Клятва Гіпакрата — клятва ўрачоў, якая выражае асноватворныя маральна-этычныя прынцыпы паводзінаў урача.

icon-search
Знайдзіце і прааналізуйце тэкст клятвы, сфармуляваны Гіпакратам, а таксама сучасны тэкст клятвы ўрача Рэспублікі Беларусь. Вызначце, якія палажэнні першапачатковай клятвы Гіпакрата не адпавядаюць рэаліям сённяшняга дня. Чаму, на ваш погляд, урачэбную клятву і сёння ў гутарковай мове называюць клятвай Гіпакрата, нягледзячы на тое што на працягу стагоддзяў яе тэкст відазмяніўся?

Аднак скрозь усе адрозненні маральных сістэм чырвонай ніткай праходзяць тыя агульначалавечыя каштоўнасці, значэнне якіх з’яўляецца адвечным: гэта каштоўнасці гуманізму і свабоды. Існуе і ўніверсальнае правіла, якое атрымала ў гісторыі назву «залатога правіла маралі».

icon-remember
Прыгадайце, як сфармулявана «залатое правіла маралі». Чым адрозніваюцца пазітыўная і негатыўная фармулёўкі «залатога правіла маралі»?

У XVIII ст. нямецкі філосаф Імануіл Кант сфармуляваў вышэйшы прынцып (або закон) маральнасці. Ён загадвае чалавеку дзейнічаць так, каб яго паводзіны маглі стаць узорам для ўсеагульнага прымянення, у тым ліку і ў адносінах да яго самога («рабі так, каб максіма тваёй волі магла б быць усеагульным законам»).

У чалавека могуць быць розныя памкненні, у тым ліку такія, што супярэчаць маралі. У гэтым выпадку маральны закон вымушае яго пераадолець свае жаданні, кіруючыся пачуццём абавязку, і забяспечвае рэалізацыю дзеяння за кошт унутранага прымусу, які ажыццяўляецца розумам і сілай волі. І менавіта маральны закон, які вымушае чалавека дзейнічаць у адпаведнасці з уласным маральным прынцыпам, незалежна ад знешняга прымусу, робіць яго па-сапраўднаму свабодным.

icon-discussions
Як вы разумееце наступныя словы І. Канта: «Чалавек заўсёды павінен быць мэтай і ніколі — сродкам»?

У жыцці чалавеку ўвесь час даводзіцца рабіць выбар і несці за яго адказнасць. Маральная дылема — гэта сітуацыя выбару, у якой хто-небудзь пастаўлены перад неабходнасцю маральнага выбару паміж дзвюма магчымасцямі, пры якой выбар любой з іх звязаны з парушэннем тых або іншых маральных прадпісанняў.

icon-discussions

Адной з вядомых маральных дылем з’яўляецца «праблема ваганеткі». Яна фармулюецца наступным чынам:

Цяжкая ваганетка, страціўшы кіраванне, нясецца па рэйках. На яе шляху знаходзяцца пяць чалавек, якія не паспеюць адысці. На шчасце, вы можаце перавесці стрэлку — і тады ваганетка паедзе па іншым, запасным шляху. Аднак на запасным шляху знаходзіцца адзін чалавек, які таксама не паспее адысці.

Якімі будуць вашы дзеянні? Ці можна ў жыцці выбраць меншае з двух зол?

Этыка як тэорыя маралі. Філасофская дысцыпліна, прадметам тэарэтычнага асэнсавання якой з’яўляецца мараль, называецца этыкай (ад ст.-грэч. ἦθος — звычай). Як бачым, паходжанне гэтага слова тое самае, што і ў слова «мараль».

icon-persona

Старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель утварыў прыметнік «этычны», аднёсшы яго да групы чалавечых якасцей, якія ён назваў этычнымі дабрачыннасцямі. Зрабіўшы іх прадметам тэарэтычнага асэнсавання, ён назваў гэту новую дысцыпліну этыкай.

img
Платон і Арыстоцель. Фрагмент фрэскі Рафаэля Санці «Афінская школа». 1511 г.

Арыстоцель (у цэнтры справа) трымае ў руках «Нікамахаву этыку».

Адной з цэнтральных праблем этыкі з’яўляецца вызначэнне сэнсу жыцця чалавека. На працягу гісторыі этыка сфарміравала вучэнні, якія прапаноўвалі розныя мадэлі сэнсу жыцця зыходзячы са зместу агульначалавечых каштоўнасцей.

icon-discussions

Якое сцвярджэнне пра сэнс жыцця вам бліжэйшае? Чаму?

● Сэнс жыцця ў тым, каб быць шчаслівым.

● Сэнс жыцця — атрымаць максімум асалод.

● Сэнс жыцця — у асабістай выгадзе і карысці.

● Сэнс жыцця — у служэнні абавязку.

● Сэнс жыцця — у імкненні да дасканаласці.

icon-search
Даведайцеся, як называюцца этычныя вучэнні, якія прадстаўлены сцвярджэннямі пра сэнс жыцця.

Сучасная этыка ўваходзіць у пералік філасофскіх дысцыплін і з’яўляецца вучэннем пра сутнасць маралі (разглядаючы яе праз прызму таго, што павінна быць, і таго, што існуе), яе структуру, функцыі, заканамернасці гістарычнага развіцця, ролю ў грамадскім жыцці.

icon-questions

1. У чым адрозненне маралі ад маральнасці? Прывядзіце прыклады.

2. Якія асноўныя фактары ўплываюць на змяненне маральных норм?

3. Як вы лічыце, ці могуць маральныя кодэксы, якія адносяцца да прафесійнай дзейнасці, папярэдзіць узнікненне маральных дылем і вызваліць чалавека ад прыняцця цяжкага ў асабістым плане рашэння? Абгрунтуйце сваё меркаванне, прывядзіце прыклады.

icon-idea
Выканайце міні-праект «Як змяняліся ўяўленні пра дабро і зло ў розныя гістарычныя эпохі?». Стварыце плакат пра змены дабрачыннасцей і заган у грамадстве.