§ 12. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | § 12. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства |
Printed by: | Guest user |
Date: | Thursday, 12 September 2024, 4:31 PM |
Паняцце эканомікі. Пачынаючы вывучэнне эканомікі, перш за ўсё мы павінны высветліць, які сэнс укладваецца ў гэта паняцце. Само слова «эканоміка» прыйшло да нас са Старажытнай Грэцыі і ў літаральным перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы значыць «кіраванне асабістай гаспадаркай», або дамаводства.
У сучаснай мове паняцце «эканоміка» больш мнагазначнае і мае, па меншай меры, два асноўныя значэнні. Па-першае, эканоміка — гэта спосаб арганізацыі дзейнасці людзей па стварэнні даброт, неабходных для задавальнення патрэб. Па-другое, эканоміка абазначае навуку, якая даследуе, як выкарыстоўваюцца наяўныя абмежаваныя рэсурсы для задавальнення неабмежаваных патрэб. Паколькі эканамічная навука вывучае дзейнасць людзей, то яна належыць да катэгорыі грамадскіх навук разам з сацыялогіяй і паліталогіяй.
Эканоміка вельмі важная для чалавека, паколькі менавіта ў гэтай сферы ствараюцца даброты, неабходныя для жыцця і задавальнення патрэб. З развіццём чалавечага грамадства патрэбы змяняюцца — як па аб’ёме, так і па структуры.
Даброты, рэсурсы, вытворчасць. Для таго каб чалавек мог задаволіць свае патрэбы, неабходны даброты. Даброты — гэта ўсё, што можа задавальняць патрэбы людзей, прыносіць людзям карысць і задавальненне. На заранку гісторыі чалавецтва людзі задавальнялі ўсе свае патрэбы за кошт прыродных даброт. У далейшым абсалютная большасць патрэб стала задавальняцца дзякуючы іх вытворчасці. Створаныя даброты (харчаванне, адзенне, жыллё, дарогі, медыцына і г. д.) прынята называць эканамічнымі. Вытворчасць — гэта працэс стварэння эканамічных даброт, а спажыванне — працэс непасрэднага задавальнення патрэб. Для таго каб выраблены прадукт трапіў да спажыўца, неабходна яго размеркаванне — устанаўленне долі, колькасці, прапорцыі ўдзелу кожнага ў вырабленым прадукце, а таксама абмен — атрыманне жаданага прадукту з прапановай чагосьці ўзамен.
Працэс вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання даброт называецца грамадскім узнаўленнем.
Эканамічныя даброты, вырабленыя не для ўласнага спажывання, а для абмену, — гэта тавары. Асаблівую групу даброт, неабходных чалавеку, складаюць паслугі. Яны прапануюцца ў форме мэтанакіраванага карыснага дзеяння (транспартныя, фінансавыя, ахоўныя, медыцынскія, інфармацыйныя, паліграфічныя, навуковыя і інш.). У адрозненне ад тавараў паслугі нельга захоўваць, яны спажываюцца непасрэдна ў момант аказання (напрыклад, стрыжка, уборка, мабільная сувязь).
Для арганізацыі вытворчай дзейнасці па стварэнні эканамічных даброт неабходна мець адпаведныя эканамічныя рэсурсы. Эканамічныя рэсурсы ахопліваюць усе віды прыродных і чалавечых магчымасцей, якімі валодае грамадства і якія выкарыстоўваюцца для стварэння эканамічных даброт з мэтай задавальнення чалавечых патрэб. І калі патрэбы чалавека з’яўляюцца неабмежаванымі, то рэсурсы заўсёды абмежаваныя. Эканамічныя рэсурсы можна падзяліць на чатыры групы: працоўныя, прыродныя, фінансавыя і матэрыяльныя.
Эканамічныя суб’екты і іх узаемасувязі. Аднак толькі валодаць эканамічнымі рэсурсамі недастаткова. Іх трэба ўключыць у вытворчасць і забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне. Тая частка эканамічных рэсурсаў, што непасрэдна ўключаецца ў працэс вытворчасці або выкарыстоўваецца ў якасці яе ўмоў, называецца фактарам вытворчасці (ад лац. factor — які робіць, стварае што-небудзь). Традыцыйна вылучаюць наступныя фактары вытворчасці: зямля, капітал, праца. Большасць эканамістаў дадае ў гэты пералік інфармацыю і прадпрымальніцкую здольнасць.
Зямля як фактар вытворчасці ўяўляе сабой прыродныя рэсурсы, уключаныя ў гаспадарчае абарачэнне. Гэта ворныя землі, лясы, радовішчы мінералаў, крыніцы вады і да т. п. Да дадзенага фактару адносяць не толькі карысныя выкапні, але і сілу ветру, энергію сонца і клімат.
Кажучы пра капітал, мы маем на ўвазе створаныя чалавекам рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці. Гэта сродкі вытворчасці і фінансавыя рэсурсы. Адно з самых распаўсюджаных азначэнняў капіталу — вырабленыя раней даброты, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці іншых эканамічных даброт. Накіраванне капіталу (маёмасці і грошай) у сферу вытворчасці ці аказання паслуг з мэтай атрымання прыбытку называюць капіталаўкладаннямі, або інвестыцыямі.
Кажучы аб працы як фактары вытворчасці, мы маем на ўвазе ўсвядомленую мэтанакіраваную дзейнасць людзей па стварэнні даброт, неабходных для жыцця. Разумовыя і фізічныя здольнасці людзей, іх навыкі і вопыт выкарыстоўваюцца для вытворчасці матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей.
Сярод фактараў вытворчасці асабліва вылучаюць прадпрымальніцкія здольнасці — здольнасці чалавека (прадпрымальніка, бізнесмена) праяўляць ініцыятыву па арганізацыі і кіраванні вытворчасцю. Прадпрымальнік рызыкуе і прымае рашэнні, якія не заўсёды гарантуюць прыбытак. Для паспяховага прадпрымальніцтва патрэбны глыбокія прафесійныя веды, уменні ўводзіць у працэс вытворчасці новую тэхніку і тэхналогію.
Відавочна, што ў наш час адным з найважнейшых фактараў вытворчасці таксама з’яўляецца інфармацыя — веды, навуковыя дасягненні і тэхналогіі, патэнты на выкарыстанне вынаходстваў.
У працэсе эканамічнай дзейнасці асноўныя фактары вытворчасці не функцыянуюць самі па сабе, а выкарыстоўваюцца эканамічнымі суб’ектамі. Эканамічныя суб’екты падзяляюцца на тры вялікія групы: дамашнія гаспадаркі (домагаспадаркі), прадпрыемствы, дзяржава.
Галоўная з дзеючых асоб эканомікі — чалавек, сям’я, або, як вызначаюць эканамісты, дамашняя гаспадарка. Домагаспадарка — гэта суб’ект эканомікі, які складаецца з аднаго чалавека, які вядзе самастойную гаспадарку, ці групы людзей (сям’і), якія пражываюць сумесна, вядуць агульную гаспадарку з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў. Домагаспадаркі з’яўляюцца ўласнікамі асобных фактараў вытворчасці і імкнуцца да максімальнага задавальнення сваіх патрэб.
Прадпрыемства з’яўляецца эканамічным суб’ектам, які выкарыстоўвае фактары вытворчасці для стварэння даброт і імкнецца да атрымання максімальнага прыбытку.
Дзяржава — гэта эканамічны суб’ект, які ўстанаўлівае правілы эканамічнай дзейнасці і з’яўляецца яе рэгулятарам, пераразмяркоўвае частку рэсурсаў у інтарэсах усяго грамадства ў цэлым, стварае грамадскія даброты, якія спажываюцца ўсімі грамадзянамі краіны (ахова навакольнага асяроддзя, правапарадку, нацыянальная абарона і інш.).
Асноўнымі пытаннямі эканомікі з’яўляюцца: што, як і для каго вырабляць ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў?
Што вырабляць? Прадпрыемствы, дзяржава прымаюць рашэнні, якія тавары і паслугі павінны быць выраблены з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў і прапанаваны спажыўцу.
Як вырабляць? Вырашэнне гэтага пытання звязана з выбарам эканамічных рэсурсаў, тэхналогіі, месца размяшчэння прадпрыемства, арганізацыі вытворчасці. Вытворца, вырашаючы праблему «выдаткі — выпуск», імкнецца знайсці найлепшыя спосабы камбінацыі рэсурсаў і арганізацыі сваёй вытворчасці. У той жа час дзяржава выступае рэгулятарам у пытаннях размяшчэння небяспечных, шкодных вытворчасцей, выканання экалагічных норм.
Для каго вырабляецца прадукт? Грамадства павінна вырашыць, што яно лічыць справядлівым размеркаваннем, і затым выбраць спосаб дасягнення такога размеркавання вырабленых тавараў і паслуг паміж спажыўцамі.
Паняцце эканамічнай сістэмы. Развіццё грамадства паказала магчымасць існавання некалькіх варыянтаў арганізацыі эканамічнага жыцця. Яны атрымалі назву эканамічных сістэм. Эканамічная сістэма ўяўляе сабой сістэму па арганізацыі і кіраванні адносінамі паміж эканамічнымі суб’ектамі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання эканамічных даброт.
Для вызначэння эканамічных сістэм выкарыстоўваюць два асноўныя крытэрыі:
1) хто валодае фактарамі вытворчасці;
2) спосаб каардынацыі і кіравання эканамічнай дзейнасцю.
Вылучаюць наступныя асноўныя эканамічныя сістэмы: традыцыйная эканоміка, рыначная эканоміка, планавая эканоміка, змешаная эканоміка.
Ці існуюць у наш час краіны з традыцыйнай эканомікай?
Што такое Вялікая дэпрэсія? Які ўплыў яна аказала на развіццё рыначнай эканомікі?
Якія станоўчыя і адмоўныя рысы планавай эканомікі?
Кожная з эканамічных сістэм шукае свае падыходы да вырашэння галоўных эканамічных пытанняў і размеркавання абмежаваных рэсурсаў. У самым агульным выглядзе можна назваць тры шляхі вырашэння грамадствам галоўных пытанняў эканомікі: згодна з заведзенымі здаўна звычаямі (па традыцыі); шляхам аддачы распараджэнняў і загадаў «зверху ўніз» (каманднымі метадамі); з дапамогай рыначных механізмаў.
У чыстым выглядзе пералічаныя эканамічныя сістэмы сёння не існуюць. Для большасці развітых краін характэрна змешаная эканоміка.
Для таго каб зразумець, як функцыянуе любая эканамічная сістэма, неабходна высветліць, як складваюцца ў грамадстве адносіны паміж разнастайнымі эканамічнымі суб’ектамі ў сувязі з размеркаваннем і прысваеннем эканамічных даброт.
1. Як суадносяцца паняцці «эканамічныя рэсурсы» і «фактары вытворчасці»?
2. Ахарактарызуйце працэс грамадскага ўзнаўлення. Ці ёсць адрозненні ў розных эканамічных сістэмах?
3. Чаму сучасная эканоміка з’яўляецца змешанай?
4. Разгледзьце схему працэсу вырошчвання і перапрацоўкі льну.
Якія фактары вытворчасці задзейнічаны на кожным этапе? Складзіце і запоўніце табліцу.