§ 7. Дзяржава ў палітычнай сістэме
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 7. Дзяржава ў палітычнай сістэме |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 15:34 |
Дзяржава — асноўны палітычны інстытут. Палітычныя інстытуты — гэта ўстановы або арганізацыі, якія абслугоўваюць працэс ажыццяўлення палітычнай улады, надаюць устойлівасць палітычнай сістэме. Да палітычных інстытутаў належаць дзяржава, палітычныя партыі, прафсаюзы і да т. п.
Цэнтральным інстытутам палітычнай сістэмы, яе галоўным кампанентам з’яўляецца дзяржава. Невыпадкова яе вывучэннем займаецца некалькі гуманітарных навук — ад гісторыі і філасофіі да правазнаўства, сацыялогіі, паліталогіі, эканамічнай тэорыі. Так, у курсе гісторыі дзяржава разглядаецца ў яе канкрэтна-гістарычных праявах, а ў курсе правазнаўства — ва ўзаемасувязі з правам.
Дзяржава ўзнікла з-за неабходнасці рэгуляваць сумеснае жыццё і дзейнасць людзей.
Дзяржава — гэта адмысловая арганізацыя ўлады, якая вылучылася з грамадства, сістэма спецыяльных органаў і службовых асоб.
У 1651 г. выйшла кніга аб паходжанні і сутнасці дзяржавы англійскага мысліцеля Томаса Гобса пад назвай «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай». Гобс лічыў, што спыніць непазбежны стан грамадства як «вайны ўсіх супраць усіх» можа толькі грамадскі дагавор аб стварэнні дзяржавы. Грамадзяне добраахвотна абмяжоўваюць сваю свабоду, але ўзамен атрымліваюць ахову з боку дзяржавы.
Левіяфан — гэта імя міфічнай біблейскай істоты, марской пачвары.
Як асаблівы апарат улады дзяржава характарызуецца перш за ўсё вяршэнствам дзяржаўнай улады. Гэта азначае, што толькі дзяржава праз свае органы выдае такія нормы, якія з’яўляюцца абавязковымі для ўсяго насельніцтва краіны. Ніякія арганізацыі ці людзі ўнутры дадзенай дзяржавы не могуць скасаваць рашэнні дзяржаўных органаў, і ніякія іншыя арганізацыі ці асобы не могуць падтрымліваць стасункі з іншымі дзяржавамі ці арганізацыямі ад імя дзяржавы, калі такое права не нададзена адмыслова. Вяршэнства дзяржаўнай улады распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю дзяржавы і дзейнічае толькі ў яе межах.
Дзяржава як апарат улады валодае цэлым шэрагам паўнамоцтваў, якіх пазбаўлены іншыя арганізацыі на яе тэрыторыі. Таму такія правы і паўнамоцтвы называюцца манапольнымі.
Сярод іх:
• права на выданне законаў і іншых прававых актаў, абавязковых для ўсяго насельніцтва;
• права на прымяненне прымусу. Толькі дзяржава валодае выключным правам на яго прымяненне, і гэта права ўстаноўлена законам, інакш кажучы, з’яўляецца легальным. Для здзяйснення дадзеных паўнамоцтваў дзяржава валодае спецыяльнымі органамі і сродкамі (міліцыя, суд, турмы і да т. п.);
• права на спагнанне падаткаў і збораў з насельніцтва. Падаткі неабходны для забеспячэння дзяржаўнай дзейнасці, утрымання кіраўнічага апарату, выплаты пенсій, дапамог, падтрымкі бальніц, школ і да т. п. Дзяржава стварае армію, службу бяспекі і да т. п.
Такім чынам, дзяржава — гэта асаблівая форма арганізацыі палітычнай улады, якая валодае спецыяльным апаратам кіравання грамадствам для забеспячэння яго цэласнасці, арганізаванасці і пэўнага парадку ў ім.
Функцыі дзяржавы. Функцыі дзяржавы найбольш часта вызначаюць як асноўныя напрамкі яе дзейнасці.
Унутраныя функцыі дзяржавы вылучаюцца згодна са сферамі жыццядзейнасці грамадства, а знешнія характарызуюць асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы на міжнароднай арэне.
Форма дзяржавы. Для вызначэння сутнасці дзяржавы вялікае значэнне мае такое паняцце, як форма дзяржавы. Форма дзяржавы вызначаецца як адзінства форм кіравання, тэрытарыяльнага ўладкавання і палітычнага рэжыму.
Форма праўлення характарызуе арганізацыю дзяржаўнай улады, структуру і парадак узаемаадносін вышэйшых дзяржаўных органаў, службовых асоб і грамадзян. Вылучаюць дзве асноўныя формы праўлення — манархію і рэспубліку.
Манархія (ад грэч. μοναρχία — адзінаўладдзе) — гэта форма кіравання, пры якой улада засяроджана ў руках аднаасобнага кіраўніка дзяржавы. Улада манарха (караля, імператара, шаха, цара і да т. п.), як правіла, доўжыцца пажыццёва і перадаецца нашчадкам. Манархіі бываюць неабмежаваныя (абсалютныя) і абмежаваныя (канстытуцыйныя).
Першыя ў гісторыі манархіі былі неабмежаваныя: улада манарха нічым і нікім не была абмежаваная, яна была абсалютная. Манарх выступаў адзіным носьбітам суверэнітэту, валодаў шырокімі паўнамоцтвамі ў заканадаўчай, выканаўчай і судовай сферах.
У канстытуцыйных манархіях улада манарха абмежаваная, і гэтыя абмежаванні, як правіла, устаноўлены канстытуцыяй. Доўгі час манархіі былі асноўнай формай праўлення ў большасці дзяржаў, сёння манархія характэрна для кожнай пятай дзяржавы свету.
Рэспубліка (ад лац. res — справа і publicus — грамадскі) — гэта форма праўлення, пры якой вышэйшыя органы дзяржаўнай улады абіраюцца насельніцтвам. Вылучаюць тры асноўныя разнавіднасці рэспублікі — прэзідэнцкую, парламенцкую і змешаную.
Прэзідэнцкая рэспубліка характарызуецца значнай роляй прэзідэнта ў сістэме дзяржаўных органаў. Прэзідэнт з’яўляецца адначасова і кіраўніком дзяржавы, і кіраўніком выканаўчай улады. Ён абіраецца незалежна ад парламента або прамым галасаваннем выбаршчыкаў, або калегіяй выбаршчыкаў. Прэзідэнт сам фарміруе ўрад, які адказны перад ім.
У парламенцкай рэспубліцы ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад парламентам. Кіраўнік урада (прэм’ер-міністр, канцлер) адыгрывае галоўную ролю ў дзяржаве. Прэзідэнт ажыццяўляе пераважна прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі.
У змешанай рэспубліцы ўрад фарміруецца прэзідэнтам і парламентам і адказны перад імі.
Дзяржавы адрозніваюцца паміж сабой і па формах тэрытарыяльнага ўладкавання. Дзяржавы бываюць унітарныя, федэратыўныя, канфедэратыўныя.
Унітарная дзяржава — гэта адзіная дзяржава, якая складаецца з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што не валодаюць прыметамі дзяржаўнай самастойнасці ці якой-небудзь уласнай аўтаноміяй.
Федэрацыя — гэта саюзная дзяржава, што складаецца з суб’ектаў, якія валодаюць пэўнымі прыметамі дзяржаўнай самастойнасці. Для федэрацыі характэрна наяўнасць дзвюх сістэм дзяржаўнай улады — федэральнай і суб’ектаў федэрацыі (у розных дзяржавах яны называюцца па-рознаму: штаты, кантоны, рэспублікі, землі). Члены федэрацыі могуць мець уласныя канстытуцыі, законы.
Канфедэрацыя — гэта саюз юрыдычна і палітычна самастойных дзяржаўных утварэнняў, які ствараецца для дасягнення адзіных мэт і вырашэння агульных праблем.
Палітычны рэжым — гэта спосаб функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства. Характарыстыка палітычнага рэжыму ў асобна ўзятай краіне паказвае прынцыпы арганізацыі палітычнага жыцця грамадства. Метады і сродкі ажыццяўлення ўлады могуць быць дэмакратычныя ці недэмакратычныя. Крайняй формай недэмакратычнага рэжыму з’яўляецца таталітарны рэжым, які характарызуецца ўсёабдымным кантролем за грамадскім і прыватным жыццём, ліквідацыяй правоў і свабод грамадзян і рэпрэсіямі.
Аўтарытарны рэжым з’яўляецца пераходным палітычным рэжымам: ад таталітарызму да дэмакратыі ці ад дэмакратыі да таталітарызму. Пры аўтарытарным рэжыме палітычная ўлада сканцэнтравана ў руках асобнага чалавека ці групы людзей, аднак па-за сферай палітыкі захоўваецца адносная свабода. Галоўным арыенцірам для палітычнага развіцця ў сучасным свеце з’яўляецца дэмакратычны рэжым. Асноўныя характарыстыкі дэмакратыі разгледзім у наступным параграфе.
1. Якое з двух прыведзеных ніжэй палажэнняў адлюстроўвае ўнітарны дзяржаўны лад Рэспублікі Беларусь?
● Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком выканаўчай улады.
● Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі не валодаюць прыметамі дзяржаўнага суверэнітэту.
2. Вызначце форму праўлення і форму тэрытарыяльнага ўладкавання наступных пар дзяржаў. Што паміж імі агульнае? У чым адрозненне?
● Рэч Паспалітая абодвух народаў (Rzeczpospolita Obojga Narodów) і Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska).
● СССР і ЕС.
3. Ці згодны вы з наступнымі сцвярджэннямі? Абгрунтуйце сваю думку.
● Дзяржава існавала заўсёды.
● Дзяржава з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком усяго грамадства.
● Форма праўлення характарызуе метады і сродкі ажыццяўлення ўлады.