§ 7. Дзяржава ў палітычнай сістэме

Дзяржава — асноўны палітычны інстытут. Палітычныя інстытуты — гэта ўстановы або арганізацыі, якія абслугоўваюць працэс ажыццяўлення палітычнай улады, надаюць устойлівасць палітычнай сістэме. Да палітычных інстытутаў належаць дзяржава, палітычныя партыі, прафсаюзы і да т. п.

Цэнтральным інстытутам палітычнай сістэмы, яе галоўным кампанентам з’яўляецца дзяржава. Невыпадкова яе вывучэннем займаецца некалькі гуманітарных навук — ад гісторыі і філасофіі да правазнаўства, сацыялогіі, паліталогіі, эканамічнай тэорыі. Так, у курсе гісторыі дзяржава разглядаецца ў яе канкрэтна-гістарычных праявах, а ў курсе правазнаўства — ва ўзаемасувязі з правам.

Дзяржава ўзнікла з-за неабходнасці рэгуляваць сумеснае жыццё і дзейнасць людзей.

img
icon-remember
Успомніце азначэнні прымет дзяржавы. Ці можна лічыць іх характарыстыкай дзяржавы як палітычнага інстытута? Чаму?

Дзяржава — гэта адмысловая арганізацыя ўлады, якая вылучылася з грамадства, сістэма спецыяльных органаў і службовых асоб.

icon-persona

У 1651 г. выйшла кніга аб паходжанні і сутнасці дзяржавы англійскага мысліцеля Томаса Гобса пад назвай «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай». Гобс лічыў, што спыніць непазбежны стан грамадства як «вайны ўсіх супраць усіх» можа толькі грамадскі дагавор аб стварэнні дзяржавы. Грамадзяне добраахвотна абмяжоўваюць сваю свабоду, але ўзамен атрымліваюць ахову з боку дзяржавы.

Левіяфан — гэта імя міфічнай біблейскай істоты, марской пачвары.

icon-search
Правядзіце пошук інфармацыі па запыце «Левіяфан». Які вобраз дзяржавы-Левіяфана склаўся ў сучасным грамадстве? Чым гэта можна растлумачыць?

Як асаблівы апарат улады дзяржава характарызуецца перш за ўсё вяршэнствам дзяржаўнай улады. Гэта азначае, што толькі дзяржава праз свае органы выдае такія нормы, якія з’яўляюцца абавязковымі для ўсяго насельніцтва краіны. Ніякія арганізацыі ці людзі ўнутры дадзенай дзяржавы не могуць скасаваць рашэнні дзяржаўных органаў, і ніякія іншыя арганізацыі ці асобы не могуць падтрымліваць стасункі з іншымі дзяржавамі ці арганізацыямі ад імя дзяржавы, калі такое права не нададзена адмыслова. Вяршэнства дзяржаўнай улады распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю дзяржавы і дзейнічае толькі ў яе межах.

Дзяржава як апарат улады валодае цэлым шэрагам паўнамоцтваў, якіх пазбаўлены іншыя арганізацыі на яе тэрыторыі. Таму такія правы і паўнамоцтвы называюцца манапольнымі.

Сярод іх:

права на выданне законаў і іншых прававых актаў, абавязковых для ўсяго насельніцтва;

права на прымяненне прымусу. Толькі дзяржава валодае выключным правам на яго прымяненне, і гэта права ўстаноўлена законам, інакш кажучы, з’яўляецца легальным. Для здзяйснення дадзеных паўнамоцтваў дзяржава валодае спецыяльнымі органамі і сродкамі (міліцыя, суд, турмы і да т. п.);

права на спагнанне падаткаў і збораў з насельніцтва. Падаткі неабходны для забеспячэння дзяржаўнай дзейнасці, утрымання кіраўнічага апарату, выплаты пенсій, дапамог, падтрымкі бальніц, школ і да т. п. Дзяржава стварае армію, службу бяспекі і да т. п.

Такім чынам, дзяржава — гэта асаблівая форма арганізацыі палітычнай улады, якая валодае спецыяльным апаратам кіравання грамадствам для забеспячэння яго цэласнасці, арганізаванасці і пэўнага парадку ў ім.