§ 13. Уласнасць і даходы
Віды даходаў. Даходы — канчатковая мэта дзеянняў кожнага актыўнага ўдзельніка эканамічнай дзейнасці, аб’ектыўны і магутны стымул у паўсядзённым жыцці. У шырокім сэнсе даход абазначае любое паступленне грашовых сродкаў ці атрыманне матэрыяльных даброт. Першаснымі называюцца даходы, атрыманыя ў выніку ажыццяўлення якой-небудзь дзейнасці ў сферы вытворчасці (напрыклад, уладальнік прадпрыемства атрымлівае прыбытак, а наёмны работнік — заработную плату). Другаснымі называюцца даходы, якія фарміруюцца ў выніку пераразмеркавання першасных даходаў, у асноўным праз дзяржаўныя падаткі (напрыклад, трансферты (выплаты) насельніцтву — пенсіі, стыпендыі, грашовыя дапамогі).
Выкарыстанне кожнага фактару вытворчасці дае пэўны прыбытак. Уласнікі працы атрымліваюць даход у выглядзе заработнай платы. Вылучаюць дзве асноўныя формы заработнай платы — пагадзінную і здзельную.

Таксама існуе паняцце мінімальнай заработнай платы. Гэта самы нізкі дапушчальны памер аплаты працы для ўсіх без выключэння сфер эканамічнай дзейнасці. Плаціць ніжэй за яе за работу ў нармальных умовах пры ўсталяванай працягласці працоўнага часу наймальнік не мае права.
Уладальнік зямельнага ўчастка ці іншага прыроднага рэсурсу, які сам выкарыстоўвае яго з гаспадарчымі мэтамі або дае гэтую магчымасць іншым, атрымлівае даход, які называецца рэнтай (ад лац. reddita — выплачанае). Уладальнік капіталу (матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў) атрымлівае даход у форме платы за іх выкарыстанне — працэнта. Прыбытак — розніца паміж выручкай і выдаткамі на вытворчасць — з’яўляецца ўзнагародай за новыя ідэі і рызыкі. Роялці — гэта даход аўтара твора, плата за аўтарскія правы. Структура даходаў з’яўляецца важным паказчыкам дабрабыту грамадства.

Сям’я Іваноўскіх складаецца з шасці чалавек. Сяргей Іваноўскі (45 гадоў) працуе эканамістам у банку і з’яўляецца адным з яго акцыянераў. Яго жонка Ірына (40 гадоў) працуе настаўніцай у школе, аднак у дадзены момант знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе двухгадовай дачкі Стэфаніі. Старэйшы сын Раман ужо студэнт-другакурснік, а сярэдняя дачка Ульяна — вучаніца 5-га класа. З імі пражывае бабуля Алена Казіміраўна (70 гадоў), якая здае ў наём кватэру, што знаходзіцца ў яе ўласнасці.
Ахарактарызуйце магчымыя даходы гэтай сям’і.