Печатать книгуПечатать книгу

§ 9. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: § 9. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 7 Май 2024, 08:30

Прынцыпы прававой дзяржавы. Cтанаўленне і развіццё прававой дзяржавы неаддзельнае ад станаўлення і развіцця сферы правоў чалавека, якія, у рэшце рэшт, сталі тым цэнтральным элементам, вакол якога і з’явілася ўся канцэпцыя прававой дзяржавы.

icon-remember
Якія правы чалавека вы ведаеце? Ці звязаны асабістыя (грамадзянскія) правы з грамадзянствам пэўнай дзяржавы?

На працягу стагоддзяў ідэя ўсеагульных правоў чалавека развівалася з апорай на паняцці годнасці і павагі асобы. Аднак спатрэбіліся намаганні многіх пакаленняў, каб ідэя шанавання правоў была замацавана ў законах. У 1215 г. англійская знаць і прадстаўнікі духавенства, прыняўшы Вялікую хартыю вольнасцей (Magna Carta), вымусілі караля Англіі надалей кіраваць згодна з законам. У Статуце ВКЛ 1588 г. знайшла адлюстраванне ідэя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

icon-persona
Англійскі філосаф XVII ст. Джон Лок распрацаваў тэорыю, згодна з якой кожны чалавек мае пэўныя правы ад нараджэння і яны не дорацца яму дзяржавай. Пры гэтым адносіны да дзяржавы залежаць ад таго, наколькі яна выконвае дадзеныя натуральныя правы. Ідэя, згодна з якой з натуральных правоў чалавека павінны вынікаць пэўныя прававыя гарантыі, атрымлівала ўсё большае прызнанне і стала знаходзіць адлюстраванне ў канстытуцыях шэрагу краін.

Прававая дзяржава — гэта форма арганізацыі палітычнай улады ў краіне, заснаваная на вяршэнстве права, падзеле ўлад, захаванні правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Свае асноўныя рысы і прыметы канцэпцыя прававой дзяржавы набыла ў канцы XIX — пачатку XX ст. Правы і свабоды чалавека былі прызнаныя неадчужальнымі, а іх павага, захаванне і абарона з боку дзяржавы — абавязковымі. У прававой дзяржаве «не закон ляжыць у аснове правоў людзей, а правы чалавека — у аснове закону». Мэтай з’яўляецца забеспячэнне правоў чалавека, недапушчэнне парушэння яго свабоды. Гэтаму галоўнаму палажэнню падпарадкаваны ўсе іншыя прынцыпы прававой дзяржавы.

img
icon-task
У якіх артыкулах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны асноўныя прынцыпы прававой дзяржавы? Падмацуйце цытатамі з дакумента.

Найважнейшай умовай пабудовы прававой дзяржавы з’яўляецца не проста абвяшчэнне дадзеных прынцыпаў, а іх гарантаванасць, ператварэнне ў рэальную практыку адносін дзяржавы і грамадства, дзяржавы і чалавека.

Грамадзянскае грамадства і яго асноўныя інстытуты. У кожнай краіне суіснуюць у непарыўным адзінстве дзяржава як апарат улады і грамадзянскае грамадства як сукупнасць людзей, якія маюць свае ўласныя мэты і інтарэсы.

Грамадзянскае грамадства — гэта асаблівая сфера грамадскіх адносін, сістэма самастойных і параўнаўча незалежных ад дзяржавы інстытутаў, грамадскіх інтарэсаў, адносін.

Грамадзянскае грамадства мае складаную структуру. Яно ўключае ў сябе не толькі інтарэсы грамадзян і адносіны паміж імі, але і шматлікія арганізацыі, закліканыя абараняць правы грамадзян і рэалізоўваць іх разнастайныя інтарэсы. Палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і рухі, прафесійныя і творчыя аб’яднанні, царква з’яўляюцца найважнейшымі інстытутамі грамадзянскага грамадства.

Без дзяржавы грамадзянскае грамадства існаваць не можа, а дзяржава без развітога грамадзянскага грамадства не здольна паспяхова развівацца па шляху дэмакратыі і захавання правоў і свабод чалавека.

icon-discussions
Чаму дзяржава павінна быць максімальна зацікаўлена ў наяўнасці развітога грамадзянскага грамадства, а грамадства — у існаванні прававой дзяржавы?

Сродкі масавай інфармацыі і іх роля ў палітыцы. Роля СМІ ў сучасным грамадстве пастаянна ўзрастае. Усё больш людзей разумеюць, што без адкрытасці палітычнай сферы, якую забяспечваюць СМІ, дэмакратыя немагчыма. Абавязковай умовай існавання прававой дзяржавы з’яўляюцца атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

СМІ — гэта перыядычнае друкаванае выданне, сеткавае выданне, тэлеканал, тэлепраграма, радыёканал, радыёпраграма, відэапраграма, іншая форма перыядычнага распаўсюджвання масавай інфармацыі пад пастаянным найменнем, якое мае дзяржаўную рэгістрацыю.

Роля СМІ заключаецца ў інфармаванні насельніцтва аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Сёння СМІ таксама маюць вялікае значэнне ў фарміраванні грамадскай думкі, уплываюць на палітычныя паводзіны грамадзян.

img

Тэорыя парадку дня абвяшчае, што сродкі масавай інфармацыі аказваюць значны ўплыў на грамадскасць непасрэдна самім падборам таго, што канкрэтна яны асвятляюць у навінах.

icon-task

Правядзіце апытанне і абмяркуйце вынікі.

● Адкуль вы звычайна атрымліваеце навіны: мясцовыя, рэгіянальныя, агульнанацыянальныя, глабальныя?

● Якія радыё- і тэлепраграмы вы слухаеце і гледзіце́, якія часопісы і газеты чытаеце?

● Пералічыце тры галоўныя навіны бягучага тыдня. Пра што яны?

СМІ не проста адлюстроўваюць навакольную рэчаіснасць, аб’ектыўна фіксуючы падзеі, якія адбываюцца, а непасрэдна ці апасродкавана, у адкрытай ці прыхаванай форме ўплываюць на ўсе палітычныя працэсы. Найбольш актуальнымі для сучаснага этапу з’яўляюцца праблемы скажэння інфармацыі, інфармацыйныя войны паміж рознымі палітычнымі сіламі ўнутры краін і паміж дзяржавамі.

Палітыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць СМІ, каб мабілізаваць грамадзян на тыя ці іншыя дзеянні, прапагандаваць свае палітычныя мэты, прыцягваць прыхільнікаў. Акрамя гэтых функцый, сродкі масавай інфармацыі забяспечваюць працэс камунікацыі паміж палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі інстытутамі і грамадствам. Сучасныя СМІ — гэта асаблівы суб’ект палітыкі, вельмі актыўны і ўплывовы, з пэўнай пазіцыяй, сур’ёзным эканамічным патэнцыялам. Паколькі яны з’яўляюцца таксама інструментамі кантролю дзяржаўнай улады — заканадаўчай, выканаўчай і судовай, іх часам называюць «чацвёртай уладай». Такім чынам падкрэсліваецца той вялікі ўплыў, якім валодаюць СМІ ў грамадстве і дзяржаве.

icon-questions

1. Назавіце прынцыпы прававой дзяржавы і грамадзянскага грамадства. У чым праяўляецца іх узаемасувязь?

2. Назавіце не менш за пяць суб’ектаў грамадзянскага грамадства. Ахарактарызуйце аднаго з іх.

3. Запоўніце табліцу. Якія характарыстыкі дзейнасці СМІ вы аднесяце да дэмакратычнай палітычнай сістэмы, а якія — да таталітарнай: усе СМІ падпарадкоўваюцца закону і дзейнічаюць у прававым полі; улада пастаянна ўздзейнічае на грамадства сродкамі прапаганды; СМІ ствараюць вобраз ворага, распальваюць варожасць і нецярпімасць; СМІ мабілізуюць грамадскую думку на абмеркаванне і вырашэнне праблем грамадства; усе СМІ знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы (незалежных не існуе); СМІ ажыццяўляюць грамадскі кантроль за дзейнасцю ўлады?

img
icon-idea
Выканайце міні-праект «Парадак сённяшняга дня». Выберыце 10 паведамленняў інфармацыйных агенцтваў за сённяшні дзень, праранжыруйце іх па ступені важнасці. Прасачыце, ці сталі яны галоўнымі навінамі ў медыя.