Печатать книгуПечатать книгу

*§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 17:32

Дзяржава. Дзяржава існуе ў адзінстве двух сваіх асноўных бакоў. З аднаго боку, дзяржава — гэта форма арганізацыі грамадства, якая з’яўляецца палітычным саюзам, палітычнай супольнасцю. Такую трактоўку дзяржавы вельмі дакладна ахарактарызаваў вядомы нямецкі вучоны Карл Шміт (1888−1985): «Дзяржава ёсць палітычны статус народа, арганізаванага ў тэрытарыяльнай замкнёнасці… асаблівага роду стан народа». Такі падыход называюць шырокім, ці сацыялагічным. А з другога боку, дзяржава — гэта асаблівы апарат улады, сістэма спецыяльных органаў і службовых асоб, якія вылучыліся з грамадства як асаблівая арганізацыя ўлады.

Прыметы дзяржавы, якія характарызуюць два яе бакі, маюць пэўныя адрозненні. У межах шырокага (сацыялагічнага) падыходу вылучаюць тыя прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад іншых форм існавання грамадства (тэрыторыя, насельніцтва, улада, права, суверэнітэт). Прыметы дзяржавы як асаблівага апарату ўлады іншыя (вяршэнства дзяржаўнай улады, манапольныя правы і паўнамоцтвы (выданне законаў, прымяненне насілля, збор падаткаў)).

icon-discussions
Вызначце, якія з апісаных падыходаў характарызуюць дзяржаву як палітычны інстытут.

Існуе мноства тэорый паходжання дзяржавы. Сярод іх можна вылучыць наступныя: патрыярхальная, тэалагічная, дагаворная, тэорыя насілля, класавая.

Тэорыя Апісанне
Патрыярхальная (Платон, Арыстоцель) Вынік разрослай сям’і, праявы прыроды чалавека, яго імкнення не проста да зносін, але і да іх вышэйшай формы — палітычнай арганізацыі
Тэалагічная (Фама Аквінскі) Прадукт волі Усявышняга, у сувязі з чым дзяржаўная ўлада вечная і залежыць, галоўным чынам, ад рэлігійных арганізацый і дзеячаў
Дагаворная (Спіноза, Гобс, Лок, Русо і інш.) Заключэнне грамадскага дагавора як выніку разумнай волі народа, на падставе якога адбылося добраахвотнае аб’яднанне людзей для лепшага забеспячэння іх свабоды і ўзаемных інтарэсаў
Тэорыя насілля (Л. Гумпловіч, Я. Дзюрынг і інш.) Вынік гвалту, варожасці, заваявання адных плямёнаў, народаў другімі плямёнамі, народамі
Класавая (Ф. Энгельс) Вынік узаемадзеяння класаў, якія ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства ў сувязі са з’яўленнем прыватнай уласнасці
icon-search
Правядзіце пошук па запыце «сучасныя тэорыі дзяржавы». Якія з яго вынікаў можна скарыстаць для дапаўнення табліцы і чаму?
icon-discussions
Пра што сведчыць дадзены гістарычны прыклад? Абарыгены Аўстраліі, нягледзячы на шмат тысячагоддзяў свайго існавання, адмовіліся ад першабытнай гаспадаркі і сталі на шлях дзяржаўнага развіцця толькі ў выніку каланізацыі матэрыка белымі пасяленцамі (адкрыццё Аўстраліі адбылося ў 1606 г.). Сёння гэта сучасная развітая дзяржава.

Форма дзяржавы. Для вызначэння сутнасці дзяржавы вялікае значэнне мае такое паняцце, як форма дзяржавы. Форма дзяржавы вызначаецца як адзінства форм праўлення, дзяржаўнага ладу і палітычнага рэжыму. Пытанні пра тое, як павінна быць уладкавана ідэальная дзяржава, хвалявалі філосафаў яшчэ ў глыбокай старажытнасці.

icon-persona

Платон, аўтар твора «Дзяржава», лічыў, што ідэальная дзяржава — гэта справядлівае праўленне лепшых і высакародных. Ён распрацаваў дзве мадэлі ідэальнай дзяржавы. Згодна з першай, усе свабодныя грамадзяне падзяляюцца на тры саслоўі: філосафы (правіцелі), воіны (абаронцы дзяржавы) і работнікі вытворчай працы (земляробы, рамеснікі, купцы). На чале дзяржавы стаяць філосафы — мудрацы. Яны выконваюць гэтую місію, бо ім уласцівы мудрасць і дабрачыннасць. Правіцелі здзяйсняюць сваю дзейнасць без выдання законаў. Платон выступаў за дзяржаўную ўласнасць. Ён лічыў, што прыватная ўласнасць і сям’я спараджаюць эгаізм і шкодзяць агульнай справе. Таму філосафаў і воінаў ён пазбаўляў права на маёмасць. А каб філосафаў і воінаў не апаноўвалі страсці, звязаныя з сям’ёй, Платон лічыў, што жонкі для іх павінны быць агульныя. Наяўнасць сям’і і прыватнай уласнасці дапускалася толькі для ніжэйшага саслоўя.

Згодна з другой мадэллю, у ідэальнай дзяржаве ўлада здзяйснялася толькі на падставе закону, які жорстка рэгламентуе публічнае і асабістае жыццё людзей ад нараджэння да смерці. Правіцель у пэўных выпадках можа з’яўляцца суддзёй. Суд павінен быць актыўны. За спробу ўнясення змен у дзяржаўны лад прадугледжвалася смяротнае пакаранне. У гэтай ідэальнай дзяржаве адсутнічае агульная ўласнасць, а мае месца прыватная ўласнасць, якая абмяжоўваецца пэўнымі памерамі.

На думку Платона, існуюць няправільныя і правільныя формы праўлення. Да няправільных адносяцца: тымакратыя (улада адважных і славалюбівых), алігархія (улада багатых), дэмакратыя (улада народа), тыранія (улада беззаконня, усёдазволенасці і насілля), а да правільных — манархія (улада аднаго правіцеля) і арыстакратыя (улада мудрых і дасведчаных). Правільныя формы праўлення павінны грунтавацца на справядлівых законах.

На думку Платона, мэта дзяржавы заключаецца ў забеспячэнні справядлівага агульнага жыцця, прычым кожны павінен рабіць сваю справу. Дзяржава павінна выказваць інтарэсы ўсяго грамадства, а не якой-небудзь грамадскай групы. Адсутнасць адзінства, разлад і супярэчнасці ў дзяржаве вядуць да яе распаду. Адзінства дзяржавы магчыма, калі адсутнічаюць рознагалоссі сярод кіруючай эліты, закон адзіны для ўсіх грамадзян і няма падзелу грамадства на багатых і бедных.

icon-persona

Арыстоцель, вучань Платона, выклаў свае погляды ў працы «Палітыка», дзе разглядаў дзяржаву як вынік натуральнага развіцця чалавека (сям’і, паселішча). Для чалавека дзяржава з’яўляецца найвялікшай карысцю. На яго думку, грамадзянінам з’яўляецца не той, хто жыве ў тым ці іншым месцы, а той, хто валодае наборам грамадзянскіх правоў і мае паўнамоцтвы ў дзяржаўных справах. Галоўная рыса грамадзяніна — дабрачыннасць, якая праяўляецца ва ўменні выконваць свой грамадзянскі абавязак і ў здольнасці падпарадкоўвацца ўладам і законам. У залежнасці ад мэты, якую ставяць правіцелі, Арыстоцель вылучае правільныя (агульныя даброты) і няправільныя (карысныя мэты) формы дзяржаўнага ладу. Да правільных форм адносяцца манархія, арыстакратыя, палітыя, а да няправільных — тыранія, алігархія і дэмакратыя. Ён быў праціўнікам алігархаў, якія імкнуліся ўзурпіраваць уладу і грошы. Палітыя, на думку Арыстоцеля, спалучае лепшыя рысы аліграхіі і дэмакратыі, але свабодная ад іх недахопаў і крайнасцей. Умеранасць прысутнічае ў норавах, маёмасці, панаванні. Палітыя спалучае інтарэсы ўсіх пластоў грамадзян. Асноўную прычыну абурэнняў і пераваротаў у дзяржаве Арыстоцель бачыў у адсутнасці належнай роўнасці. Крыніцай сацыяльнай стабільнасці лічыў людзей сярэднага дастатку (чым іх больш, тым лепш для дзяржавы), палітычную стабільнасць у ідэальнай дзяржаве павінны забяспечваць правільныя законы. Філосаф адзначаў, што дзяржава існуе не дзеля таго, каб жыць, а дзеля таго, каб жыць шчасліва. Мэта палітыкі — справядлівы агульны дабрабыт.

icon-task
Для правядзення дэбатаў па пытанні «Чалавек для дзяржавы ці дзяржава для чалавека?» прадстаўце ідэі старажытнагрэчаскіх філосафаў аб дзяржаве ў форме батла. Запішыце пытанні для батла.

Тыпы дзяржаў вызначаюцца на падставе гістарычнага крытэрыю, згодна з якім характар дзяржавы залежыць ад асаблівасцей сацыяльна-палітычных адносін у тую ці іншую гістарычную эпоху. Паводле такога крытэрыю вылучаюцца дзяржавы раннякласавыя, рабаўладальніцкія, феадальныя, буржуазныя. Паводле гэтага крытэрыю вылучаліся таксама і сацыялістычныя дзяржавы.

Форма дзяржаўнага ладу. Дзяржавы адрозніваюцца паміж сабой па формах дзяржаўнага ладу, якія характарызуюць унутраную арганізацыю дзяржавы, суадносіны ў ёй уладных паўнамоцтваў цэнтральных і рэгіянальных органаў улады. Па гэтай прымеце вылучаюць унітарныя (простыя, нацыянальныя), федэратыўныя (саюзныя, шматнацыянальныя) і канфедэратыўныя дзяржавы.

Унітарнымі з’яўляюцца дзяржавы, для якіх характэрна высокая ступень цэнтралізацыі палітычнай улады. Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі такіх дзяржаў не валодаюць прыметамі дзяржаўнасці, суверэнітэту. Да федэратыўных адносяць дзяржавы, тэрытарыяльныя часткі якіх у той ці іншай ступені валодаюць суверэнітэтам, маюць прыметы дзяржаўнасці. Кожны суб’ект федэрацыі мае сваю канстытуцыю, а таксама органы заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Паўнамоцтвы паміж федэрацыяй і дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія ў яе ўваходзяць, вызначаюцца адзінай канстытуцыяй. Канфедэратыўныя дзяржавы — гэта саюзы суверэнных дзяржаў, якія ўтвараюцца для сумеснага вырашэння пэўных задач эканамічнага, ваеннага, сацыяльнага і іншага характару. У такіх саюзах адсутнічаюць адзіныя органы дзяржаўнай улады і кіравання, а спецыяльныя ўстановы ствараюцца толькі для каардынацыі дзеянняў удзельнікаў саюзу па рэалізацыі намечаных задач.

icon-discussions
Ці залежыць форма дзяржаўнага ладу ад памераў тэрыторыі краіны?
img
icon-task
Складзіце ТОП-15 дзяржаў свету з вялікай тэрыторыяй. Вызначце форму іх тэрытарыяльнага падзелу. Ці ёсць узаемасувязь паміж плошчай тэрыторыі і формай дзяржаўнага ладу?
icon-discussions
Ці можна назваць Беларусь маленькай краінай?
img
icon-task

● Вызначце месца, якое займае Беларусь па плошчы тэрыторыі сярод іншых еўрапейскіх краін.

● Назавіце вобласці і раёны Беларусі, якія па сваіх памерах пераўзыходзяць асобныя дзяржавы.

● Складзіце два маршруты (з усходу Беларусі на захад і з поўначы на поўдзень), вымерайце іх працягласць.

● Суаднясіце працягласць маршрутаў з тэрыторыяй іншых дзяржаў у Еўропе. Колькі краін можна наведаць, праехаўшы такую адлегласць? Выкажыце меркаванне, як з’явіўся міф пра тое, што Беларусь — маленькая краіна.

Форма праўлення. Форма праўлення — арганізацыя вярхоўнай дзяржаўнай улады, якая прадвызначае структуру вышэйшых дзяржаўных органаў, парадак іх утварэння, узаемадзеяння між сабой і насельніцтвам. Гісторыі вядомы дзве формы праўлення: манархія і рэспубліка.

Манархіі бываюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя). Першыя манархіі ў гісторыі былі неабмежаваныя (абсалютныя), улада манарха нічым не абмяжоўвалася, яна была абсалютная. Манарх выступаў адзіным носьбітам суверэнітэту, валодаў шырокімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовай сферах.

У канстытуцыйных манархіях улада манарха абмежавана, і гэтыя абмежаванні замацаваны ў канстытуцыі. У залежнасці ад таго, як абмежавана ўлада манарха, вылучаюць дуалістычную (дваістую) і парламенцкую манархіі. У дуалістычнай манархіі манарх надзелены пераважна выканаўчай уладай і толькі часткова — заканадаўчай, у парламенцкай манарх, хоць і лічыцца кіраўніком дзяржавы, але фактычна валодае прадстаўнічымі функцыямі і толькі часткова выканаўчымі. Абсалютная большасць сучасных манархій — парламенцкія.

img

Рэспубліка (ад лац. res — справа і publicus — грамадскі) — гэта форма праўлення, пры якой вышэйшыя органы дзяржавы выбіраюцца насельніцтвам. Вылучаюць тры асноўныя разнавіднасці рэспублікі: прэзідэнцкую, парламенцкую і змешаную (паўпрэзідэнцкую).

Прэзідэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роляй прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Прэзідэнт з’яўляецца адначасова і кіраўніком дзяржавы, і кіраўніком выканаўчай улады. Ён абіраецца незалежна ад парламента або прамым галасаваннем выбаршчыкаў, або калегіяй выбаршчыкаў. Прэзідэнт сам фарміруе ўрад, які адказны перад ім, а не перад парламентам. Упершыню гэтая форма праўлення з’явілася ў Злучаных Штатах Амерыкі.

У парламенцкай рэспубліцы ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад парламентам. Кіраўнік урада (прэм’ер-міністр, канцлер) выконвае галоўную ролю ў дзяржаве. Прэзідэнт існуе, але фактычна здзяйсняе прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі.

Адрозненні парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублік
Прэзідэнцкая Парламенцкая Змешаная
Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца насельніцтвам Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца і кантралюецца парламентам Прэзідэнт (кіраўнік дзяржавы) абіраецца насельніцтвам
Кіраўнік урада — прэзідэнт Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр (істотная роля ў кіраўніцтве) Кіраўнік урада — прэм’ер-міністр
Урад назначаецца прэзідэнтам Урад фарміруецца парламентам Урад назначаецца прэзідэнтам
Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам Урад нясе адказнасць перад прэзідэнтам

Вылучаюць таксама змешаную, або «паўпрэзідэнцкую», рэспубліку. Гэта форма праўлення імкнецца спалучаць моцную прэзідэнцкую ўладу з эфектыўным кантролем парламента за дзейнасцю ўрада. Яе галоўная адметная рыса — падвойная адказнасць урада. Ён нясе адказнасць і перад прэзідэнтам, і перад парламентам.

Палітычны рэжым. Палітычны рэжым адносіцца да палітычнай сістэмы грамадства і яе функцыянавання. Гэта спосаб функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства. У залежнасці ад таго, як звязаны паміж сабой асноўныя элементы палітычнай сістэмы грамадства, яны фарміруюць той ці іншы тып палітычнага рэжыму. Характарыстыка палітычнага рэжыму ў любой асобна ўзятай краіне дае сапраўдную карціну прынцыпаў арганізацыі палітычнага жыцця грамадства. Менавіта палітычны рэжым дазваляе ўбачыць не толькі афіцыйныя, але і рэальныя механізмы здзяйснення ўлады.

У палітычнай навуцы існуе мноства падыходаў да вызначэння сутнасці кожнага з рэжымаў і, адпаведна, крытэрыяў іх вылучэння:

● стан асобы ў грамадстве, які вызначаецца рэальным аб’ёмам правоў і свабод грамадзян, наяўнасцю магчымасцей выказвання і рэалізацыі імі сваіх інтарэсаў і палітычных пераваг;

● ступень і характар уцягнутасці грамадзян у палітыку, якая вызначаецца наяўнасцю гарантаваных магчымасцей іх свабоднага волевыяўлення, добраахвотнага ўдзелу ў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, аб’яднання ў палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і групы па інтарэсах;

● ступень развітасці палітычных інстытутаў, спосабаў іх фарміравання і функцыянавання, якая выражаецца наяўнасцю інстытутаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад, органаў мясцовага самакіравання, шматпартыйнасці, сеткі грамадскіх аб’яднанняў, характарам заканадаўства, якое рэгламентуе іх права, парадак фарміравання і функцыянавання;

● характар метадаў здзяйснення дзяржаўнай улады і дасягнення палітычных мэт, які выяўляецца праз тыя ці іншыя суадносіны мер пераканання і прымусу ў дзейнасці ўлад.

Палітычны рэжым Характарыстыка
Таталітарны рэжым (таталітарызм) (ад лац. totalis — увесь, цэлы, поўны)

● Улада знаходзіцца ў руках адной кіруючай партыі, існуе адзіная ідэалогія, якая пранізвае ўсе сферы жыцця грамадства і носіць абавязковы для ўсіх характар;

● здзяйсняецца абсалютны кантроль над усімі сферамі дзейнасці грамадства

Аўтарытарны рэжым (аўтарытарызм) (ад лац. аutоritas — улада, уплыў)

● Улада сканцэнтравана ў руках аднаасобнага кіраўніка ці кіруючай групоўкі і зніжае ролю іншых, перш за ўсё прадстаўнічых, інстытутаў;

● забяспечваецца поўны кантроль за палітычнай сферай жыцця грамадства, аднак захоўваецца пэўная аўтаномія асобы ў непалітычных сферах

Дэмакратычны рэжым (дэмакратыя) (ад грэч. δῆμος — народ і κράτος — улада)

● Народ надзелены вышэйшай уладай і здзяйсняе яе або непасрэдна, або праз сваіх прадстаўнікоў пры свабоднай выбарчай сістэме

icon-task

Вызначце, якім тыпам палітычных рэжымаў адпавядаюць дадзеныя сцвярджэнні. Абгрунтуйце свой пункт гледжання.

● Забаронена ўсё, акрамя таго, што загадана.

● Дазволена ўсё, акрамя палітыкі.

● Дазволена ўсё, што не забаронена законам.

icon-task
З якім палітычным рэжымам асацыюецца апісаны пісьменнікам Джорджам Оруэлам свет у рамане-антыўтопіі «1984»? Які выраз стаў адным з самых вядомых мемаў для апісання гэтага рэжыму?
img
icon-discussions
Урочышча Курапаты, што на паўночным усходзе ад мінскага мікрараёна Зялёны Луг, — гэта лес паміж МКАД і дарогай Заслаўе — Калодзішчы. У 1988 г. у Курапатах выявілі пахаванні людзей. Па адной з версій, там пахавана не менш за 30 тысяч, па другой — больш за 100 тысяч чалавек.
img
icon-task
Прааналізуйце надпісы на памятным знаку, усталяваным у 2018 г. у Курапатах па заказе Федэрацыіі прафсаюзаў Беларусі. Каму прысвечаны памятны знак? Якую ацэнку палітычных працэсаў мінулага дае мемарыял? Выкарыстайце памятку для работы з мемарыялізацыяй.