*§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме
Форма праўлення. Форма праўлення — арганізацыя вярхоўнай дзяржаўнай улады, якая прадвызначае структуру вышэйшых дзяржаўных органаў, парадак іх утварэння, узаемадзеяння між сабой і насельніцтвам. Гісторыі вядомы дзве формы праўлення: манархія і рэспубліка.
Манархіі бываюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя). Першыя манархіі ў гісторыі былі неабмежаваныя (абсалютныя), улада манарха нічым не абмяжоўвалася, яна была абсалютная. Манарх выступаў адзіным носьбітам суверэнітэту, валодаў шырокімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовай сферах.
У канстытуцыйных манархіях улада манарха абмежавана, і гэтыя абмежаванні замацаваны ў канстытуцыі. У залежнасці ад таго, як абмежавана ўлада манарха, вылучаюць дуалістычную (дваістую) і парламенцкую манархіі. У дуалістычнай манархіі манарх надзелены пераважна выканаўчай уладай і толькі часткова — заканадаўчай, у парламенцкай манарх, хоць і лічыцца кіраўніком дзяржавы, але фактычна валодае прадстаўнічымі функцыямі і толькі часткова выканаўчымі. Абсалютная большасць сучасных манархій — парламенцкія.
Рэспубліка (ад лац. res — справа і publicus — грамадскі) — гэта форма праўлення, пры якой вышэйшыя органы дзяржавы выбіраюцца насельніцтвам. Вылучаюць тры асноўныя разнавіднасці рэспублікі: прэзідэнцкую, парламенцкую і змешаную (паўпрэзідэнцкую).
Прэзідэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роляй прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Прэзідэнт з’яўляецца адначасова і кіраўніком дзяржавы, і кіраўніком выканаўчай улады. Ён абіраецца незалежна ад парламента або прамым галасаваннем выбаршчыкаў, або калегіяй выбаршчыкаў. Прэзідэнт сам фарміруе ўрад, які адказны перад ім, а не перад парламентам. Упершыню гэтая форма праўлення з’явілася ў Злучаных Штатах Амерыкі.
У парламенцкай рэспубліцы ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад парламентам. Кіраўнік урада (прэм’ер-міністр, канцлер) выконвае галоўную ролю ў дзяржаве. Прэзідэнт існуе, але фактычна здзяйсняе прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі.
Адрозненні парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублік | ||
Прэзідэнцкая | Парламенцкая | Змешаная |
Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца насельніцтвам | Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца і кантралюецца парламентам | Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца насельніцтвам |
Кіраўнік урада — прэзідэнт | Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр (істотная роля ў кіраўніцтве) | Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр |
Урад назначаецца прэзідэнтам | Урад фарміруецца парламентам | Урад назначаецца прэзідэнтам |
Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам | Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам | Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам |
Вылучаюць таксама змешаную, або «паўпрэзідэнцкую», рэспубліку. Гэта форма праўлення імкнецца спалучаць моцную прэзідэнцкую ўладу з эфектыўным кантролем парламента за дзейнасцю ўрада. Яе галоўная адметная рыса — падвойная адказнасць урада. Ён нясе адказнасць і перад прэзідэнтам, і перад парламентам.