*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Палітычная сістэма. Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характары іх адносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма. Палітычная сістэма грамадства — гэта сукупнасць інстытутаў (дзяржаўных органаў, палітычных партый, грамадскіх арганізацый і да т. п.). Менавіта ў рамках палітычнай сістэмы праходзіць палітычнае жыццё грамадства і ажыццяўляецца палітычная ўлада.

У палітычнай сістэме ўзаемадзейнічае мноства кампанентаў, якія можна аб’яднаць у пэўныя падсістэмы.

Інстытуцыянальная падсістэма ўключае ў сябе розныя арганізацыі — як уласна палітычныя (дзяржава, палітычныя партыі), так і непалітычнага характару, якія могуць мець сур’ёзныя палітычныя інтарэсы (прафсаюзы, аб’яднанні прадпрымальнікаў, царква і інш.).

Нарматыўная падсістэма ўключае сукупнасць норм, якія рэгулююць палітычныя адносіны. Да іх належаць не толькі законы, але і нормы маралі, палітычныя традыцыі, звычаі.

Палітыка-ідэалагічная падсістэма (часам яе называюць палітыка-культурнай) уключае ў сябе каштоўнасці, ідэалы, перакананні, узоры і стандарты палітычных паводзінаў. Да гэтай падсістэмы належыць палітычная культура грамадства, а таксама палітычная ідэалогія.

Камунікатыўная падсістэма — гэта сістэма, у якой праяўляюцца формы ўзаемадзеяння ўлады, грамадства і індывіда. Яна ўключае ў сябе дзве асноўныя групы адносін: фармалізаваныя (яны заснаваны на нормах права і імі рэгулююцца) і нефармалізаваныя (заснаваны на меркаваннях, настроях, аўтарытэце, павазе, маральных нормах).

Функцыянальная падсістэма ўключае ў сябе спосабы функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства і яе падсістэм. Менавіта тып узаемадзеяння элементаў палітычнай сістэмы паказвае, як здзяйсняецца ўлада, які характар палітычных адносін, указвае на многія палітычныя характарыстыкі дадзенай дзяржавы, напрыклад стабільнасць, аўтарытэт улады, наяўнасць або адсутнасць пратэстных груп, дэмакратычнасць.

icon-persona

У палітычнай навуцы шырока выкарыстоўваецца класіфікацыя палітычных сістэм на аснове легітымнасці і эфектыўнасці, прапанаваная амерыканскім палітолагам Сеймурам Ліпсетам.

А — высокі ўзровень легітымнасці і эфектыўнасці;

В — рэжымы легітымныя, але неэфектыўныя;

С — рэжымы эфектыўныя, але нелегітымныя;

D — рэжымы нелегітымныя і неэфектыўныя.

img

С. Ліпсет меркаваў, што адна з найбольш істотных праблем функцыянавання палітычнай сістэмы — забеспячэнне яе стабільнасці. Стабільнай лічыцца палітычная сістэма, у якой улада эфектыўная і легітымная. Палітычную сістэму, у якой адсутнічае адзін з гэтых параметраў, адносяць да параўнальна стабільнай ці нестабільнай.

Паказчыкам становішча палітычных інстытутаў у грамадстве з’яўляецца ўзровень даверу да іх грамадзян. Выступаючы ў пэўнай ступені суб’ектыўнай з’явай, давер часам праяўляецца ў якасці крытычнага фактару, ад якога залежыць устойлівасць палітычных структур самага рознага ўзроўню.

img
icon-task

Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўлены вынікі сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у 2017–2018 гг.

Якім палітычным інстытутам грамадзяне не давяраюць у большай ступені, а якім — у меншай? Як змяняецца ўзровень даверу: змяншаецца ці павялічваецца?

У палітычнай навуцы існуе мноства тыпалогій палітычных сістэм па розных крытэрыях. Напрыклад, па характары ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем вылучаюць адкрытыя і закрытыя палітычныя сістэмы. Па тыпе палітычнага рэжыму вылучаюць дэмакратычныя, аўтарытарныя і таталітарныя палітычныя сістэмы. Па стане грамадзянскага грамадства вылучаюць традыцыйныя і мадэрнізаваныя палітычныя сістэмы.