§ 12. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Даброты, рэсурсы, вытворчасць. Для таго каб чалавек мог задаволіць свае патрэбы, неабходны даброты. Даброты — гэта ўсё, што можа задавальняць патрэбы людзей, прыносіць людзям карысць і задавальненне. На заранку гісторыі чалавецтва людзі задавальнялі ўсе свае патрэбы за кошт прыродных даброт. У далейшым абсалютная большасць патрэб стала задавальняцца дзякуючы іх вытворчасці. Створаныя даброты (харчаванне, адзенне, жыллё, дарогі, медыцына і г. д.) прынята называць эканамічнымі. Вытворчасць — гэта працэс стварэння эканамічных даброт, а спажыванне — працэс непасрэднага задавальнення патрэб. Для таго каб выраблены прадукт трапіў да спажыўца, неабходна яго размеркаванне — устанаўленне долі, колькасці, прапорцыі ўдзелу кожнага ў вырабленым прадукце, а таксама абмен — атрыманне жаданага прадукту з прапановай чагосьці ўзамен.

Працэс вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання даброт называецца грамадскім узнаўленнем.

img
icon-task
Апішыце, што адбываецца з такім таварам, як хлеб, на кожным этапе грамадскага ўзнаўлення.

Эканамічныя даброты, вырабленыя не для ўласнага спажывання, а для абмену, — гэта тавары. Асаблівую групу даброт, неабходных чалавеку, складаюць паслугі. Яны прапануюцца ў форме мэтанакіраванага карыснага дзеяння (транспартныя, фінансавыя, ахоўныя, медыцынскія, інфармацыйныя, паліграфічныя, навуковыя і інш.). У адрозненне ад тавараў паслугі нельга захоўваць, яны спажываюцца непасрэдна ў момант аказання (напрыклад, стрыжка, уборка, мабільная сувязь).

Для арганізацыі вытворчай дзейнасці па стварэнні эканамічных даброт неабходна мець адпаведныя эканамічныя рэсурсы. Эканамічныя рэсурсы ахопліваюць усе віды прыродных і чалавечых магчымасцей, якімі валодае грамадства і якія выкарыстоўваюцца для стварэння эканамічных даброт з мэтай задавальнення чалавечых патрэб. І калі патрэбы чалавека з’яўляюцца неабмежаванымі, то рэсурсы заўсёды абмежаваныя. Эканамічныя рэсурсы можна падзяліць на чатыры групы: працоўныя, прыродныя, фінансавыя і матэрыяльныя.

img