*§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні

Грамадская арганізацыя.

Прыклады інстытутаў грамадзянскага грамадства

● Недзяржаўныя арганізацыi

● Грамадскія арганізацыі

● Прафесійныя асацыяцыі

● Палітычныя арганізацыі

● Грамадзянскія клубы

● Прафсаюзы

● Дабрачынныя арганізацыі

● Сацыяльныя і спартыўныя клубы

● Культурныя арганізацыі

● Рэлігiйныя арганізацыі

● Экалагічныя рухі/ініцыятывы

Грамадскія арганізацыі не прэтэндуюць на непасрэдны ўдзел у здзяйсненні ўлады.

Грамадскія арганізацыі і рухі не ставяць сваёй мэтай заваяванне і ажыццяўленне палітычнай улады, але іх дзейнасць аб’ектыўна носіць палітычны характар. Ажыццяўленне грамадзянамі права на аб’яднанне (палітычнае права) уключае іх у палітычнае ўзаемадзеянне, нягледзячы на тое што яны займаюцца рашэннем задач, якія ляжаць у іншай сферы грамадскага жыцця (эканамічнай, сацыяльнай, культурнай).

Функцыі грамадскіх арганізацый і рухаў дапамагаюць зразумець іх месца ў сістэме грамадзянскага грамадства і прававой дзяржавы, а таксама паказаць формы, спосабы праяўлення іх актыўнасці.

Да ліку асноўных функцый, агульных для ўсіх грамадскіх арганізацый і рухаў, належаць:

1) выяўленне і задавальненне інтарэсаў і патрэб членаў аб’яднання (звязаныя з прафесійнай прыналежнасцю, узроставымі асаблівасцямі, індывідуальнымі схільнасцямі і да т. п.). Грамадскія арганізацыі і рухі пераўтвараюць такія погляды і меркаванні ў выразныя патрабаванні, праграмы дадзенага аб’яднання;

2) інтэграцыя і мабілізацыя — аб’яднанне членаў групы і іх прыхільнікаў вакол мэт дадзенага фарміравання;

3) сацыялізацыя — фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі ўдзельнікаў, павышэнне ўзроўню палітычнай культуры, удзелу ў кіраванні грамадствам і дзяржавай;

4) прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў сваіх членаў ва ўзаемаадносінах з іншымі палітычнымі інстытутамі.