*§ 15-1. Рынак: попыт, прапанова, рыначная цана
Рынак. Рыначнай інфраструктурай называецца сукупнасць спецыялізаваных інстытутаў і арганізацый, якія дзейнічаюць у межах пэўнага рынку і выконваюць на ім пасрэдніцкія функцыі. У залежнасці ад выдзялення рынкаў па аб’ектах (напрыклад, рынак тавараў і паслуг, рынак каштоўных папер, рынак працы) вылучаюцца наступныя інстытуты і арганізацыі:
1. Рынак тавараў і паслуг абслугоўваецца такімі інстытутамі, як таварныя біржы, прадпрыемствы аптовага і рознічнага гандлю, кірмашы, аўкцыёны, сэрвісныя службы і інш.
2. Рынак каштоўных папер абслугоўваецца фондавай біржай, інвестыцыйнымі банкамі, брокерскімі фірмамі і інш.
3. Рынак працы належыць да рынкаў фактараў вытворчасці (разам з рынкам капіталаў і нерухомасці). Вядучым інстытутам з’яўляецца біржа працы.
Як зарабляюць «быкі» і «мядзведзі» на фондавым рынку?
«Быкі» і «мядзведзі» — агульнапрынятыя ў свеце фінансаў назвы ўдзельнікаў фондавага рынку, якія гуляюць на павышэнне або паніжэнне курсаў валют ці каштоўных папер, інакш кажучы, уяўляюць сабой біржавых «байцоў», якія прытрымліваюцца розных гандлёвых стратэгій (і, адпаведна, атрымліваюць найбольшы прыбытак, рэалізуючы іх). Лічыцца, што бык і мядзведзь былі абраны, каб сімвалізаваць пэўны рух фондавых рынкаў адпаведна іх манеры нападу. Бык, напрыклад, узнімае сваю ахвяру на рогі — і гэта сімвалізуе пад’ём рыначных цэн. «Быкі» атрымліваюць найбольшы прыбытак пры росце каціровак акцый, валют. Мядзведзь, наадварот, валіць ворага на зямлю лапай — і цэны, адпаведна, падаюць. «Мядзведзі» зарабляюць на зніжэнні кошту фінансавых актываў.
Чыя задача заключаецца ў тым, каб купіць зараз танна, а прадаць потым дорага?
Чыя задача — узяць пазыку і прадаць зараз дорага, а потым — адкупіць танна?
Праверце свае меркаванні, ажыццявіўшы пошук эканамічнай інфармацыі.