*§ 7-1. Дзяржава ў палітычнай сістэме

Форма дзяржаўнага ладу. Дзяржавы адрозніваюцца паміж сабой па формах дзяржаўнага ладу, якія характарызуюць унутраную арганізацыю дзяржавы, суадносіны ў ёй уладных паўнамоцтваў цэнтральных і рэгіянальных органаў улады. Па гэтай прымеце вылучаюць унітарныя (простыя, нацыянальныя), федэратыўныя (саюзныя, шматнацыянальныя) і канфедэратыўныя дзяржавы.

Унітарнымі з’яўляюцца дзяржавы, для якіх характэрна высокая ступень цэнтралізацыі палітычнай улады. Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі такіх дзяржаў не валодаюць прыметамі дзяржаўнасці, суверэнітэту. Да федэратыўных адносяць дзяржавы, тэрытарыяльныя часткі якіх у той ці іншай ступені валодаюць суверэнітэтам, маюць прыметы дзяржаўнасці. Кожны суб’ект федэрацыі мае сваю канстытуцыю, а таксама органы заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Паўнамоцтвы паміж федэрацыяй і дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія ў яе ўваходзяць, вызначаюцца адзінай канстытуцыяй. Канфедэратыўныя дзяржавы — гэта саюзы суверэнных дзяржаў, якія ўтвараюцца для сумеснага вырашэння пэўных задач эканамічнага, ваеннага, сацыяльнага і іншага характару. У такіх саюзах адсутнічаюць адзіныя органы дзяржаўнай улады і кіравання, а спецыяльныя ўстановы ствараюцца толькі для каардынацыі дзеянняў удзельнікаў саюзу па рэалізацыі намечаных задач.

icon-discussions
Ці залежыць форма дзяржаўнага ладу ад памераў тэрыторыі краіны?
img
icon-task
Складзіце ТОП-15 дзяржаў свету з вялікай тэрыторыяй. Вызначце форму іх тэрытарыяльнага падзелу. Ці ёсць узаемасувязь паміж плошчай тэрыторыі і формай дзяржаўнага ладу?
icon-discussions
Ці можна назваць Беларусь маленькай краінай?
img
icon-task

● Вызначце месца, якое займае Беларусь па плошчы тэрыторыі сярод іншых еўрапейскіх краін.

● Назавіце вобласці і раёны Беларусі, якія па сваіх памерах пераўзыходзяць асобныя дзяржавы.

● Складзіце два маршруты (з усходу Беларусі на захад і з поўначы на поўдзень), вымерайце іх працягласць.

● Суаднясіце працягласць маршрутаў з тэрыторыяй іншых дзяржаў у Еўропе. Колькі краін можна наведаць, праехаўшы такую адлегласць? Выкажыце меркаванне, як з’явіўся міф пра тое, што Беларусь — маленькая краіна.