Уводзіны

У дадзенай кнізе мы працягнем нашу размову пра чалавека, грамадства і дзяржаву. У мінулым годзе асноўны акцэнт рабіўся на вывучэнне свайго ўнутранага свету, міжасобасных адносін, узаемадзеяння з дзяржавай, дыялогу культур. Мы з вамі паглыбляліся ў свет уласных унутраных перажыванняў, спрабавалі навучыцца чуць сябе, разумець людзей, якія знаходзяцца побач. Гэта дазволіла нам адчуць дачыненне да спраў і клопату сваёй сям’і, калектыву, грамадства, дзяржавы, зразумець і ўзяць на сябе ўласную адказнасць за мір і згоду на Зямлі, бяспечнае існаванне.

Мы не здольны спыніць ход гісторыі, аднак можам выбраць правільны кірунак руху, зразумець, куды вядуць шляхі, якія адкрываюцца перад намі. Толькі празорлівыя могуць прадбачыць новае аблічча будучага грамадства. Каштоўнасці, якія выпрацоўваліся чалавецтвам на працягу многіх стагоддзяў сацыяльнай эвалюцыі, не павінны быць разбураны. Не ўсё, што эканамічна выгадна з погляду міжнароднага падзелу працы, мэтазгодна прымяняць. Выбар шляху развіцця грамадства абумоўлены нацыянальнымі інтарэсамі і бяспекай суверэннай дзяржавы.

icon-remember
Чаму сталіцу нашай краіны часта параўноўваюць з феніксам, які адрадзіўся з попелу? Што сімвалізуе дадзенае параўнанне? Як яно адлюстроўваецца ў каштоўнаснай сістэме беларускага народа?
icon-search
Знайдзіце архіўнае фота вашага населенага пункта і вызначце месца, якое на ім адлюстравана. Якое яно сёння? Зрабіце здымак сучаснага выгляду дадзенага месца і параўнайце абодва фотаздымкі. Што і як змянілася?

Вам трэба будзе вывучаць сучаснае грамадства: якія ў ім адбываюцца змены, як узаемадзейнічаюць паміж сабой розныя сацыяльныя групы. Надзейным компасам у гэтай дзейнасці з’яўляюцца навукі аб грамадстве, у таямнічы і загадкавы свет якіх вы паглыбіцеся ў гэтым навучальным годзе.

Вам неабходна будзе засвоіць асновы сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, культуралогіі і філасофіі. Кожная з іх цікавая па-свойму, мае свае асаблівасці і метады даследавання, адлюстроўвае свой спектр чалавечага жыцця, яго адносіны да навакольнага асяроддзя.

Можна сказаць, што на вашых вачах змяняецца свет. Варта далучацца і ператвараць яго, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, будаваць ІТ-грамадства, асвойваць кіберпрастору, выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для пазнання новага, атрымання сучасных ведаў, якаснай адукацыі.

*Новае ў дадзеным артыкуле.

Навучыцца думаць самастойна…

У ХХI ст. змяніліся навуковыя і адукацыйныя практыкі, з’явілася вялікая плынь інфармацыі, з якой людзі не спраўляюцца, – усё гэта прывяло да пошуку новых перспектыў для сучаснай адукацыі. Само жыццё востра паставіла пытанне: «Што могуць прапанаваць сацыяльныя і гуманітарныя навукі ў адказ на новыя выклікі і глабальныя рызыкі, з якімі сутыкнулася сучаснае грамадства?» Адказ на гэтае пытанне відавочны: «Мы павінны навучыцца жыць у свеце фундаментальнай нявызначанасці і быць запатрабаванымі ў свеце пастаянных змен».

Сучасныя людзі маюць патрэбу ў выпрацоўцы ўменняў разумець інфармацыю, адрозніваць важнае ад неістотнага, а галоўнае – спалучаць разрозненыя фрагменты інфармацыі ў цэласную карціну свету. «Думаць самастойна» – вось галоўны прынцып ХХI ст.! Трэба разумець, што калі ў сучаснага пакалення адсутнічае цэласны погляд на свет, то выбар будучага будзе ажыццяўляцца выпадковым чынам.

Для таго каб ісці ў нагу з часам, перш за ўсё неабходна пастаянна абнаўляць свае веды. Змяняецца не толькі грамадства, эканоміка, культура, змяняецца і сам чалавек. Ці падрыхтаваны мы да міграцыі ў кіберпрастору, канкурэнцыі са штучным інтэлектам, калі папярэдні вопыт можа здацца толькі лішнім клопатам? Ці гатовы мы да таго, што давядзецца мець справу з раней зусім не вядомым: з камп’ютарным суперінтэлектам, машынамі, якія з вялікай дакладнасцю навучацца кіраваць нашымі эмоцыямі; з рукатворнымі кліматычнымі катаклізмамі; з тым, што кожнае дзесяцігоддзе давядзецца кардынальна мяняць прафесію? Сёння ўсё гэта здаецца фантастыкай, але чалавечая думка пастаянна знаходзіцца ў пошуку, а гэта вядзе да развіцця навукі.

Магчыма, з часам знікнуць многія традыцыйныя прафесіі ў самых разнастайных галінах, але яны будуць кампенсаваны стварэннем новых. Працэс з’яўлення новых прафесій і перападрыхтоўкі людзей ніколі не спыніцца. Прафесіі, падмуркам якіх з’яўляюцца фарміраванне чалавека, пазнанне і прагноз сучаснага грамадства (філосафы, сацыёлагі, эканамісты, палітолагі, юрысты, культуролагі), заўсёды будуць запатрабаваны. Як немагчыма знутры кіраваць і кантраляваць чалавечую любоў, натхненне, маральнасць, так нельга кіраваць і каштоўнасцямі, якія чалавек прымае або не. Сфарміраваць гэтыя якасці могуць толькі філасофія і гуманітарная навука, а гэта і ёсць неабходная ўмова захавання чалавека як homo sapiens.