§ 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні

Палітычныя партыі і партыйныя сістэмы. Палітолагі вылучаюць розныя тыпы палітычных партый. У аснову класіфікацыі палітычных партый могуць быць пакладзены розныя крытэрыі.

img

Па сваёй ідэйна-палітычнай арыентацыі палітычныя партыі падзяляюцца на камуністычныя, сацыял-дэмакратычныя, сацыялістычныя, ліберальныя (ліберальна-дэмакратычныя), кансерватыўныя, а таксама партыі, якія абапіраюцца на розныя рэлігійныя і нацыянальныя дактрыны.

icon-search

Устанавіце па інфармацыі на сайце Міністэрства юстыцыі, якім палітычным партыям у Беларусі належыць сімволіка з інфаграфікі. Параўнайце зарэгістраваныя партыі па наступных крытэрыях:

● ідэалагічная накіраванасць;

● адносіны да палітычнага цэнтра.

Партыі могуць супрацоўнічаць, выступаць разам для дасягнення тых або іншых мэт, могуць супрацьстаяць адна адной, знаходзіцца ў барацьбе. Колькасць партый у грамадстве адлюстроўвае ступень эканамічнай, ідэалагічнай і іншай неаднароднасці інтарэсаў. Чым вышэйшая ступень неаднароднасці, тым большая колькасць партый у палітычнай сістэме грамадства. У залежнасці ад таго, колькі палітычных партый у краіне, у якіх яны адносінах адна з адной, складваюцца пэўныя тыпы партыйных сістэм. Партыйная сістэма — гэта сукупнасць партый, якія ўзаемадзейнічаюць ці сапернічаюць у барацьбе за ўладу і яе ажыццяўленне.

З пункту гледжання колькаснага крытэрыю партыйныя сістэмы падзяляюць на шматпартыйныя і аднапартыйныя. А з пазіцыі таго, як партыі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой у барацьбе за ўладу, вылучаюць сістэмы аднапартыйныя, двухпартыйныя, шматпартыйныя.

Шматпартыйная сістэма характарызуецца наяўнасцю ў краіне некалькіх палітычных партый, якія спаборнічаюць у барацьбе за ўладу. Шматпартыйныя сістэмы таксама могуць быць рознымі. Шматпартыйныя сістэмы трэба адрозніваць ад шматпартыйнасці. Наяўнасць мноства палітычных партый яшчэ не азначае, што паміж імі склалася пэўная сістэма адносін у барацьбе за ўладу і за ўплыў у грамадстве. Шматпартыйнасць часцей за ўсё папярэднічае станаўленню той або іншай шматпартыйнай сістэмы. У такіх краінах, як Данія, Бельгія, Аўстрыя, Італія, існуе мноства палітычных партый, але пры гэтым ні адна з іх не можа заваяваць большасць месцаў у парламенце і самастойна ажыццяўляць уладу. Такую разнавіднасць шматпартыйнай сістэмы часта вызначаюць як класічную.

Існуе шматпартыйная сістэма з дамінуючай партыяй. Такая сістэма характарызуецца працяглым знаходжаннем ва ўладзе адной партыі, але пры наяўнасці шматлікіх іншых палітычных партый. Напрыклад, у Швецыі ў якасці дамінуючай партыі выступае Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, у Японіі доўгі час улада знаходзілася ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Асаблівасць двухпартыйнай сістэмы заключаецца ў тым, што ў краіне існуюць дзве моцныя партыі, кожная з якіх здольная да самастойнага заваявання ўлады і яе ажыццяўлення. Калі адна з партый перамагае на выбарах, другая сыходзіць у апазіцыю, і так перыядычна яны змяняюць адна адну ў кіраванні дзяржавай. Двухпартыйная сістэма не выключае існавання ў краіне і іншых, менш уплывовых партый. Яны таксама ўдзельнічаюць у палітычным працэсе, але рэальна прэтэндаваць на перамогу не могуць. Класічная мадэль двухпартыйнай сістэмы склалася ў ЗША, дзе адна адной супрацьстаяць Дэмакратычная і Рэспубліканская партыі.

Аднапартыйная сістэма характарызуецца тым, што ў краіне дзейнічае толькі адна палітычная партыя. Яе роля замацавана ў канстытуцыі і іншых законах краіны. Аднапартыйная сістэма існавала ў СССР, у большасці краін сусветнай сістэмы сацыялізму.

img
icon-task

Прывядзіце прыклады дзяржаў з дадзенымі партыйнымі сістэмамі.

Якая партыйная сістэма — двухпартыйная ці шматпартыйная — у большай ступені садзейнічае ўстойлівасці:

● прэзідэнцкай рэспублікі?

● парламенцкай рэспублікі?