*§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:13 |
Партыя. Удзел у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў дае магчымасць розным сацыяльным групам выказваць свае інтарэсы і аказваць уплыў на дзяржаўную палітыку, што адлюстроўвае асноўную ролю грамадскіх аб’яднанняў у палітычнай сістэме грамадства. У аснове грамадскіх аб’яднанняў ляжыць усведамленне грамадзянамі краіны сваіх інтарэсаў і імкненне да іх палітычнай рэалізацыі праз аб’яднанні і арганізацыі. Для характарыстыкі шырокага кола арганізацыйных форм грамадскай актыўнасці выкарыстоўваецца паняцце «грамадскае аб’яднанне».
Палітычныя партыі ўяўляюць сабой прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Паняцце «партыя» (ад лац. pars — частка, група) з’явілася яшчэ ў антычнасці і выкарыстоўвалася для абазначэння груп палітычных саюзнікаў, якія імкнуцца да агульнай мэты. Сучасныя палітычныя партыі пачалі фарміравацца ў другой палове XIX ст. у выніку пашырэння выбарчага права, развіцця парламентарызму. У сучаснай палітыцы існуюць розныя падыходы да вызначэння партыі.
Плюралізм у шырокім сэнсе ўяўляе сабой прызнанне адрозненняў і разнастайнасці думак, ідэй і да т. п. У дэмакратычным грамадстве плюралізм з’яўляецца асноватворным прынцыпам мірнага суіснавання людзей з рознымі поглядамі, інтарэсамі, перакананнямі, ладам жыцця. Прызнаючы права на адрозненні ў поглядах і інтарэсах, плюралізм абавязвае грамадзян улічваць інтарэсы іншых, праяўляць гатоўнасць ісці на кампрамісы і вырашаць усе спрэчныя пытанні з пазіцыі добрай волі.
У дэмакратычным грамадстве плюралізм праяўляецца ў розных формах. Нароўні з палітычным ці ідэалагічным плюралізмам існуюць культурны і рэлігійны плюралізм. З усіх форм плюралізму вызначальным для дэмакратычнага развіцця дзяржавы з’яўляецца палітычны плюралізм, звязаны з наяўнасцю шматпартыйнасці, розных палітычных поглядаў і напрамкаў.
Партыйная сістэма. Сукупнасць палітычных партый і характар іх адносін паміж сабой, а таксама з дзяржавай і іншымі палітычнымі інстытутамі называюць партыйнай сістэмай грамадства.
Прыналежнасць партыйнай сістэмы той ці іншай краіны да аднаго з тыпаў (аднапартыйная, шматпартыйная) вызначаецца не толькі колькасцю партый, якія функцыянуюць у гэтай краіне, але і наяўнасцю сукупнасці пэўных прымет. Пры характарыстыцы партыйных сістэм неабходна ўлічваць тры асноўныя паказчыкі:
• колькасць партый;
• наяўнасць або адсутнасць дамінуючай партыі ці кааліцыі;
• узровень спаборніцтва паміж партыямі.
Шматпартыйныя сістэмы дазваляюць аптымальна ўлічваць разнастайнасць палітычных інтарэсаў і грамадскіх сімпатый. Таму шматпартыйнасць з’яўляецца спрыяльнай для грамадства, паколькі ўяўляе сабой механізм цывілізаванага прыходу партый да ўлады, а праз іх канкурэнцыю забяспечвае вылучэнне альтэрнатыўных варыянтаў развіцця грамадства.
Грамадская арганізацыя.
Прыклады інстытутаў грамадзянскага грамадства
● Недзяржаўныя арганізацыi
● Грамадскія арганізацыі
● Прафесійныя асацыяцыі
● Палітычныя арганізацыі
● Грамадзянскія клубы
● Прафсаюзы
● Дабрачынныя арганізацыі
● Сацыяльныя і спартыўныя клубы
● Культурныя арганізацыі
● Рэлігiйныя арганізацыі
● Экалагічныя рухі/ініцыятывы
Грамадскія арганізацыі не прэтэндуюць на непасрэдны ўдзел у здзяйсненні ўлады.
Грамадскія арганізацыі і рухі не ставяць сваёй мэтай заваяванне і ажыццяўленне палітычнай улады, але іх дзейнасць аб’ектыўна носіць палітычны характар. Ажыццяўленне грамадзянамі права на аб’яднанне (палітычнае права) уключае іх у палітычнае ўзаемадзеянне, нягледзячы на тое што яны займаюцца рашэннем задач, якія ляжаць у іншай сферы грамадскага жыцця (эканамічнай, сацыяльнай, культурнай).
Функцыі грамадскіх арганізацый і рухаў дапамагаюць зразумець іх месца ў сістэме грамадзянскага грамадства і прававой дзяржавы, а таксама паказаць формы, спосабы праяўлення іх актыўнасці.
Да ліку асноўных функцый, агульных для ўсіх грамадскіх арганізацый і рухаў, належаць:
1) выяўленне і задавальненне інтарэсаў і патрэб членаў аб’яднання (звязаныя з прафесійнай прыналежнасцю, узроставымі асаблівасцямі, індывідуальнымі схільнасцямі і да т. п.). Грамадскія арганізацыі і рухі пераўтвараюць такія погляды і меркаванні ў выразныя патрабаванні, праграмы дадзенага аб’яднання;
2) інтэграцыя і мабілізацыя — аб’яднанне членаў групы і іх прыхільнікаў вакол мэт дадзенага фарміравання;
3) сацыялізацыя — фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі ўдзельнікаў, павышэнне ўзроўню палітычнай культуры, удзелу ў кіраванні грамадствам і дзяржавай;
4) прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў сваіх членаў ва ўзаемаадносінах з іншымі палітычнымі інстытутамі.