Печатать книгуПечатать книгу

§ 18. Дзяржава і эканоміка

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: § 18. Дзяржава і эканоміка
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:23

Задачы і метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Дзяржава заўсёды аказвала і аказвае сур’ёзны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства. Сёння ніводная эканоміка не існуе і не функцыянуе без умяшання дзяржавы. Рыначнаму механізму патрэбна рэгуляванне для таго, каб не дапускаць маштабных крызісных з’яў у эканоміцы.

icon-persona

У першай палове XX ст. сфарміраваўся шэраг тэорый цыклічнага развіцця эканомікі (Сайман Кузнец, Мікалай Кандрацеў і інш.). У наш час прынята вылучаць наступныя стадыі эканамічнага цыкла: пад’ём (бум), крызіс (рэцэсія, спад), дэпрэсія (дно), ажыўленне (пашырэнне).

Амерыканскі вучоны Джон Мейнард Кейнс у 1930-я гг. сфармуляваў асноўныя палажэнні тэорыі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі для пераадолення крызісу перавытворчасці тавараў і паслуг, якая стала вядома як «кейнсіянства».

Пад дзяржаўным рэгуляваннем эканомікі разумеюць комплекс эканамічных мерапрыемстваў дзяржавы, якія распрацоўваюцца і рэалізуюцца для таго, каб уздзейнічаць на сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства.

Асноўныя эканамічныя задачы, што рашаюцца сёння большасцю дзяржаў свету, можна звесці да наступных:

• пераразмеркаванне даходаў домагаспадарак і прадпрыемстваў;

• абарона правоў уласнасці;

• пераразмеркаванне рэсурсаў краіны ў інтарэсах грамадства ў цэлым;

• клопат пра тое, каб кожны, хто можа і хоча працаваць, меў працу;

• рэгуляванне працоўных адносін;

• арганізацыя вытворчасці дзяржаўных даброт, якія прадастаўляюцца дзяржавай усім грамадзянам на роўных асновах.

Калі кажуць аб «правілах гульні» для эканамічных суб’ектаў, то маюць на ўвазе прававы фундамент, створаны дзяржавай, на аснове якога «працуе» эканоміка. Своечасовае прыняцце неабходных законаў і іх выкананне забяспечваюць прававую абарону суб’ектаў эканамічнай дзейнасці. Дзяржава афармляе прававы статус эканамічных суб’ектаў, устанаўлівае правілы і нормы гаспадарання.

Метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі падзяляюцца на прамыя і ўскосныя.

Прамыя метады праяўляюцца ў тым, што дзяржава вядзе барацьбу з манаполіямі, інвестуе ў асобныя галіны эканомікі, фінансуе навуковыя даследаванні і падрыхтоўку прафесійных кадраў, стварае дзяржаўныя прадпрыемствы, кантралюе экспарт і імпарт шэрагу тавараў і абараняе айчынных вытворцаў.

icon-discussions
Растлумачце, як вы разумееце тэрміны «экспарт» і «імпарт». Розніца паміж экспартам і імпартам у грошах называецца «сальда знешняга гандлю». У якім выпадку гэта сальда з’яўляецца станоўчым — калі экспарт па кошце перавышае імпарт ці наадварот?
icon-remember
Прыгадайце з гісторыі, што такое пратэкцыянісцкая палітыка. Якія меры пратэкцыянізму вы можаце назваць?

Да ўскосных метадаў рэгулявання належаць мерапрыемствы падатковай (фіскальнай) палітыкі па змяненні падаткаў для стымулявання эканамічнай актыўнасці, грашовай (манетарнай) палітыкі шляхам рэгулявання колькасці грошай у абарачэнні, сацыяльнай палітыкі шляхам рэгулявання працоўных адносін (напрыклад, устанаўленне мінімальнага ўзроўню аплаты працы).

Інфляцыя і яе сацыяльна-эканамічныя наступствы. Адной з актуальных задач дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з’яўляецца недапушчэнне высокай інфляцыі. Як адзначалася раней, інфляцыя праяўляецца ў росце ўзроўню цэн на тавары і паслугі і абясцэньванні грошай. На адну і тую ж суму можна набыць менш тавараў і паслуг, а значыць, пакупніцкая здольнасць грошай падае.

Звычайна для характарыстыкі інфляцыі выкарыстоўваюць такі паказчык, як узровень інфляцыі, які вымяраецца павелічэннем узроўню цэн на той ці іншы працэнт за пэўны перыяд (месяц, квартал, год і г. д.). У міжнароднай практыцы прынята лічыць, што жаданы ўзровень інфляцыі складае прыкладна 3–5 % за год.

img

Пры інфляцыі ў большасці ўдзельнікаў эканамічнага працэсу непазбежны страты. Першымі ў гэтай чарзе становяцца спажыўцы, у якіх абясцэньваюцца асабістыя зберажэнні, а значыць, змяншаецца бягучае спажыванне, бо за тую ж суму грошай ва ўмовах росту цэн спажыўцы могуць набыць меншую колькасць тавараў і паслуг. У той самы час ад інфляцыі церпяць страты і вытворцы тавараў, таму што не ведаюць, якую цану прызначаць за вырабленыя тавары і паслугі, і адчуваюць цяжкасці з планаваннем сваёй дзейнасці на перспектыву.

Ва ўмовах высокіх тэмпаў інфляцыі ўсе імкнуцца хутчэй пазбавіцца ад грошай і перавесці іх у надзейныя каштоўнасці, што можа прывесці да крызісу грашовага абарачэння. У такіх умовах грошы перастаюць выконваць свае функцыі, растуць узаемныя неплацяжы, бо ўсе чакаюць далейшага абясцэньвання грошай і імкнуцца адцягнуць выкананне фінансавых абавязацельстваў. Дзяржава не атрымлівае патрэбнага аб’ёму падатковых паступленняў і для аплаты сваіх расходаў выпускае ў абарачэнне ўсё новыя і новыя грошы, павялічваючы іх намінал. Самая вялікая па намінале банкнота (1 мільярд трыльёнаў) была выпушчана ў Венгрыі ў 1946 г., калі краіна перажывала самы высокі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю грашовага абарачэння ў свеце.

Самай буйной банкнотай у Беларусі была банкнота наміналам 5 мільёнаў рублёў, якая знаходзілася ў абарачэнні з 1999 па 2001 г. У 2000 і 2016 гг. у Беларусі з мэтай пераадолення негатыўных наступстваў інфляцыі і стабілізацыі нацыянальнай грашовай адзінкі былі праведзены дзве дэнамінацыі. Дэнамінацыя (ад лац. denominatio — перайменаванне) — змяненне намінальнай вартасці грашовых знакаў. У 2016 г. яна была зменшана ў 10 000 разоў. У абарачэнне былі ўведзены манеты, а самая буйная купюра на дадзены момант складае 500 рублёў.

icon-discussions
Чаму ўвядзенне манет можна разглядаць у якасці прыметы стабілізацыі грашовай адзінкі?

Дзяржава можа змагацца з інфляцыяй, выкарыстоўваючы разнастайныя метады. Першы — скараціць колькасць грошай у абарачэнні. Тым самым грошай, якія могуць быць патрачаны на набыццё тавараў і паслуг у эканоміцы, стане менш. Попыт на тавары і паслугі знізіцца. У гэтым выпадку на цэны будзе аказвацца паніжальнае ўздзеянне. Другі — павялічыць колькасць тавараў і паслуг, што прапануюцца да продажу за кошт, напрыклад, стварэння магчымасцей для набыцця зямлі, інвестыцый у вытворчасць тавараў. Вынікам будзе таксама паніжальнае ўздзеянне на цэны.

icon-search
На сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (http://nbrb.by) у раздзеле «Манетарная палітыка» знайдзіце запланаванае і фактычнае значэнне паказчыку інфляцыі ў нашай краіне сёлета. Зрабіце вывад наконт бягучых тэмпаў інфляцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Антыінфляцыйная палітыка з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнага рэгулявання. Асноўная мэта дадзенай палітыкі заключаецца ў тым, каб устанавіць над інфляцыяй надзейны кантроль і ўтрымліваць параўнаўча невысокія тэмпы росту цэн. Важная роля пры гэтым належыць рэгуляванню цэн і скарачэнню расходаў, у тым ліку дзяржаўных.

Беспрацоўе, яго формы, эканамічныя і сацыяльныя наступствы. Яшчэ адным напрамкам дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з’яўляецца барацьба з беспрацоўем. Беспрацоўе — гэта сацыяльна-эканамічная з’ява, пры якой частка эканамічна актыўнага насельніцтва не можа працаўладкавацца.

icon-discussions
Ці можа ў краіне існаваць стопрацэнтная занятасць? Для якой эканамічнай сістэмы яна будзе характэрная? Як вы думаеце, беспрацоўны і непрацуючы — гэта адно і тое ж? Хто ўваходзіць у склад непрацаздольнага насельніцтва?
img

Як вы лічыце, якія віды беспрацоўя эканамісты называюць натуральным беспрацоўем (гэта значыць, што яны з’яўляюцца нармальным станам для эканомікі і пазбавіцца іх немагчыма)?

icon-task

Якое беспрацоўе сведчыць пра сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы і патрабуе ўмяшання дзяржавы і прыняцця антыкрызісных мер?

Аргументуйце свой пункт погляду.

Беспрацоўе для чалавека і членаў яго сям’і — гэта вялікая праблема. Адсутнасць крыніцы даходаў прыводзіць да пагаршэння эканамічнага становішча сям’і, крызісу ў адносінах, сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. Беспрацоўным, як правіла, пагражае страта кваліфікацыі, сацыяльнага статусу і зніжэнне жыццёвага ўзроўню.

Для рэгулявання рынку працы і змяншэння неспрыяльнага ўздзеяння беспрацоўя на эканоміку, сацыяльную сферу дзяржава імкнецца ажыццяўляць шэраг мер па стымуляванні занятасці насельніцтва.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэб, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэб, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам.

Пасіўная палітыка занятасці ўключае меры, накіраваныя на згладжванне негатыўных наступстваў беспрацоўя: выплату дапамогі па беспрацоўі, прадастаўленне магчымасці знайсці новае працоўнае месца праз дзяржаўныя органы па пытаннях занятасці.

icon-search
На сайце Дзяржаўнай службы занятасці Рэспублікі Беларусь (http://gsz.gov.by) у раздзеле «Рынак працы» азнаёмцеся з актуальнай статыстыкай наконт узроўню беспрацоўя ў краіне. Якія асноўныя мерапрыемствы праводзяцца для таго, каб дапамагчы людзям працаўладкавацца?

Актыўная палітыка занятасці распаўсюджваецца на эканамічна актыўнае насельніцтва і носіць папераджальны характар, накіраваны на зніжэнне беспрацоўя да яго мінімальнага (натуральнага) узроўню.

Асноўнымі інструментамі такой палітыкі з’яўляюцца прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка кадраў, грамадскія работы і арганізацыя часовай занятасці, стымуляванне стварэння новых працоўных месцаў, садзейнічанне развіццю малога бізнесу і самастойнай занятасці, прадастаўленне падатковых ільгот і развіццё прадпрымальніцтва.

img
icon-discussions
Чаму, на ваш погляд, дзяржава павінна быць зацікаўлена ў падтрымцы малога бізнесу і самазанятасці? Якому механізму падтрымкі малога бізнесу прысвечана дадзеная рэклама?

Сусветная практыка рэгулявання працоўных адносін сведчыць, што асобны работнік з’яўляецца найбольш слабым і ўразлівым юрыдычным суб’ектам, таму заканадаўства павінна забяспечваць большую ступень яго абароненасці. Фарміраванне палітыкі занятасці павінна спрыяць хуткаму вяртанню грамадзян, што страцілі работу, у сферу занятасці.

icon-discussions
Прафесіі, якія існуюць сёння, паступова аўтаматызуюцца, ручная праца выцясняецца. У якіх прафесіях людзей ужо замянілі робаты і штучны інтэлект? Ці пагражае чалавецтву масавае беспрацоўе?

Сацыяльная палітыка. Адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца таксама павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступнае палажэнне:

Артыкул 21. Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.

Нагадаем, што ўзровень жыцця характарызуе забяспечанасць людзей матэрыяльнымі дабротамі і паслугамі, ступень задавальнення патрэб людзей. Для яго вызначэння выкарыстоўваюцца такія паказчыкі, як памер даходу на душу насельніцтва, доля расходаў на харчаванне ў сямейным бюджэце, спажыванне тавараў працяглага карыстання, колькасць жылой плошчы на аднаго чалавека і інш.

Якасць жыцця з’яўляецца больш шырокім паняццем і ўключае не толькі эканамічныя параметры, але і доступ да якаснай адукацыі, аховы здароўя, стан навакольнага асяроддзя, сацыяльнае асяроддзе, задавальненне духоўных патрэб, псіхалагічны камфорт.

Кожны чалавек імкнецца мець пастаянны даход на працягу ўсяго свайго жыцця. Аднак не заўсёды гэта атрымліваецца ў поўнай меры. Дапамагчы ў гэтым могуць прыватныя зберажэнні ці дзяржаўная сістэма сацыяльнай абароны.

Сацыяльная абарона забяспечвае грамадзянам даход або прадастаўляе сацыяльныя паслугі, неабходныя для забеспячэння іх патрэб у пэўныя перыяды жыцця. У адпаведнасці з замацаванай заканадаўчай практыкай да сацыяльна ўразлівых (неабароненых) слаёў насельніцтва прынята адносіць грамадзян, якія не маюць магчымасці за кошт працы забяспечыць прымальны ўзровень задавальнення жыццёвых патрэб для сябе і членаў сваёй сям’і. У цэлым сістэма сацыяльнай абароны заклікана ствараць пэўную абароненасць і бяспеку сацыяльна ўразлівых слаёў насельніцтва. А асноўнай яе функцыяй становіцца аказанне дапамогі чалавеку, які знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Мэтанакіраваная сацыяльная палітыка, якая праводзіцца дзяржавай, дазваляе падтрымліваць пэўныя сацыяльныя групы (маладыя і шматдзетныя сем’і, людзей з інваліднасцю, састарэлых і інш.). На аснове рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы краіны самастойна распрацоўваюць сваё нацыянальнае сацыяльнае заканадаўства. Нягледзячы на розныя падыходы ў пытаннях сацыяльнай абароны, існуюць і агульныя прынцыпы яе арганізацыі ў розных краінах, сярод якіх:

• прынцып дыферэнцыраванага падыходу да розных слаёў і груп насельніцтва ў залежнасці ад іх сацыяльнага становішча, узросту, працаздольнасці і ступені эканамічнай самастойнасці, прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыйнага росту;

• прынцып пераходу ад сацыяльнага ўтрыманства да сацыяльных гарантый, што ўключае папярэджанне магчымых фактараў сацыяльнай рызыкі;

• прынцып інтэграванасці, які прадугледжвае, што сістэма сацыяльнай абароненасці павінна працаваць з дакладным вызначэннем правоў, адказнасці і функцый кожнага інстытута грамадзянскага грамадства.

icon-questions

1. Назавіце асноўныя метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі.

2. Што такое інфляцыя? Якія віды інфляцыі існуюць? Якая інфляцыя лічыцца бяспечнай для эканомікі?

3. У чым прычыны беспрацоўя? У чым праяўляюцца асаблівасці розных відаў беспрацоўя?

4. Навошта дзяржава ўстанаўлівае мінімальны памер аплаты працы? Ці дапаможа гэта скараціць колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці? Сфармулюйце свае прапановы па барацьбе з гэтай сацыяльнай праблемай.

icon-idea
Распрацуйце з аднакласнікамі памятку «Парады моладзі па пытаннях працаўладкавання». Паспрабуйце ўлічыць рэгіянальныя асаблівасці рынку працы.