Уводзіны

Як працаваць з вучэбным дапаможнікам?

Усе раздзелы дапаможніка пачынаюцца са схем, у якіх адлюстроўваюцца галоўныя мэты і чаканыя вынікі вывучэння дадзеных раздзелаў. Уступная інфаграфіка, што папярэднічае кожнаму параграфу, дае кампактнае і выразнае ўяўленне зместу тэмы ўрока і ключавога пытання для абмеркавання на занятках. Пасля кожнага параграфа прапануюцца пытанні і заданні для самакантролю. Акрамя таго, у тэксце вы знойдзеце заданні і пытанні для абмеркавання. У канцы кожнага раздзела даюцца пытанні і заданні для паўтарэння, сістэматызацыі і абагульнення па засвоеным матэрыяле і падрыхтоўцы да кантролю ведаў па ім.

Абавязковыя для засваення асноўныя паняцці, якія ўпершыню тлумачацца ў тэксце параграфаў, выдзелены тлустым шрыфтам.

На старонках вучэбнага дапаможніка прадстаўлены розныя рубрыкі. Ідэі і працы вучоных, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навук пра чалавека і грамадства, разглядаюцца ў рубрыцы «Персона ў навуцы». Яе змест будзе карысны пры рабоце з заданнямі, падрыхтоўцы паведамленняў, самастойным выбары тэм для міні-праектаў. Рубрыка «Пошук» арыентуе на самастойную работу з інфармацыяй, яе пошук і праверку. Рубрыка «Абмяркоўваем і дыскутуем» прадугледжвае праблемныя пытанні і актуальныя тэмы для абмеркавання, а ў рубрыцы «Рашаем задачу, разбіраем сітуацыю» вы знойдзеце цікавыя вучэбныя і практычныя задачы, жыццёвыя сітуацыі. Да кожнай тэмы прапануюцца ідэі міні-праектаў, якія можна выканаць як у групах, так і індывідуальна. У вучэбным дапаможніку вы таксама сустрэнеце заданні з QR-кодам, для выканання якіх спатрэбіцца смартфон (для адкрыцця спасылак і прагляду кантэнта).

Звяртаем увагу на тое, што пошукавыя заданні, работа з QR-кодамі і выкананне міні-праектаў з’яўляюцца заданнямі па выбары, аднак яны робяць працэс навучання больш займальным і практыка-арыентаваным.

*Новае ў дадзеным артыкуле.

Вучэбны дапаможнік для вывучэння грамадазнаўства на павышаным узроўні суадносіцца са структурай і зместам вучэбнага дапаможніка для базавага ўзроўню. Да кожнага параграфа падручніка базавага ўзроўню прапануюцца матэрыялы і заданні для работы на павышаным узроўні, якія можна выкарыстоўваць як для індывідуальнай, так і для групавой вучэбнай даследчай і праектнай дзейнасці.

Заданні для павышанага ўзроўню даюцца ў тых жа рубрыках, што і на базавым узроўні. Для зручнасці работы матэрыялы згрупаваны не толькі па параграфах, але і па асноўных і неасноўных паняццях, якія неабходна засвоіць.

img

Дадаткова ў кожным раздзеле прапануюцца параграфы, у якіх асвятляюцца асноўныя пытанні станаўлення і сучаснага стану асноўных сацыяльна-гуманітарных навук: сацыялогіі, паліталогіі, эканамічнай тэорыі, філасофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, і прапануецца азнаямляльная інфармацыя аб адпаведнай прафесійнай дзейнасці.