§ 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 11. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:45 |
Паняцце палітычнай партыі і яе функцыі. Важнае месца ў сістэме адносін улады і грамадства займаюць разнастайныя грамадскія аб’яднанні грамадзян — палітычныя партыі, прафсаюзныя, маладзёжныя, антываенныя арганізацыі, масавыя рухі, асацыяцыі, фонды. У аснове такіх аб’яднанняў ляжыць усведамленне грамадзянамі краіны сваіх інтарэсаў.
Уздзейнічаючы праз пэўныя палітычныя механізмы на дзяржаву, грамадскія аб’яднанні садзейнічаюць задавальненню дадзеных інтарэсаў шляхам выкарыстання дзяржаўнай улады. Права на аб’яднанне з’яўляецца фундаментальным правам чалавека і грамадзяніна і азначае права на свабодны і самастойны выбар грамадзянамі любых форм недзяржаўнай дзейнасці.
Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.
Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.
Для характарыстыкі шырокага кола арганізацыйных форм грамадскай актыўнасці выкарыстоўваецца паняцце «грамадскае аб’яднанне». Грамадскае аб’яднанне — гэта добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якое ўзнікла ў выніку іх свабоднага волевыяўлення на аснове агульнасці інтарэсаў.
Сярод грамадскіх аб’яднанняў вылучаюць такія асноўныя фарміраванні, як палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і грамадскія рухі. Яны адрозніваюцца паміж сабой мэтамі, задачамі, арганізацыйнай структурай.
Важная роля ў палітычным жыцці належыць палітычным партыям. Яны ўяўляюць сабой прадукт працяглага гістарычнага развіцця. Паняцце «партыя» (ад лац. pars — частка, група) з’явілася яшчэ ў антычнасці і выкарыстоўвалася для абазначэння груп палітычных саюзнікаў, якія імкнуліся да агульнай мэты. Сучасныя палітычныя партыі пачалі фарміравацца ў другой палове XIX ст. у выніку пашырэння выбарчага права, развіцця парламентарызму. У сучаснай палітыцы існуюць розныя падыходы да азначэння партыі. Але часцей за ўсё яе вызначаюць так: палітычная партыя — гэта арганізаваная група людзей з агульнымі палітычнымі поглядамі, якая выказвае інтарэсы пэўнай часткі грамадства і мае на мэце заваяванне дзяржаўнай улады ці ўдзел у яе ажыццяўленні.
Гэтым палітычныя партыі адрозніваюцца ад усіх іншых грамадскіх аб’яднанняў (грамадскіх арганізацый, рухаў, фондаў). Кожная партыя імкнецца ўладкаваць жыццё дзяржавы і грамадства згодна са сваімі палітычнымі поглядамі і прынцыпамі.
Функцыі партый адлюстроўваюць асноўныя задачы і напрамкі іх дзейнасці ў грамадстве. Найважнейшай задачай палітычнай партыі з’яўляецца барацьба за заваяванне і выкарыстанне дзяржаўнай улады ў інтарэсах груп насельніцтва, якія яе падтрымліваюць, інакш кажучы, палітычная функцыя.
Функцыя прадстаўніцтва інтарэсаў розных груп грамадства праяўляецца ў тым, што праз палітычныя партыі грамадзяне выказваюць свае групавыя патрабаванні да дзяржавы. Партыі з’яўляюцца сувязным звяном паміж органамі дзяржаўнай улады і грамадзянамі.
Ідэалагічная функцыя палітычных партый звязана з выпрацоўкай праграмных установак, палітычнага курсу, стратэгіі і тактыкі партый. Ідэалогія выступае ў якасці тэарэтычнай асновы дзейнасці партыі, інструкцыяй да дзеяння. Партыі імкнуцца да шырокага распаўсюджвання сваіх ідэй у грамадстве.
Выхаваўчая функцыя праяўляецца ў палітычнай асвеце і адукацыі сваіх членаў і прыхільнікаў, іх выхаванні на аснове пэўных каштоўнасцей і традыцый, далучэнні да палітычнага жыцця. Партыі з’яўляюцца інстытутамі, у межах якіх выхоўваюцца палітычныя лідары і дзяржаўныя дзеячы. Тыя слаі грамадства, сярод якіх партыя карыстаецца найбольшым уплывам, складаюць яе сацыяльную базу (электарат).
Артыкул 5. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў межах Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.
Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.
Асноўным спосабам дасягнення ўлады з’яўляюцца выбары. У працэсе выбарчых кампаній афармляюцца міжпартыйныя блокі, вызначаюцца партыі-лідары, якія далей і складаюць партыйную сістэму краіны.
Палітычныя партыі і партыйныя сістэмы. Палітолагі вылучаюць розныя тыпы палітычных партый. У аснову класіфікацыі палітычных партый могуць быць пакладзены розныя крытэрыі.
Па сваёй ідэйна-палітычнай арыентацыі палітычныя партыі падзяляюцца на камуністычныя, сацыял-дэмакратычныя, сацыялістычныя, ліберальныя (ліберальна-дэмакратычныя), кансерватыўныя, а таксама партыі, якія абапіраюцца на розныя рэлігійныя і нацыянальныя дактрыны.
Партыі могуць супрацоўнічаць, выступаць разам для дасягнення тых або іншых мэт, могуць супрацьстаяць адна адной, знаходзіцца ў барацьбе. Колькасць партый у грамадстве адлюстроўвае ступень эканамічнай, ідэалагічнай і іншай неаднароднасці інтарэсаў. Чым вышэйшая ступень неаднароднасці, тым большая колькасць партый у палітычнай сістэме грамадства. У залежнасці ад таго, колькі палітычных партый у краіне, у якіх яны адносінах адна з адной, складваюцца пэўныя тыпы партыйных сістэм. Партыйная сістэма — гэта сукупнасць партый, якія ўзаемадзейнічаюць ці сапернічаюць у барацьбе за ўладу і яе ажыццяўленне.
З пункту гледжання колькаснага крытэрыю партыйныя сістэмы падзяляюць на шматпартыйныя і аднапартыйныя. А з пазіцыі таго, як партыі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой у барацьбе за ўладу, вылучаюць сістэмы аднапартыйныя, двухпартыйныя, шматпартыйныя.
Шматпартыйная сістэма характарызуецца наяўнасцю ў краіне некалькіх палітычных партый, якія спаборнічаюць у барацьбе за ўладу. Шматпартыйныя сістэмы таксама могуць быць рознымі. Шматпартыйныя сістэмы трэба адрозніваць ад шматпартыйнасці. Наяўнасць мноства палітычных партый яшчэ не азначае, што паміж імі склалася пэўная сістэма адносін у барацьбе за ўладу і за ўплыў у грамадстве. Шматпартыйнасць часцей за ўсё папярэднічае станаўленню той або іншай шматпартыйнай сістэмы. У такіх краінах, як Данія, Бельгія, Аўстрыя, Італія, існуе мноства палітычных партый, але пры гэтым ні адна з іх не можа заваяваць большасць месцаў у парламенце і самастойна ажыццяўляць уладу. Такую разнавіднасць шматпартыйнай сістэмы часта вызначаюць як класічную.
Існуе шматпартыйная сістэма з дамінуючай партыяй. Такая сістэма характарызуецца працяглым знаходжаннем ва ўладзе адной партыі, але пры наяўнасці шматлікіх іншых палітычных партый. Напрыклад, у Швецыі ў якасці дамінуючай партыі выступае Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, у Японіі доўгі час улада знаходзілася ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
Асаблівасць двухпартыйнай сістэмы заключаецца ў тым, што ў краіне існуюць дзве моцныя партыі, кожная з якіх здольная да самастойнага заваявання ўлады і яе ажыццяўлення. Калі адна з партый перамагае на выбарах, другая сыходзіць у апазіцыю, і так перыядычна яны змяняюць адна адну ў кіраванні дзяржавай. Двухпартыйная сістэма не выключае існавання ў краіне і іншых, менш уплывовых партый. Яны таксама ўдзельнічаюць у палітычным працэсе, але рэальна прэтэндаваць на перамогу не могуць. Класічная мадэль двухпартыйнай сістэмы склалася ў ЗША, дзе адна адной супрацьстаяць Дэмакратычная і Рэспубліканская партыі.
Аднапартыйная сістэма характарызуецца тым, што ў краіне дзейнічае толькі адна палітычная партыя. Яе роля замацавана ў канстытуцыі і іншых законах краіны. Аднапартыйная сістэма існавала ў СССР, у большасці краін сусветнай сістэмы сацыялізму.
Прывядзіце прыклады дзяржаў з дадзенымі партыйнымі сістэмамі.
Якая партыйная сістэма — двухпартыйная ці шматпартыйная — у большай ступені садзейнічае ўстойлівасці:
● прэзідэнцкай рэспублікі?
● парламенцкай рэспублікі?
Грамадскія арганізацыі і рухі. Значная роля ў грамадска-палітычным жыцці, разам з палітычнымі партыямі, належыць грамадскім арганізацыям і рухам. Грамадская арганізацыя — гэта добраахвотнае аб’яднанне грамадзян на аснове агульнасці інтарэсаў, якое мае фіксаванае (аформленае) індывідуальнае ці калектыўнае членства. У адрозненне ад партый грамадскія арганізацыі не прэтэндуюць на непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні ўлады. Аднак яны рашаюць мноства важных задач грамадскага жыцця, іх наяўнасць і дзейнасць з’яўляюцца важным паказчыкам дэмакратычнасці дзяржавы.
Да грамадскіх аб’яднанняў адносяць прафесійныя саюзы, саюзы прадпрымальнікаў, маладзёжныя, экалагічныя, спартыўныя, ветэранскія арганізацыі, творчыя саюзы, такія як саюзы пісьменнікаў, кампазітараў, тэатральных дзеячаў. Існуюць таксама разнастайныя добраахвотныя таварыствы (навуковыя, тэхнічныя, культурна-асветніцкія, адукацыйныя і інш.). З улікам тэрыторый, на якіх ажыццяўляецца іх дзейнасць, вылучаюць мясцовыя, рэгіянальныя, агульнадзяржаўныя, міжнародныя грамадскія арганізацыі.
Пад грамадскім рухам разумеецца сумесная дзейнасць грамадзян, якія імкнуцца да здзяйснення пэўных агульных мэт, але пры гэтым не маюць выразнай арганізаванай структуры і фіксаванага членства. Грамадскія рухі вылучаюцца масавасцю, шырокай сацыяльнай базай. Часта ўзнікаюць як рэакцыя грамадства на наяўнасць тых або іншых праблем, могуць мець кароткачасовы характар. Грамадскія рухі нярэдка становяцца асновай для ўтварэння грамадскіх арганізацый і нават палітычных партый. Так, развіццё экалагічнага руху абумовіла стварэнне разнастайных экалагічных саюзаў і асацыяцый, а затым і партый «зялёных» у многіх краінах.
1. На аснове тэксту параграфа складзіце схему «Функцыі палітычных партый». Якую функцыю палітычнай партыі вы лічыце самай важнай? Чаму?
2. На прыкладзе грамадскіх аб’яднанняў экалагічнай накіраванасці растлумачце, што агульнае паміж палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі і рухамі і ў чым іх адрозненне.
3. У ФРГ склалася партыйная сістэма, асаблівасць якой заключаецца ў барацьбе за ўладу дзвюх буйных партый. Ні адна з іх не можа заваяваць большасць у парламенце, таму кожная ўваходзіць у кааліцыю (саюз) з трэцяй партыяй. Гэта трэцяя партыя выконвае ролю балансу, яе падтрымка забяспечвае перавагу адной з вядучых партый. Растлумачце, чаму сістэму называюць не трохпартыйнай, а «двух з паловай партыйнай».
4. Уявіце сітуацыю: вы размаўляеце з сябрам, і ён сцвярджае, што арганізацыя, у якой знаходзіцца яго старэйшы брат, з’яўляецца новай палітычнай партыяй. Якія пытанні пра грамадскія аб’яднанні вы задалі б свайму сябру, каб упэўніцца ў праўдзівасці яго слоў?