*§ 11-1. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні

Партыя. Удзел у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў дае магчымасць розным сацыяльным групам выказваць свае інтарэсы і аказваць уплыў на дзяржаўную палітыку, што адлюстроўвае асноўную ролю грамадскіх аб’яднанняў у палітычнай сістэме грамадства. У аснове грамадскіх аб’яднанняў ляжыць усведамленне грамадзянамі краіны сваіх інтарэсаў і імкненне да іх палітычнай рэалізацыі праз аб’яднанні і арганізацыі. Для характарыстыкі шырокага кола арганізацыйных форм грамадскай актыўнасці выкарыстоўваецца паняцце «грамадскае аб’яднанне».

Палітычныя партыі ўяўляюць сабой прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Паняцце «партыя» (ад лац. pars — частка, група) з’явілася яшчэ ў антычнасці і выкарыстоўвалася для абазначэння груп палітычных саюзнікаў, якія імкнуцца да агульнай мэты. Сучасныя палітычныя партыі пачалі фарміравацца ў другой палове XIX ст. у выніку пашырэння выбарчага права, развіцця парламентарызму. У сучаснай палітыцы існуюць розныя падыходы да вызначэння партыі.

Плюралізм у шырокім сэнсе ўяўляе сабой прызнанне адрозненняў і разнастайнасці думак, ідэй і да т. п. У дэмакратычным грамадстве плюралізм з’яўляецца асноватворным прынцыпам мірнага суіснавання людзей з рознымі поглядамі, інтарэсамі, перакананнямі, ладам жыцця. Прызнаючы права на адрозненні ў поглядах і інтарэсах, плюралізм абавязвае грамадзян улічваць інтарэсы іншых, праяўляць гатоўнасць ісці на кампрамісы і вырашаць усе спрэчныя пытанні з пазіцыі добрай волі.

У дэмакратычным грамадстве плюралізм праяўляецца ў розных формах. Нароўні з палітычным ці ідэалагічным плюралізмам існуюць культурны і рэлігійны плюралізм. З усіх форм плюралізму вызначальным для дэмакратычнага развіцця дзяржавы з’яўляецца палітычны плюралізм, звязаны з наяўнасцю шматпартыйнасці, розных палітычных поглядаў і напрамкаў.