§ 17. Фінансавая сістэма грамадства

Падаткі, іх віды і роля ў эканоміцы. Многія людзі задаюцца пытаннем: навошта плаціць падаткі? Справа ў тым, што кожнай дзяржаве для ажыццяўлення сваіх функцый неабходны сродкі. Яны фарміруюцца з дапамогай падаткаў, гэта значыць, шляхам пераразмеркавання нацыянальнага даходу. Падаткі складаюць аснову даходаў дзяржаўных бюджэтаў усіх краін свету.

Падаткі вядомы з глыбокай старажытнасці, тады іх называлі данінай. Першы грашовы пагалоўны падатак на грамадзян быў уведзены яшчэ ў Рымскай імперыі ў II ст. Развіццё таварна-грашовых адносін і эканомікі ў цэлым прывяло да таго, што падаткі пачалі выцясняць іншыя віды плацяжоў, у тым ліку натуральных.

Падаткі — гэта абавязковыя дармовыя плацяжы асобных грамадзян і юрыдычных асоб, якія спаганяюцца дзяржавай з мэтай задавальнення патрэб у фінансавых рэсурсах. Фактычна гэта даходы дзяржавы, што збіраюцца на рэгулярнай аснове з дапамогай прыналежнага ёй права прымусу.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступнае палажэнне:

Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

icon-search
Зайдзіце на сайт Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (http://nalog.gov.by) і даведайцеся, якія звесткі ўтрымліваюцца ў Дзяржаўным рэестры плацельшчыкаў (іншых абавязаных асоб).

Пад падаткамі разумеюць плацяжы, у назве якіх, як правіла, прысутнічае слова «падатак». Напрыклад, падаходны падатак, падатак на нерухомасць. Разам з тым падатковы характар носяць таксама зборы (пошліны) — абавязковыя плацяжы, якія спаганяюцца за здзяйсненне дзяржаўнымі органамі юрыдычна значных дзеянняў (напрыклад, мытныя пошліны, пошліна за замену пашпарта і г. д.), а таксама абавязковыя адлічэнні ў дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды (напрыклад, у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва). Усе гэтыя плацяжы з’яўляюцца элементам падатковай сістэмы. Гэта сістэма таксама ўключае органы збору падаткаў і нагляду за іх уплатай (падатковая інспекцыя, падатковая міліцыя або паліцыя).

Існуюць розныя віды падаткаў. У залежнасці ад спосабу спагнання вылучаюць прамыя і ўскосныя падаткі. Прамыя падаткі спаганяюцца непасрэдна з даходаў і маёмасці падаткаплацельшчыкаў. Крыніцай прамых падаткаў з’яўляюцца: прыбытак прадпрыемстваў, заработная плата наёмных работнікаў, дывідэнды (даход, які атрымлівае ўладальнік акцый), працэнты па ўкладах, нерухомасць і інш. Такім чынам, да прамых падаткаў належаць: падатак на прыбытак, падаходны падатак з фізічных асоб, які спаганяецца з даходу, атрыманага імі з розных крыніц (зарплата, дывідэнды, працэнты па ўкладах і г. д.), падатак на нерухомасць, зямельны падатак, экалагічны падатак і г. д.

img
icon-task
Вызначце, да якога віду належыць падаходны падатак у Рэспубліцы Беларусь, калі вядома, што з зарплаты 500 р. грамадзянін заплаціць 65 р. падаходнага падатку, з зарплаты 1300 р. — 169 р., а з зарплаты 2000 р. — 260 р. Вылічыце памеры стаўкі/ставак падаходнага падатку. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі ўдакладніце, ці не адбыліся змены ў стаўках з часу выдання вучэбнага дапаможніка.

Ускосныя падаткі выплачваюцца апасродкавана, шляхам уключэння ў цану тавараў і паслуг. Купляючы пэўны тавар ці паслугу, спажывец выплачвае такі падатак. Да ўскосных падаткаў належаць падатак на дабаўлены кошт, акцызы (падаткі на пэўныя тавары), мытныя пошліны.

Падатак на дабаўлены кошт (ПДК) выплачваецца з так званага дабаўленага кошту (рыначны кошт прадукцыі, вырабленай фірмай, за вылікам кошту спажытых сыравіны і матэрыялаў, набытых ёю ў пастаўшчыкоў).

icon-task
Разгледзьце чэкі сваіх апошніх пакупак, у якіх асобным радком пазначаны памер ПДК. Вызначце суму выплачанага падатку. Які яго памер?

Tax Free — гэта сістэма вяртання ПДК замежным грамадзянам за пакупкі, зробленыя на тэрыторыі дзяржавы, пры выездзе з яе. Беларусь падтрымлівае сістэму Tax Free з 2013 г. Сістэма вяртання распаўсюджваецца на асоб, якія не пражываюць пастаянна ў Беларусі і краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Вяртанне робіцца з цаны тавараў, што абкладаюцца 20 % ПДК, пры ўмове куплі на пэўную суму ў гандлёвым аб’екце, падключаным да сістэмы Tax Free, на працягу аднаго працоўнага дня. Сістэма вяртання не распаўсюджваецца на прадукты са стаўкай ПДК 10 %.

icon-search
Якія стаўкі ПДК існуюць у нашай краіне? Якую ролю адыгрывае сістэма Tax Free ў стымуляванні замежных турыстаў рабіць пакупкі?

Акцызны падатак — гэта падатак на спажыванне пэўных тавараў. Ён уяўляе сабой спецыяльныя надбаўкі да цэн, уключаецца ў іх і аплачваецца пакупнікамі. Гэты падатак, як правіла, распаўсюджваецца на пэўныя тавары (транспартныя сродкі, паліва, спіртныя напоі і тытунёвыя вырабы і інш.).

Па сферы распаўсюджвання падаткі падзяляюцца на агульнадзяржаўныя (рэспубліканскія) і мясцовыя. Да агульнадзяржаўных належаць падаткі, якія паступаюць у дзяржаўны бюджэт і фарміруюць яго на 85−90 % (большая частка падатку на прыбытак і даходы, мытныя пошліны і г. д.). Да мясцовых падаткаў адносяцца падаткі, якія паступаюць у мясцовыя бюджэты.