*§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні

Партыйная сістэма. Сукупнасць палітычных партый і характар іх адносін паміж сабой, а таксама з дзяржавай і іншымі палітычнымі інстытутамі называюць партыйнай сістэмай грамадства.

Прыналежнасць партыйнай сістэмы той ці іншай краіны да аднаго з тыпаў (аднапартыйная, шматпартыйная) вызначаецца не толькі колькасцю партый, якія функцыянуюць у гэтай краіне, але і наяўнасцю сукупнасці пэўных прымет. Пры характарыстыцы партыйных сістэм неабходна ўлічваць тры асноўныя паказчыкі:

• колькасць партый;

• наяўнасць або адсутнасць дамінуючай партыі ці кааліцыі;

• узровень спаборніцтва паміж партыямі.

Шматпартыйныя сістэмы дазваляюць аптымальна ўлічваць разнастайнасць палітычных інтарэсаў і грамадскіх сімпатый. Таму шматпартыйнасць з’яўляецца спрыяльнай для грамадства, паколькі ўяўляе сабой механізм цывілізаванага прыходу партый да ўлады, а праз іх канкурэнцыю забяспечвае вылучэнне альтэрнатыўных варыянтаў развіцця грамадства.