§ 12. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Эканамічныя суб’екты і іх узаемасувязі. Аднак толькі валодаць эканамічнымі рэсурсамі недастаткова. Іх трэба ўключыць у вытворчасць і забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне. Тая частка эканамічных рэсурсаў, што непасрэдна ўключаецца ў працэс вытворчасці або выкарыстоўваецца ў якасці яе ўмоў, называецца фактарам вытворчасці (ад лац. factor — які робіць, стварае што-небудзь). Традыцыйна вылучаюць наступныя фактары вытворчасці: зямля, капітал, праца. Большасць эканамістаў дадае ў гэты пералік інфармацыю і прадпрымальніцкую здольнасць.

Зямля як фактар вытворчасці ўяўляе сабой прыродныя рэсурсы, уключаныя ў гаспадарчае абарачэнне. Гэта ворныя землі, лясы, радовішчы мінералаў, крыніцы вады і да т. п. Да дадзенага фактару адносяць не толькі карысныя выкапні, але і сілу ветру, энергію сонца і клімат.

Кажучы пра капітал, мы маем на ўвазе створаныя чалавекам рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці. Гэта сродкі вытворчасці і фінансавыя рэсурсы. Адно з самых распаўсюджаных азначэнняў капіталу — вырабленыя раней даброты, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці іншых эканамічных даброт. Накіраванне капіталу (маёмасці і грошай) у сферу вытворчасці ці аказання паслуг з мэтай атрымання прыбытку называюць капіталаўкладаннямі, або інвестыцыямі.

icon-persona
Шатландскі эканаміст Адам Сміт, адзін з заснавальнікаў эканамічнай тэорыі, яшчэ ў канцы XVIII ст. адзначаў, што капітал — гэта не рэч, а спосаб выкарыстання рэчы.
icon-task
Выкарыстоўваючы прыведзеныя выявы, вызначце, у якім выпадку аўтамабіль выступае як звычайная даброта, а ў якім — як капітал.

Кажучы аб працы як фактары вытворчасці, мы маем на ўвазе ўсвядомленую мэтанакіраваную дзейнасць людзей па стварэнні даброт, неабходных для жыцця. Разумовыя і фізічныя здольнасці людзей, іх навыкі і вопыт выкарыстоўваюцца для вытворчасці матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей.

Сярод фактараў вытворчасці асабліва вылучаюць прадпрымальніцкія здольнасці — здольнасці чалавека (прадпрымальніка, бізнесмена) праяўляць ініцыятыву па арганізацыі і кіраванні вытворчасцю. Прадпрымальнік рызыкуе і прымае рашэнні, якія не заўсёды гарантуюць прыбытак. Для паспяховага прадпрымальніцтва патрэбны глыбокія прафесійныя веды, уменні ўводзіць у працэс вытворчасці новую тэхніку і тэхналогію.

Відавочна, што ў наш час адным з найважнейшых фактараў вытворчасці таксама з’яўляецца інфармацыя — веды, навуковыя дасягненні і тэхналогіі, патэнты на выкарыстанне вынаходстваў.

img
icon-task
Размяркуйце фактары вытворчасці кампаніі Х па катэгорыях «праца», «зямля», «капітал», «прадпрымальніцкая здольнасць», «інфармацыя»: праграмісты, якія пішуць праграмы; заснавальнік кампаніі; месца, дзе размяшчаюцца офісы кампаніі; будаўнікі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі кампаніі; самалёт, што належыць кампаніі; праграмнае забеспячэнне.

У працэсе эканамічнай дзейнасці асноўныя фактары вытворчасці не функцыянуюць самі па сабе, а выкарыстоўваюцца эканамічнымі суб’ектамі. Эканамічныя суб’екты падзяляюцца на тры вялікія групы: дамашнія гаспадаркі (домагаспадаркі), прадпрыемствы, дзяржава.

img

Галоўная з дзеючых асоб эканомікі — чалавек, сям’я, або, як вызначаюць эканамісты, дамашняя гаспадарка. Домагаспадарка — гэта суб’ект эканомікі, які складаецца з аднаго чалавека, які вядзе самастойную гаспадарку, ці групы людзей (сям’і), якія пражываюць сумесна, вядуць агульную гаспадарку з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў. Домагаспадаркі з’яўляюцца ўласнікамі асобных фактараў вытворчасці і імкнуцца да максімальнага задавальнення сваіх патрэб.

Прадпрыемства з’яўляецца эканамічным суб’ектам, які выкарыстоўвае фактары вытворчасці для стварэння даброт і імкнецца да атрымання максімальнага прыбытку.

Дзяржава — гэта эканамічны суб’ект, які ўстанаўлівае правілы эканамічнай дзейнасці і з’яўляецца яе рэгулятарам, пераразмяркоўвае частку рэсурсаў у інтарэсах усяго грамадства ў цэлым, стварае грамадскія даброты, якія спажываюцца ўсімі грамадзянамі краіны (ахова навакольнага асяроддзя, правапарадку, нацыянальная абарона і інш.).

Асноўнымі пытаннямі эканомікі з’яўляюцца: што, як і для каго вырабляць ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў?

Што вырабляць? Прадпрыемствы, дзяржава прымаюць рашэнні, якія тавары і паслугі павінны быць выраблены з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў і прапанаваны спажыўцу.

Як вырабляць? Вырашэнне гэтага пытання звязана з выбарам эканамічных рэсурсаў, тэхналогіі, месца размяшчэння прадпрыемства, арганізацыі вытворчасці. Вытворца, вырашаючы праблему «выдаткі — выпуск», імкнецца знайсці найлепшыя спосабы камбінацыі рэсурсаў і арганізацыі сваёй вытворчасці. У той жа час дзяржава выступае рэгулятарам у пытаннях размяшчэння небяспечных, шкодных вытворчасцей, выканання экалагічных норм.

Для каго вырабляецца прадукт? Грамадства павінна вырашыць, што яно лічыць справядлівым размеркаваннем, і затым выбраць спосаб дасягнення такога размеркавання вырабленых тавараў і паслуг паміж спажыўцамі.