§ 17. Фінансавая сістэма грамадства
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 17. Фінансавая сістэма грамадства |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 2 Январь 2025, 18:11 |
Паняцце фінансавай сістэмы. Фінансы — гэта сукупнасць эканамічных адносін, звязаных са стварэннем і выкарыстаннем грашовых сродкаў. Тэрмін «фінансаваць» значыць «забяспечыць грашыма тую ці іншую дзейнасць». Напрыклад, можна фінансаваць навучанне дзіцяці ў спартыўнай секцыі (сямейныя фінансы), працу завода па выпуску малочнай прадукцыі (фінансы прадпрыемства), выданне школьных падручнікаў (дзяржаўныя фінансы).
Фінансавая сістэма — гэта сістэма збору і размеркавання дзяржаўнай уладай грашовых сродкаў.
Бюджэт (ад англ. budget — сумка, кашалёк) — гэта зводны план збору даходаў і выкарыстання атрыманых сродкаў на пакрыццё расходаў за пэўны перыяд.
Дзяржаўны бюджэт. Дзяржаўны бюджэт займае асноўнае месца ў сістэме дзяржаўных фінансаў. Ён фарміруе цэнтралізаваны фонд грашовых рэсурсаў для ўтрымання дзяржаўнага апарату, узброеных сіл, сістэмы аховы здароўя, адукацыі, выплаты сацыяльных дапамог і выступае рухаючай сілай дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, рэалізацыі мер па яе стабілізацыі.
Дзяржаўны бюджэт — гэта асноўны фінансавы план дзяржавы па даходах і расходах. Бюджэт прадстаўляе поўную інфармацыю пра дзяржаўныя фінансы, дзейнасць, напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі. Бюджэт дзяржавы абавязковы для выканання ўдзельнікамі бюджэтных адносін.
Дзяржава імкнецца, каб яе расходы не перавышалі даходаў. Калі паміж імі адзначаецца роўнасць, то бюджэт з’яўляецца збалансаваным. Аднак такі бюджэт сустракаецца не часта. У большасці выпадкаў расходы дзяржавы перавышаюць даходы. Такі бюджэт называецца дэфіцытным. Іншы раз назіраецца адваротная сітуацыя, калі даходы бюджэту перавышаюць расходы. Такі бюджэт называецца прафіцытным.
У тых краінах, дзе існуе ўнітарнае дзяржаўнае ўладкаванне, бюджэтная сістэма мае двухузроўневую будову — дзяржаўны і мясцовы бюджэты. У краінах з федэральным дзяржаўным уладкаваннем маюцца прамежкавыя звёны — бюджэты штатаў, земляў, кантонаў, суб’ектаў федэрацыі і да т. п.
Мясцовыя бюджэты — гэта бюджэты абласцей, раёнаў, гарадоў і да т. п. У сувязі з удасканаленнем працэсу вытворчасці, развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу і алічбаваннем эканомікі ў розных краінах свету назіраецца тэндэнцыя росту і ўзмацнення ўплыву мясцовых органаў улады. Узмацняюцца маштабы і аб’ёмы рэгіянальных гаспадарак, пашыраюцца і ўскладняюцца міжтэрытарыяльныя сувязі і функцыі мясцовых улад. Усё гэта павышае значэнне мясцовых бюджэтаў.
Падаткі, іх віды і роля ў эканоміцы. Многія людзі задаюцца пытаннем: навошта плаціць падаткі? Справа ў тым, што кожнай дзяржаве для ажыццяўлення сваіх функцый неабходны сродкі. Яны фарміруюцца з дапамогай падаткаў, гэта значыць, шляхам пераразмеркавання нацыянальнага даходу. Падаткі складаюць аснову даходаў дзяржаўных бюджэтаў усіх краін свету.
Падаткі вядомы з глыбокай старажытнасці, тады іх называлі данінай. Першы грашовы пагалоўны падатак на грамадзян быў уведзены яшчэ ў Рымскай імперыі ў II ст. Развіццё таварна-грашовых адносін і эканомікі ў цэлым прывяло да таго, што падаткі пачалі выцясняць іншыя віды плацяжоў, у тым ліку натуральных.
Падаткі — гэта абавязковыя дармовыя плацяжы асобных грамадзян і юрыдычных асоб, якія спаганяюцца дзяржавай з мэтай задавальнення патрэб у фінансавых рэсурсах. Фактычна гэта даходы дзяржавы, што збіраюцца на рэгулярнай аснове з дапамогай прыналежнага ёй права прымусу.
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Пад падаткамі разумеюць плацяжы, у назве якіх, як правіла, прысутнічае слова «падатак». Напрыклад, падаходны падатак, падатак на нерухомасць. Разам з тым падатковы характар носяць таксама зборы (пошліны) — абавязковыя плацяжы, якія спаганяюцца за здзяйсненне дзяржаўнымі органамі юрыдычна значных дзеянняў (напрыклад, мытныя пошліны, пошліна за замену пашпарта і г. д.), а таксама абавязковыя адлічэнні ў дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды (напрыклад, у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва). Усе гэтыя плацяжы з’яўляюцца элементам падатковай сістэмы. Гэта сістэма таксама ўключае органы збору падаткаў і нагляду за іх уплатай (падатковая інспекцыя, падатковая міліцыя або паліцыя).
Існуюць розныя віды падаткаў. У залежнасці ад спосабу спагнання вылучаюць прамыя і ўскосныя падаткі. Прамыя падаткі спаганяюцца непасрэдна з даходаў і маёмасці падаткаплацельшчыкаў. Крыніцай прамых падаткаў з’яўляюцца: прыбытак прадпрыемстваў, заработная плата наёмных работнікаў, дывідэнды (даход, які атрымлівае ўладальнік акцый), працэнты па ўкладах, нерухомасць і інш. Такім чынам, да прамых падаткаў належаць: падатак на прыбытак, падаходны падатак з фізічных асоб, які спаганяецца з даходу, атрыманага імі з розных крыніц (зарплата, дывідэнды, працэнты па ўкладах і г. д.), падатак на нерухомасць, зямельны падатак, экалагічны падатак і г. д.
Ускосныя падаткі выплачваюцца апасродкавана, шляхам уключэння ў цану тавараў і паслуг. Купляючы пэўны тавар ці паслугу, спажывец выплачвае такі падатак. Да ўскосных падаткаў належаць падатак на дабаўлены кошт, акцызы (падаткі на пэўныя тавары), мытныя пошліны.
Падатак на дабаўлены кошт (ПДК) выплачваецца з так званага дабаўленага кошту (рыначны кошт прадукцыі, вырабленай фірмай, за вылікам кошту спажытых сыравіны і матэрыялаў, набытых ёю ў пастаўшчыкоў).
Tax Free — гэта сістэма вяртання ПДК замежным грамадзянам за пакупкі, зробленыя на тэрыторыі дзяржавы, пры выездзе з яе. Беларусь падтрымлівае сістэму Tax Free з 2013 г. Сістэма вяртання распаўсюджваецца на асоб, якія не пражываюць пастаянна ў Беларусі і краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Вяртанне робіцца з цаны тавараў, што абкладаюцца 20 % ПДК, пры ўмове куплі на пэўную суму ў гандлёвым аб’екце, падключаным да сістэмы Tax Free, на працягу аднаго працоўнага дня. Сістэма вяртання не распаўсюджваецца на прадукты са стаўкай ПДК 10 %.
Акцызны падатак — гэта падатак на спажыванне пэўных тавараў. Ён уяўляе сабой спецыяльныя надбаўкі да цэн, уключаецца ў іх і аплачваецца пакупнікамі. Гэты падатак, як правіла, распаўсюджваецца на пэўныя тавары (транспартныя сродкі, паліва, спіртныя напоі і тытунёвыя вырабы і інш.).
Па сферы распаўсюджвання падаткі падзяляюцца на агульнадзяржаўныя (рэспубліканскія) і мясцовыя. Да агульнадзяржаўных належаць падаткі, якія паступаюць у дзяржаўны бюджэт і фарміруюць яго на 85−90 % (большая частка падатку на прыбытак і даходы, мытныя пошліны і г. д.). Да мясцовых падаткаў адносяцца падаткі, якія паступаюць у мясцовыя бюджэты.
1. Што такое падаткі? Якія функцыі выконваюць падаткі?
2. Пералічыце асноўныя віды падаткаў. Чым прамыя падаткі адрозніваюцца ад ускосных?
3. Назавіце асноўныя даходныя і расходныя артыкулы дзяржаўнага бюджэту.
4. Разгледзьце структуру грашовых даходаў насельніцтва (2016−2019 гг.) і вызначце, да якіх катэгорый адносяцца даходы ад фактараў вытворчасці (рэнта, прыбытак, заработная плата, працэнт, роялці). Параўнайце долі першасных і другасных грашовых даходаў насельніцтва. Зрабіце вывад.