§ 9. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства
Прынцыпы прававой дзяржавы. Cтанаўленне і развіццё прававой дзяржавы неаддзельнае ад станаўлення і развіцця сферы правоў чалавека, якія, у рэшце рэшт, сталі тым цэнтральным элементам, вакол якога і з’явілася ўся канцэпцыя прававой дзяржавы.
На працягу стагоддзяў ідэя ўсеагульных правоў чалавека развівалася з апорай на паняцці годнасці і павагі асобы. Аднак спатрэбіліся намаганні многіх пакаленняў, каб ідэя шанавання правоў была замацавана ў законах. У 1215 г. англійская знаць і прадстаўнікі духавенства, прыняўшы Вялікую хартыю вольнасцей (Magna Carta), вымусілі караля Англіі надалей кіраваць згодна з законам. У Статуце ВКЛ 1588 г. знайшла адлюстраванне ідэя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).
Прававая дзяржава — гэта форма арганізацыі палітычнай улады ў краіне, заснаваная на вяршэнстве права, падзеле ўлад, захаванні правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Свае асноўныя рысы і прыметы канцэпцыя прававой дзяржавы набыла ў канцы XIX — пачатку XX ст. Правы і свабоды чалавека былі прызнаныя неадчужальнымі, а іх павага, захаванне і абарона з боку дзяржавы — абавязковымі. У прававой дзяржаве «не закон ляжыць у аснове правоў людзей, а правы чалавека — у аснове закону». Мэтай з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека, недапушчэнне парушэння яго свабоды. Гэтаму галоўнаму палажэнню падпарадкаваны ўсе іншыя прынцыпы прававой дзяржавы.
Найважнейшай умовай пабудовы прававой дзяржавы з’яўляецца не проста абвяшчэнне дадзеных прынцыпаў, а іх гарантаванасць, ператварэнне ў рэальную практыку адносін дзяржавы і грамадства, дзяржавы і чалавека.