Печатать книгуПечатать книгу

§ 13. Уласнасць і даходы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: § 13. Уласнасць і даходы
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 7 Май 2024, 23:57

Адносіны ўласнасці. У паўсядзённым жыцці пра ўласнасць кажуць, калі неабходна вызначыць, каму належыць рэч. Напрыклад, «гэта мой дом» або «гэта мой аўтамабіль». Але ўласнасць — гэта не проста стаўленне асобнага чалавека ці групы людзей да пэўнай рэчы як да сваёй. З эканамічнага пункту погляду ўласнасць складаюць адносіны з нагоды прыналежнасці рэчаў, пэўных эканамічных даброт.

Уласнасць — гэта прызнаныя грамадствам стасункі ў сувязі з размеркаваннем і прысваеннем эканамічных даброт паміж разнастайнымі суб’ектамі эканамічных адносін. Катэгорыя «ўласнасць » — гэта вынік факта абмежаванасці рэсурсаў і магчымасці іх альтэрнатыўнага прымянення. Паколькі пытанні ўласнасці закранаюць непасрэдна інтарэсы людзей, узнікае неабходнасць іх прававога рэгулявання — права ўласнасці замацоўваецца законам.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю.

Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права атрымання яе ў спадчыну ахоўваюцца законам.

Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.

Суб’ект уласнасці (уласнік) — асоба ці група асоб, якія валодаюць якой-небудзь маёмасцю, распараджаюцца і карыстаюцца ёй. Уласнікамі могуць быць асобныя людзі (фізічныя асобы), арганізацыі і прадпрыемствы (юрыдычныя асобы), у тым ліку замежныя. Аб’екты ўласнасці могуць быць матэрыяльныя (дом, адзенне), нематэрыяльныя (аўтарскія правы на выраб, патэнты на вынаходствы).

Адносіны ўласнасці ўяўляюць сабой адносіны валодання, карыстання, распараджэння. Валоданне — гэта юрыдычна замацаваны факт, які азначае рэальнае ўладанне аб’ектам уласнасці. Карыстанне — гэта выкарыстанне аб’екта ўласнасці ў адпаведнасці з яго прызначэннем па жаданні карыстальніка, які прысвойвае карысныя вынікі. Распараджэнне — гэта кіраванне ўласнасцю (продаж, дарэнне, перадача ў арэнду і інш.).

icon-discussions
Ці можна карыстацца рэччу, не валодаючы ёй? Ці можа быць так, што чалавек валодае рэччу, але не мае права карыстацца ёй?

Уласнік мае права здзяйсняць у адносінах да маёмасці, што належыць яму, любыя дзеянні, якія не супярэчаць законам, безумоўна, калі гэтыя дзеянні не парушаюць правоў іншых суб’ектаў. Пры гэтым уласнік нясе адказнасць за сваю маёмасць. Адказнасць мае на ўвазе забеспячэнне належнага выкарыстання аб’екта ўласнасці. У тых выпадках, калі гэта патрабаванне не выконваецца, уласнік павінен кампенсаваць нанесены ўрон, напрыклад калі гэта звязана з невыкананнем эканамічных абавязацельстваў, забруджваннем навакольнага асяроддзя, парушэннем правоў іншых суб’ектаў.

icon-search

Прааналізуйце наступныя артыкулы Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

● Артыкул 211. Цяжар утрымання маёмасці.

● Артыкул 212. Рызыка выпадковай гібелі маёмасці.

Растлумачце на прыкладах, што канкрэтна мае на ўвазе цяжар утрымання маёмасці. На каго ўскладзены гэты цяжар і рызыкі гібелі і пашкоджання маёмасці?

Існуюць розныя спосабы набыцця права ўласнасці. Першасныя маюць на ўвазе ўзнікненне права ўласнасці ў выніку стварэння рэчы, знаходжання і збору агульнадаступных рэчаў (грыбоў, ягад і інш.), а другасныя (вытворныя) — пераход ужо існуючага права да другога ўласніка ў выніку продажу, дарэння, абмену, атрымання ў спадчыну.

Асноўныя формы ўласнасці. Форма ўласнасці залежыць ад таго, хто з’яўляецца суб’ектам яе прысваення. У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь зафіксаваны дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Прыватная ўласнасць мае на ўвазе прысваенне даброт (ці правоў уласнасці) адзінкавай асобай або групай асоб. Яна прадстаўлена асабістай і індывідуальнай прыватнай уласнасцю, а таксама калектыўнай (акцыянернай і кааператыўнай) уласнасцю.

img
icon-task
Пры якіх умовах прадмет асабістага карыстання можа стаць фактарам вытворчасці? Напрыклад, смартфон, веласіпед, камп’ютар, аўтамабіль.

Паводле характару накаплення прыватная ўласнасць можа быць працоўная і непрацоўная. Працоўная ўласнасць фарміруецца за кошт заработнай платы наёмных работнікаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Непрацоўная ўласнасць ствараецца за кошт атрымання маёмасці ў спадчыну ці ў выніку дарэння, даходаў ад каштоўных папер, укладаў у банку і г. д.

Разам з прыватнай уласнасцю існуе дзяржаўная ўласнасць — гэта ўласнасць грамадства (народа) у цэлым, якой валодае і распараджаецца дзяржава, а вынікі выкарыстоўваюць усе людзі. Дзяржаўная ўласнасць распаўсюджваецца на асноўныя прыродныя багацці, а таксама на тыя аб’екты, якія служаць здзяйсненню мэт, што стаяць перад дзяржавай. Яна пераважае ў галінах, якія маюць агульнаэканамічнае значэнне, паколькі неабходны грамадству ў цэлым і, у тым ліку, патрабуюць вялікіх затрат.

Акрамя таго, магчыма аб’яднанне маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці розных эканамічных суб’ектаў, і ўтварэнне на гэтай аснове змешаных формаў уласнасці, у тым ліку ўласнасці сумесных прадпрыемстваў — прадпрыемстваў з замежным капіталам.

У дзяржавах, якія маюць федэратыўнае ўладкаванне, існуе федэральная ўласнасць і ўласнасць суб’ектаў федэрацыі. Ва ўнітарных дзяржавах існуе агульнадзяржаўная ўласнасць і ўласнасць камунальная, якой распараджаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (такіх як вобласці, раёны, гарады, сельсаветы і пасёлкі гарадскога тыпу).

icon-task
Назавіце некалькі прадпрыемстваў вашага раёна і вызначце, у якой уласнасці яны знаходзяцца (дзяржаўнай ці прыватнай).

Разнастайнасць форм уласнасці фарміруецца ў ходзе працэсаў раздзяржаўлення і прыватызацыі. Раздзяржаўленне эканомікі — гэта працэс змяншэння ролі дзяржавы ў непасрэдным кіраванні эканамічнымі аб’ектамі. Ён ажыццяўляецца пры дапамозе разнастайных механізмаў, у тым ліку шляхам прыватызацыі. Прыватызацыя ўяўляе сабой перадачу аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці (у выніку продажу або бязвыплатна) у прыватную ўласнасць. Напрыклад, дзяржаўныя прадпрыемствы могуць быць прададзены на аўкцыёне, удзельнікамі якога могуць стаць прыватныя асобы ці іх аб’яднанні, у тым ліку замежныя інвестары.

icon-remember
Прыгадайце, як называецца працэс пераводу прыватнай уласнасці (шляхам бязвыплатнага адчужэння ці праз выкуп) у дзяржаўную.

Віды даходаў. Даходы — канчатковая мэта дзеянняў кожнага актыўнага ўдзельніка эканамічнай дзейнасці, аб’ектыўны і магутны стымул у паўсядзённым жыцці. У шырокім сэнсе даход абазначае любое паступленне грашовых сродкаў ці атрыманне матэрыяльных даброт. Першаснымі называюцца даходы, атрыманыя ў выніку ажыццяўлення якой-небудзь дзейнасці ў сферы вытворчасці (напрыклад, уладальнік прадпрыемства атрымлівае прыбытак, а наёмны работнік — заработную плату). Другаснымі называюцца даходы, якія фарміруюцца ў выніку пераразмеркавання першасных даходаў, у асноўным праз дзяржаўныя падаткі (напрыклад, трансферты (выплаты) насельніцтву — пенсіі, стыпендыі, грашовыя дапамогі).

Выкарыстанне кожнага фактару вытворчасці дае пэўны прыбытак. Уласнікі працы атрымліваюць даход у выглядзе заработнай платы. Вылучаюць дзве асноўныя формы заработнай платы — пагадзінную і здзельную.

img
icon-discussions
Якая форма заработнай платы, на ваш погляд, робіцца больш распаўсюджанай у нашы дні? Чаму?

Таксама існуе паняцце мінімальнай заработнай платы. Гэта самы нізкі дапушчальны памер аплаты працы для ўсіх без выключэння сфер эканамічнай дзейнасці. Плаціць ніжэй за яе за работу ў нармальных умовах пры ўсталяванай працягласці працоўнага часу наймальнік не мае права.

Уладальнік зямельнага ўчастка ці іншага прыроднага рэсурсу, які сам выкарыстоўвае яго з гаспадарчымі мэтамі або дае гэтую магчымасць іншым, атрымлівае даход, які называецца рэнтай (ад лац. reddita — выплачанае). Уладальнік капіталу (матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў) атрымлівае даход у форме платы за іх выкарыстанне — працэнта. Прыбытак — розніца паміж выручкай і выдаткамі на вытворчасць — з’яўляецца ўзнагародай за новыя ідэі і рызыкі. Роялці — гэта даход аўтара твора, плата за аўтарскія правы. Структура даходаў з’яўляецца важным паказчыкам дабрабыту грамадства.

icon-task

Сям’я Іваноўскіх складаецца з шасці чалавек. Сяргей Іваноўскі (45 гадоў) працуе эканамістам у банку і з’яўляецца адным з яго акцыянераў. Яго жонка Ірына (40 гадоў) працуе настаўніцай у школе, аднак у дадзены момант знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе двухгадовай дачкі Стэфаніі. Старэйшы сын Раман ужо студэнт-другакурснік, а сярэдняя дачка Ульяна — вучаніца 5-га класа. З імі пражывае бабуля Алена Казіміраўна (70 гадоў), якая здае ў наём кватэру, што знаходзіцца ў яе ўласнасці.

Ахарактарызуйце магчымыя даходы гэтай сям’і.

Пражытачны мінімум. Важным паказчыкам і вынікам эканамічнага жыцця грамадства з’яўляецца ўзровень жыцця яго членаў. Гэты паказчык характарызуе ступень забяспечанасці людзей матэрыяльнымі дабротамі і задавальнення іх патрэб. Для вызначэння ўзроўню жыцця насельніцтва выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі: памеры даходу на душу насельніцтва (сярэднестатыстычны даход, што атрымліваецца асобна ўзятым чалавекам у краіне за год), доля расходаў на харчаванне ў сямейным бюджэце, спажыванне тавараў працяглага карыстання, колькасць жылой плошчы на аднаго чалавека і інш.

Існуе эканамічны закон, згодна з якім доля расходаў, выдаткаваных на харчаванне, тым большая, чым ніжэйшыя даходы. Напрыклад, багаты чалавек расходуе на харчаванне 10 % свайго даходу, а бедны — 60−70 % і больш. З ростам даходаў удзельная вага расходаў на харчаванне зніжаецца, доля расходаў на адзенне, жыллё і камунальныя паслугі крыху павялічваецца, значна ўзрастае доля расходаў на задавальненне культурных і іншых нематэрыяльных патрэб (падарожжы, спорт і г. д.), а таксама на зберажэнні.

icon-task
Праілюструйце дзеянне гэтага закону канкрэтнымі жыццёвымі прыкладамі.

У нашай краіне для ацэнкі ўзроўню матэрыяльнай забяспечанасці звычайна выкарыстоўваюць такі паказчык, як бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) — кошт мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя. Ён улічвае таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы. Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

icon-search
Даведайцеся, колькі зараз складае БПМ для розных сацыяльна-дэмаграфічных груп (працаздольнае насельніцтва, пенсіянеры, студэнты, дзеці ва ўзросце да 3 гадоў, ад 3 да 6 гадоў, ад 6 да 18 гадоў) і ў сярэднім на душу насельніцтва.

Даходы ўплываюць на якасць жыцця, паводзіны і свядомасць людзей. Маючы дастатковыя сродкі, чалавек можа набыць сродкі вытворчасці і стаць уласнікам, прадпрымальнікам. У сваю чаргу даходы (дабрабыт) людзей залежаць ад гатоўнасці атрымліваць адукацыю, мяняць адну працу на іншую, рабіць прафесійную кар’еру. Непасрэдны ўплыў на ўзровень даходаў насельніцтва аказваюць эфектыўнасць эканамічнай сістэмы і сацыяльная палітыка, якая праводзіцца дзяржавай.

icon-questions

1. Прывядзіце прыклады адносін валодання, карыстання, распараджэння ўласнасцю.

2. Што такое пражытачны мінімум? Чаму ў розных краінах ён вымяраецца па-рознаму?

3. Даведайцеся ў сваіх бацькоў, што з’яўляецца аб’ектам уласнасці вашай сям’і. Спытайце, як яны разумеюць свае правы ў якасці ўладальнікаў уласнасці. Супастаўце інфармацыю з тым, што вы даведаліся з тэксту параграфа.

icon-idea

Правядзіце міні-даследаванне на тэму «Знаходка: удача ці праблема?», прааналізаваўшы палажэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь:

● артыкулы 228 (Знаходка), 229 (Набыццё права ўласнасці на знаходку), 234 (Скарб) Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

● артыкул 10.6 (Прысваенне знойдзенай маёмасці) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь;

● артыкул 215 (Прысваенне знойдзенай маёмасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.