§ 18. Дзяржава і эканоміка

Сацыяльная палітыка. Адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца таксама павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступнае палажэнне:

Артыкул 21. Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

Нагадаем, што ўзровень жыцця характарызуе забяспечанасць людзей матэрыяльнымі дабротамі і паслугамі, ступень задавальнення патрэб людзей. Для яго вызначэння выкарыстоўваюцца такія паказчыкі, як памер даходу на душу насельніцтва, доля расходаў на харчаванне ў сямейным бюджэце, спажыванне тавараў працяглага карыстання, колькасць жылой плошчы на аднаго чалавека і інш.

Якасць жыцця з’яўляецца больш шырокім паняццем і ўключае не толькі эканамічныя параметры, але і доступ да якаснай адукацыі, аховы здароўя, стан навакольнага асяроддзя, сацыяльнае асяроддзе, задавальненне духоўных патрэб, псіхалагічны камфорт.

Кожны чалавек імкнецца мець пастаянны даход на працягу ўсяго свайго жыцця. Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца ў поўнай меры. Дапамагчы ў гэтым могуць прыватныя зберажэнні ці дзяржаўная сістэма сацыяльнай абароны.

Сацыяльная абарона забяспечвае грамадзянам даход або прадастаўляе сацыяльныя паслугі, неабходныя для забеспячэння іх патрэб у пэўныя перыяды жыцця. У адпаведнасці з замацаванай заканадаўчай практыкай да сацыяльна ўразлівых (неабароненых) слаёў насельніцтва прынята адносіць грамадзян, якія не маюць магчымасці за кошт працы забяспечыць прымальны ўзровень задавальнення жыццёвых патрэб для сябе і членаў сваёй сям’і. У цэлым сістэма сацыяльнай абароны заклікана ствараць пэўную абароненасць і бяспеку сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва. А асноўнай яе функцыяй становіцца аказанне дапамогі чалавеку, які знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Мэтанакіраваная сацыяльная палітыка, якая праводзіцца дзяржавай, дазваляе падтрымліваць пэўныя сацыяльныя групы (маладыя і шматдзетныя сем’і, людзей з інваліднасцю, састарэлых і інш.). На аснове рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы краіны самастойна распрацоўваюць сваё нацыянальнае сацыяльнае заканадаўства. Нягледзячы на розныя падыходы ў пытаннях сацыяльнай абароны, існуюць і агульныя прынцыпы яе арганізацыі ў розных краінах, сярод якіх:

• прынцып дыферэнцыраванага падыходу да розных слаёў і груп насельніцтва ў залежнасці ад іх сацыяльнага становішча, узросту, працаздольнасці і ступені эканамічнай самастойнасці, прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыйнага росту;

• прынцып пераходу ад сацыяльнага ўтрыманства да сацыяльных гарантый, што ўключае папярэджанне магчымых фактараў сацыяльнай рызыкі;

• прынцып інтэграванасці, які прадугледжвае, што сістэма сацыяльнай абароненасці павінна працаваць з дакладным вызначэннем правоў, адказнасці і функцый кожнага інстытута грамадзянскага грамадства.