§ 13. Уласнасць і даходы

Пражытачны мінімум. Важным паказчыкам і вынікам эканамічнага жыцця грамадства з’яўляецца ўзровень жыцця яго членаў. Гэты паказчык характарызуе ступень забяспечанасці людзей матэрыяльнымі дабротамі і задавальнення іх патрэб. Для вызначэння ўзроўню жыцця насельніцтва выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі: памеры даходу на душу насельніцтва (сярэднестатыстычны даход, што атрымліваецца асобна ўзятым чалавекам у краіне за год), доля расходаў на харчаванне ў сямейным бюджэце, спажыванне тавараў працяглага карыстання, колькасць жылой плошчы на аднаго чалавека і інш.

Існуе эканамічны закон, згодна з якім доля расходаў, выдаткаваных на харчаванне, тым большая, чым ніжэйшыя даходы. Напрыклад, багаты чалавек расходуе на харчаванне 10 % свайго даходу, а бедны — 60−70 % і больш. З ростам даходаў удзельная вага расходаў на харчаванне зніжаецца, доля расходаў на адзенне, жыллё і камунальныя паслугі крыху павялічваецца, значна ўзрастае доля расходаў на задавальненне культурных і іншых нематэрыяльных патрэб (падарожжы, спорт і г. д.), а таксама на зберажэнні.

icon-task
Праілюструйце дзеянне гэтага закону канкрэтнымі жыццёвымі прыкладамі.

У нашай краіне для ацэнкі ўзроўню матэрыяльнай забяспечанасці звычайна выкарыстоўваюць такі паказчык, як бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) — кошт мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя. Ён улічвае таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы. Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

icon-search
Даведайцеся, колькі зараз складае БПМ для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп (працаздольнае насельніцтва, пенсіянеры, студэнты, дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, ад 3 да 6 гадоў, ад 6 да 18 гадоў) і ў сярэднім на душу насельніцтва.

Даходы ўплываюць на якасць жыцця, паводзіны і свядомасць людзей. Маючы дастатковыя сродкі, чалавек можа набыць сродкі вытворчасці і стаць уласнікам, прадпрымальнікам. У сваю чаргу даходы (дабрабыт) людзей залежаць ад гатоўнасці атрымліваць адукацыю, мяняць адну працу на іншую, рабіць прафесійную кар’еру. Непасрэдны ўплыў на ўзровень даходаў насельніцтва аказваюць эфектыўнасць эканамічнай сістэмы і сацыяльная палітыка, якая праводзіцца дзяржавай.