Печатать книгуПечатать книгу

*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 30 Апрель 2024, 01:41

Палітыка. У сучасным грамадстве паняцце «палітыка» выкарыстоўваецца ў некалькіх асноўных значэннях:

Палітыка — асаблівая сфера грамадскага жыцця нароўні з эканамічнай, духоўнай і сацыяльнай сферамі. У цэнтры палітычнай сферы жыцця грамадства знаходзяцца адносіны ўлады.

Палітыка — гэта асаблівая дзейнасць, звязаная з барацьбой за ўладу і аказаннем уплыву на ўладу. Гэта сфера адносін паміж вялікімі сацыяльнымі групамі з нагоды ўсталявання, арганізацыі і змены ўлады ў грамадстве або дзяржаве.

Палітыка — асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы ці якіх-небудзь іншых палітычных суб’ектаў. У такім значэнні гавораць пра знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы, эканамічную палітыку, сацыяльную і дэмаграфічную палітыку, падатковую палітыку, эканамічную палітыку і да т. п.

Як жа складваліся асноўныя падыходы да палітыкі? Паняцце «палітыка» мае багатую гісторыю. Яно з’явілася ў глыбокай старажытнасці. Вялікі ўклад у развіццё поглядаў на палітыку ўнёс вядомы антычны філосаф Арыстоцель (IV ст. да н. э.).

icon-persona
Арыстоцель быў упэўнены, што людзі могуць жыць толькі ў грамадстве, бо «чалавек па прыродзе сваёй ёсць істота палітычная».

Палітыка — асаблівая форма грамадскага жыцця, у цэнтры якой знаходзяцця адносіны ўлады; асаблівая дзейнасць, звязаная з барацьбой за ўладу і аказаннем уплыву на ўладу; асноўныя накірункі дзейнасці дзяржавы ці якіх-небудзь іншых палітычных суб’ектаў.

Гістарычна першай формай улады была ўлада грамадская — гэта такая ўлада, пры якой усе праблемы вырашаюцца разам. Тады яшчэ не было якога-небудзь пласта людзей, які стаяў бы над усім астатнім грамадствам, адсутнічалі спецыяльныя органы прымусу. Па меры развіцця грамадства ўлада пачынае ператварацца з грамадскай у палітычную.

Палітычная ўлада — гэта не проста здольнасць праводзіць сваю волю ў грамадскім жыцці, а здольнасць рабіць гэта, абапіраючыся на сістэму ўстаноў, арганізацый, законаў. Найвышэйшай формай палітычнай улады з’яўляецца дзяржаўная ўлада. Для яе рэалізацыі ствараюцца шматлікія органы і спецыяльныя органы прымусу.

Вучоныя вылучаюць розныя віды ўлады: дзяржаўную; эканамічную і палітычную; свецкую і царкоўную; заканадаўчую, выканаўчую і судовую; цэнтральную і мясцовую, уладу лідараў, бацькоў і да т. п. Від улады вызначаецца ў залежнасці ад таго, каму яна належыць, хто яе здзяйсняе і ў адносінах да каго яна рэалізуецца.

У адносінах да ўлады заўсёды варта разумець, хто яе здзяйсняе, хто ўладарыць, а хто — падпарадкоўваецца, хто з’яўляецца суб’ектам улады, а хто — аб’ектам. У сродках масавай інфармацыі, паўсядзённых размовах людзей можна пачуць такія словазлучэнні, як «улада вырашыла», «урад пастанавіў», «парламент прыняў закон». На самай справе вырашылі, пастанавілі, прынялі закон канкрэтныя людзі. Яны або аб’яднаны ў калегіяльныя органы ўлады (напрыклад, у парламент, урад, адміністрацыю) і, значыць, выконваюць абавязкі сумесна, або рэалізуюць уладу ў індывідуальнай, персаніфікаванай форме (ад лац. реrsōnа — асоба). Прэзідэнт краіны, кароль, суддзя здзяйсняюць персаніфікаваную форму ўлады. У такім выпадку заўсёды вядома, які канкрэтны чалавек прыняў уладнае рашэнне. Але важна разумець, што, у якой бы форме ні выступалі суб’екты ўлады, іх права на ўладу павінна быць замацавана ў законе, і толькі на падставе дадзенага закона суб’ект набывае магчымасць прымаць рашэнні, абавязковыя для ўсіх. Асаблівасць адносін улады і кіравання ў грамадстве і яго асобных арганізацыях заключаецца таксама ў тым, што суб’екты ўлады і кіравання супадаюць: той, хто валодае ўладай, той і рэалізуе кіраванне.

Улада Каму належыць Хто здзяйсняе У адносінах да каго рэалізуецца
Бацькі
Лідар
Царква
Дзяржава
icon-discussions
Запоўніце табліцу і на падставе даных растлумачце, чым адрозніваецца палітычная ўлада ад непалітычнай.

Месца чалавека ў сістэме палітычных адносін вызначае палітычны статус асобы, які азначае рэальную здольнасць і магчымасць чалавека праяўляць сябе ў сферы палітыкі, выбіраць і быць абраным ва ўладныя структуры, удзельнічаць у абмеркаванні і вырашэнні грамадскіх праблем. Для развіцця грамадства важна, каб грамадзяне ўдзельнічалі ў вырашэнні наспелых праблем, у выбарах. З дапамогай выбараў забяспечваецца ўдзел грамадзян у фарміраванні прадстаўнічых органаў дзяржавы, рэалізацыі іх палітычных правоў. На думку Арыстоцеля, «грамадзянінам у агульным сэнсе з’яўляецца той, хто мае дачыненне і да панавання, і да падпарадкавання».

Палітычны статус асобы праяўляецца ў разнастайнасці яе палітычных роляў: выбаршчыка, дэпутата, члена партыі і грамадскай арганізацыі, лідара, прафесійнага палітыка і да т. п. Палітычная роля — гэта індывідуальныя паводзіны чалавека ў сферы палітыкі ў адпаведнасці са сваім статусам. Палітычны статус асобы юрыдычна замацаваны ў грамадзянстве.

Асоба як носьбіт палітычнай культуры арыентавана на пэўныя каштоўнасці і формы паводзінаў у палітычным жыцці. Яна фарміруе пазіцыі:

● адносна інстытутаў дзяржаўнага кіравання;

● адносна іншых людзей, партый і да т. п. (усведамленне прыналежнасці да нацыі, дзяржавы, рэгіёна, правапарадку);

● адносна ўласнага палітычнага ўдзелу ці няўдзелу (ацэнка сваёй кампетэнтнасці, уплыву на палітыку, узораў паводзінаў і да т. п).

Палітычная культура асобы ўключае веды пра палітычную сістэму, нормы, каштоўнасці, сацыяльны вопыт. Важныя таксама пачуцці, эмоцыі, якія адчувае асоба ў адносінах да ўдзельнікаў палітычных дзеянняў, інстытутаў палітычнай сістэмы. У грамадзян фарміруюцца ацэнкі палітычных падзей, асабістыя адносіны да дзеянняў і рашэнняў палітыкаў. Веды, пачуцці, ацэнкі вызначаюць паводзіны грамадзян, іх асабісты ўдзел у палітычным жыцці.

icon-persona

На думку амерыканскага палітолага Габрыэля Алманда, у асобы фарміруюцца наступныя формы арыентацыі на аб’екты палітыкі:

● пазнаваўчыя (веды пра палітыку, уладу, палітычныя інстытуты);

● эмацыйныя (давер, сумненні і да т. п. да тых, хто здзяйсняе ўладу);

● ацэначныя (меркаванні, думкі пра палітыку).

Гэтыя арыентацыі складаюць палітычную культуру асобы. Іх аналіз дазваляе зразумець матывы паводзінаў людзей, высветліць прычыны канфліктаў, прыняцця і рэалізацыі палітычных рашэнняў.

Улада і кіраванне. Вучоныя-палітолагі, якія вывучаюць палітыку, прыйшлі да высновы, што палітыка перш за ўсё звязана з адносінамі ўлады ў грамадстве. У палітычнай навуцы вялікім уплывам карыстаецца канцэпцыя палітыкі вядомага нямецкага вучонага Макса Вебера.

icon-persona

«Палітыка», мяркуючы па ўсім, азначае імкненне да ўдзелу ва ўладзе або да аказання ўплыву на размеркаванне ўлады ці то паміж дзяржавамі, ці то ўнутры дзяржавы паміж групамі людзей, якія яна ў сабе заключае.

Па сутнасці, такое разуменне адпавядае і словавыкарыстанню. Калі пра якое-небудзь пытанне гавораць «гэта палітычнае пытанне», пра міністра ці чыноўніка — «гэта палітычны чыноўнік», пра пэўнае рашэнне — «яно палітычна абумоўлена», то маюць на ўвазе, што інтарэсы размеркавання, захавання, зрушэння ўлады з’яўляюцца вызначальнымі для адказу на адзначанае пытанне, або вызначаюць сферу дзейнасці адпаведнага чыноўніка, або абумоўліваюць пэўнае рашэнне. Хто займаецца палітыкай, той імкнецца да ўлады: або да ўлады як сродку, падпарадкаванаму іншым мэтам (ідэальным ці эгаістычным), або да ўлады «дзеля яе самой», каб атрымліваць асалоду ад пачуцця прэстыжу, якое яна дае.

Дзяржава, як і палітычныя саюзы, што гістарычна ёй папярэднічалі, — гэта адносіны панавання людзей над людзьмі, якія абапіраюцца на легітымнае (гэта значыць, лічыцца легітымным) насілле як сродак. Такім чынам, каб улада існавала, людзі, што знаходзяцца пад уладай, павінны падпарадкоўвацца аўтарытэту, на які прэтэндуюць тыя, хто зараз знаходзіцца ва ўладзе. Калі і чаму яны так робяць? Якія ўнутраныя асновы для апраўдання панавання і якія знешнія сродкі служаць яму апорай?

Наогул маюцца тры віды ўнутраных апраўданняў (падстаў) легітымнасці. Па-першае, гэта аўтарытэт «вечна ўчарашняга»: аўтарытэт звычаяў, асветленых спрадвечнай значнасцю і звыклай арыентацыяй на іх захаванне, — «традыцыйнае» панаванне, як яго здзяйснялі патрыярх і патрыманіяльны князь старога тыпу. Па-другое, гэта аўтарытэт незвычайнага асабістага таленту (харызмы), поўная асабістая адданасць і асабісты давер, выкліканы наяўнасцю якасцей правадыра (адкрыццяў, гераізму і інш.) у якога-небудзь чалавека, — харызматычнае панаванне, як яго здзяйсняе прарок, або абраны князь-ваявода, або плебісцытарны ўладар, яскравы дэмагог і палітычны партыйны правадыр. Па-трэцяе, гэта панаванне ў сілу «легальнасці», веры ў абавязковасць легальнага ўсталявання і дзелавой «кампетэнтнасці», абгрунтаванай рацыянальна створанымі правіламі, інакш кажучы, арыентацыі на падпарадкаванне пры выкананні ўсталяваных правіл — панаванне ў тым выглядзе, у якім яго здзяйсняюць сучасны «дзяржаўны служачы» і ўсе тыя носьбіты ўлады, якія падобны на яго ў гэтых адносінах.

icon-discussions

Якія матывы, на думку М. Вебера, падахвочваюць людзей займацца палітыкай? Якія падставы для падпарадкавання аўтарытэту вылучае нямецкі вучоны?

icon-discussions

Палітыка — гэта прызванне ці прафесія?

img

Хто адлюстраваны на дадзенай фатаграфіі? Што вы ведаеце пра гэтых палітычных дзеячаў? Якую ўладу, на вашу думку, увасабляюць гэтыя палітыкі: традыцыйную, харызматычную, рацыянальна легальную? 

Найважнейшым атрыбутам улады з’яўляецца яе легітымнасць — апраўданне, прызнанне законнасці, карыснасці для шырокіх пластоў насельніцтва, правамернасці і справядлівасці. Калі ж гэта дасягаецца, улада атрымлівае добраахвотную згоду грамадзян падпарадкоўвацца ёй. Тэрмін «легітымнасць» у навуковы абарот увёў Вебер. Легітымнай называецца ўлада, якая станоўча ацэньваецца, прымаецца насельніцтвам, яе права кіраваць прызнаецца і ёсць згода падпарадкоўвацца ёй. І наадварот, нелегітымнай лічыцца ўлада, якая абрана незаконнымі метадамі, не карыстаецца даверам насельніцтва і вымушана пастаянна прыбягаць да сродкаў прымусу, гвалту.

Для таго каб мець магчымасць арганізоўваць жыццё людзей пэўным чынам, абавязкова неабходная ўлада, бо заўсёды могуць з’явіцца людзі, якія не захочуць рабіць тое, што патрабуецца ў дадзенай сітуацыі, або тыя, хто будзе прапаноўваць іншыя рашэнні, і значыць, можа ўзнікнуць неабходнасць у прымусе, а для прымянення прымусу патрэбна ўлада. Калі ўлады няма, то арганізоўваць тую ці іншую дзейнасць бывае вельмі цяжка, а часам і немагчыма.

Кіраванне і ўлада не могуць існаваць паасобку. Менавіта наяўнасць улады дазваляе кіраваць дзейнасцю і паводзінамі іншых людзей у адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі. Кіраванне — гэта ўздзеянне суб’екта на аб’ект у адпаведнасці з мэтамі суб’екта, накіраваная на дасягненне мэт дзейнасць, якая абапіраецца на ўладную сілу. Для таго каб здзейсніць уладу і кіраванне суб’ектам, неабходны пэўныя рэсурсы. Найбольш часта вылучаюць эканамічныя, сацыяльная, культурна-інфармацыйная, сілавыя рэсурсы.

Эканамічныя рэсурсы — гэта матэрыяльныя каштоўнасці, грошы, тэхніка, зямля, карысныя выкапні і да т. п.

Сацыяльныя рэсурсы ўяўляюць сабой творчы патэнцыял асоб, сацыяльных груп, арганізацый, сукупнасць іх магчымасцей і творчай энергіі.

Культурна-інфармацыйныя рэсурсы — веды і інфармацыя, а таксама сродкі іх атрымання і распаўсюджвання: інстытуты навукі і адукацыі, сродкі масавай інфармацыі і інш.

Сілавыя рэсурсы — армія, міліцыя (паліцыя), розныя службы бяспекі, пракуратура, суд, а таксама тэхніка, узбраенне, турмы, што належаць ім і да т. п.

icon-persona

Вядомы шматлікія азначэнні ўлады.

● Англійскі філосаф Томас Гобс (1588–1679) лічыў, што ўлада — гэта сродак дасягнуць даброты ў будучыні і само жыццё ёсць вечнае і няспыннае імкненне да ўлады.

● Нямецкі сацыёлаг Макс Вебер (1864–1920) падкрэсліваў, што ў развіцці грамадства любая праблема становіцца палітычнай, калі яе вырашэнне закранае інтарэсы многіх людзей і залежыць ад валявога рашэння ўлады. Эканамічныя праблемы, школьная рэформа, падаткі, ахова помнікаў — усе гэтыя праблемы з’яўляюцца таксама і праблемамі палітычнымі, бо іх вырашэнне залежыць ад дзяржаўнай улады.

● Амерыканскі палітолаг Роберт Даль (1915–2014) меркаваў, што ўлада дае магчымасць аднаму чалавеку прымусіць другога рабіць тое, што ён па сваёй волі не зрабіў бы.

● Англійскі сацыёлаг Энтані Гідэнс (нар. у 1938) лічыць, што валоданне ўладай ёсць здольнасць змяняць парадак рэчаў, улада па сваёй прыродзе не з’яўляецца прыгнётам, яна ёсць магчымасць дабівацца вынікаў.

● Амерыканскі палітолаг Гаральд Ласуэл (1902–1978) падкрэсліваў, што ўлада ёсць удзел у прыняцці рашэнняў.

● Амерыканскі сацыёлаг Толкат Парсанс (1902–1979) сцвярджаў: улада — гэта пасрэднік, які цыркулюе ўнутры таго, што мы называем палітычнай сістэмай, па аналогіі з тым, як грошы працуюць у эканамічнай сістэме.

● Вучоны, матэматык, філосаф Бертран Расел (1872–1970) вызначаў уладу як вытворчасць наўмысных вынікаў.

● Амерыканскі футуролаг Элвін Тофлер (1928–2016) у кнізе «Метамарфозы ўлады: веды, багацце і сіла на парозе ХХI стагоддзя» пісаў: «у сучасным свеце веды, якія існуюць у розных формах (інфармацыя, навука, мастацтва, этыка) і маюць такія перавагі, як бясконцасць (невычарпальнасць) і агульнадаступнасць, — падпарадкавалі сілу і багацце, сталі вызначальным фактарам функцыянавання ўлады».

Такім чынам, улада — гэта здольнасць чалавека ці пэўнай групы людзей падпарадкоўваць іншых людзей сваёй волі. Менавіта наяўнасць улады дазваляе кіраваць дзейнасцю і паводзінамі іншых людзей, каб дасягнуць пастаўленых мэт. На ўсіх этапах развіцця грамадства ўладныя адносіны з’яўляюцца механізмам рэгуляцыі грамадскага жыцця, забяспечваюць развіццё грамадства.

Палітычная эліта.

icon-persona
Вільфрэда Парэта і Гаэтана Моска — італьянскія вучоныя — былі стваральнікамі «тэорыі эліт».

Парэта падрабязна прааналізаваў прыроду, склад і функцыі эліты. Эліта адрозніваецца ад астатняга насельніцтва перш за ўсё сваімі якасцямі: уменнем пераконваць людзей, абапіраючыся на чалавечыя пачуцці і эмоцыі, выкарыстоўваць для дасягнення сваіх мэт слабасці людзей, здольнасцю прымяняць пры неабходнасці сілу, высокай ступенню самавалодання і інш. Уменне пераконваць і здольнасць прымяняць сілу Парэта лічыў найважнейшымі якасцямі, і, калі ў дзеючай эліты іх няма, яна павінна саступіць месца іншай эліце.

У абнаўленні эліт вучоны бачыў асноўную рухаючую сілу грамадскага развіцця. На думку Парэты, без цыркуляцыі («кругазвароту») эліты грамадства не зможа падтрымліваць раўнавагу, па-за межамі якой сацыяльны арганізм асуджаны на разбурэнне. Кожнай эліце адпавядае свой стыль кіравання, які грунтуецца на дамінаванні адной з дзвюх якасцей — уменні пераконваць і ўменні прымушаць сілай. Той тып правіцеляў, у якіх пераважае ўменне пераконваць, Парэта называў «лісіцамі», тую ж частку эліты, якая дзейнічае сілай, — «ільвамі». Назву тыпаў правіцеляў Парэта запазычыў у італьянскага палітычнага мысліцеля канца XV — пачатку XVI ст. Н. Макіявелі.

icon-persona

Нікола Макіявелі пісаў у трактаце «Гасудар» (1513):

«І калі гасудару неабходна валодаць майстэрствам пераймання паводзінаў звяроў, то з усіх жывых істот няхай гасудар прыпадабніцца да двух: ільва і лісіцы. Леў не абаронены ад пастак, а ліса — ад ваўкоў. Такім чынам, трэба быць лісой, каб пазбегнуць пастак, і львом, каб адпалохаць ваўкоў. Тыя, хто выбірае аднаго льва, гэтага не разумеюць. Той, хто заўсёды падобны да льва, можа не заўважыць пастак».

icon-discussions

● Чаму ідэальны правіцель, на думку Макіявелі, павінен спалучаць якасці льва і лісіцы? Ці згодны вы з дадзеным сцвярджэннем?

● Чые погляды адлюстроўвае прыведзены малюнак — Макіявелі ці Парэты?

Парэта прааналізаваў формы і спосабы кіравання, класіфікаваў іх у залежнасці ад жадання і ўмення кіруючага класа прымяняць у якасці асноўных інструментаў улады сілу, якую выкарыстоўваюць «ільвы», і згоду, на якую абапіраюцца «лісіцы». Асноўным станам грамадства, як ужо адзначалася, італьянскі сацыёлаг лічыў раўнавагу. Яе забеспячэнне — мэта ўладнай эліты, якая дзеля гэтага і павінна выкарыстоўваць любыя сродкі. Парэта любіў паўтараць афарызм Н. Макіявелі: «Мэта апраўдвае сродкі».

icon-persona

Гаэтана Моска разглядаў палітыку як сферу барацьбы супрацьлеглых сацыяльных класаў: «пануючай меншасці» (ці эліты) і «падуладнай большасці». Па яго словах, улада можа пераходзіць ад адной меншасці да другой, але ніколі — да большасці. Ён вылучаў арыстакратычную (замкнёную) і дэмакратычную (якая папаўняецца за кошт больш шырокага прадстаўніцтва) кіруючую эліту.

Роберт Даль стварыў тэорыю плюралізму эліт.

Палітычнае лідарства. Пытанне пра тое, якую ролю людзі адыгрываюць у палітыцы, заўсёды выклікае вялікую цікавасць. М. Вебер падзяліў усіх людзей у адносінах да палітыкі на тры групы. «Палітыкі з нагоды» — радавыя члены грамадства, якія праяўляюць сябе толькі ў перыяд выбараў, рэферэндумаў. «Палітыкамі з нагоды», лічыў М. Вебер, мы з’яўляемся і тады, калі пляскаем у далоні ці пратэстуем на палітычным сходзе, выступаем на ім з прамовай. Акрамя таго, ёсць «палітыкі па сумяшчальніцтве». Гэта «палітыкі на час», тыя, хто часова займаецца палітыкай, бярэ ўдзел у рабоце палітычнай арганізацыі. Такімі палітыкамі з’яўляюцца многія парламентарыі, якія працуюць ад сесіі да сесіі, члены партый, актывісты грамадска-палітычных арганізацый і рухаў. І ёсць «палітыкі-прафесіяналы», якія жывуць для палітыкі і за кошт палітыкі. Палітыка — справа іх жыцця, сфера поўнай самааддачы і самарэалізацыі. Да такіх палітыкаў належаць палітычныя лідары — гэта асаблівы тып «палітыкаў-прафесіяналаў».

Лідарства нязменна выклікала і выклікае ўсеагульную цікавасць. Гісторыкі, псіхолагі, палітолагі, сацыёлагі даследуюць заканамернасці фарміравання і функцыянавання лідарства, прычыны і фактары яго эфектыўнасці. Нягледзячы на тое што феномен лідарства існуе вельмі даўно, сам тэрмін «лідар» з’явіўся толькі ў канцы XIX ст. Гэтым тэрмінам прынята абазначаць чалавека, надзеленага ўладай, уплывам, аўтарытэтам. У навуковай літаратуры існуе нямала азначэнняў палітычнага лідарства, якія разглядаюць яго з розных даследчых пазіцый.

Лідарства — гэта ўлада асаблівага роду. У лідарстве выразна праяўляецца здольнасць асобы, якая валодае ўладай, уплываць і нават змяняць сацыяльныя паводзіны іншых людзей, сацыяльных пластоў ці ўсяго грамадства, калі гаворка ідзе пра агульнанацыянальнага лідара. Лідары часта валодаюць такім велізарным уплывам, які несувымерны з уплывам іншых суб’ектаў палітыкі.

Спецыфікай лідарства з’яўляецца тое, што яно заўсёды звязана з уплывам пэўнай асобы. Часта лідары набываюць уплыў дзякуючы сваім асабістым якасцям, аўтарытэту, яны ўваходзяць у палітыку як «нефармальныя» лідары, а значыць, не маюць афіцыйных пасад (ад англ. оffice — кантора, канцылярыя, служба, якая валодае якой-небудзь пасадай). У палітыцы шмат прыкладаў, калі нефармальныя лідары дзякуючы свайму ўплыву займалі потым і пэўную пасаду. А калі аўтарытэт асобы і аўтарытэт пасады спалучаюцца ў дзейнасці лідара, то яго ўплыў у грамадстве значна ўзмацняецца.

Часта палітычнымі лідарамі называюць тых, хто займае высокія пасады ва ўладных структурах. Не ўсе з іх валодаюць якасцямі лідара. Гэта лідары па пасадзе, фармальныя лідары, кіраўнікі. Лідарства як улада адрозніваецца тым, што яно заўсёды здзяйсняецца па шырокім коле пытанняў. Так, палітычныя лідары агульнанацыянальнага маштабу адыгрываюць галоўную ролю пры прыняцці рашэнняў і ў сферы эканомікі, і ў сацыяльнай сферы, і ў знешняй палітыцы, у духоўнай сферы.

Відавочна, цікавасць да праблем палітычнага лідарства існуе здаўна і ў цяперашні час толькі ўзмацняецца. Палітычнае лідарства з’яўляецца не толькі крыніцай і рухаючай сілай палітычнага працэсу, але і сістэмай узаемадзеянняў (міжасобасных, міжгрупавых, міждзяржаўных і да т. п.). Прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін даследуюць прычыны, функцыі і заканамернасці лідарства, а таксама фактары яго эфектыўнасці.

icon-persona
Вывучаючы лідарства, амерыканскі вучоны Р. Такер (1918–2010) вылучыў тры найважнейшыя функцыі, якія выконвае лідар.
Функцыі Характарыстыка
Дыягнастычная Лідар заўсёды вывучае сітуацыю, ацэньвае яе, вызначае найбольш важныя праблемы, нібыта ставіць «дыягназ» сітуацыі
Дырэктыўная Прымае рашэнні
Мабілізацыйная Лідары здольны натхніць і павесці за сабой на рэалізацыю самых складаных задач, якія патрабуюць ад грамадзян і мужнасці, і ахвярнасці, і гераізму

Можна абазначыць і некаторыя іншыя важныя функцыі. Гэта функцыя інтэграцыі. Вакол лідара з’яўляюцца групы, сацыяльныя пласты, нацыя ў цэлым. Лідар разглядаецца як гарант парадку і справядлівасці, з ім звязваюць вырашэнне праблем, якія існуюць у грамадстве.

Адной з найбольш вядомых класіфікацый палітычнага лідарства выступае сістэма, прапанаваная М. Веберам. Пад лідарствам у цэлым ён разумеў здольнасць чалавека аддаваць загады і выклікаць падпарадкаванне ў іншых. У сувязі з гэтым у аснову сваёй класіфікацыі Вебер паклаў катэгорыю «аўтарытэту», у сілу прыналежнасці якога адбываецца добраахвотнае падпарадкаванне шырокіх сацыяльных груп канкрэтнай асобе.

icon-persona
Макс Вебер вылучыў тры тыпы лідарства: традыцыйнае, легальнае і харызматычнае.

Традыцыйнае лідарства заснавана на веры ў святы характар норм, звычаяў, традыцый, якія разглядаюцца як непарушныя. Звычаі выступаюць асновай кіравання і паслухмянасці ў грамадстве, бо так прынята, так было заўсёды.

Харызматычнае лідарства. Слова «харызма» ў перакладзе з грэчаскай азначае «боганатхнёнасць», «божы дар». Гэты тып лідарства звязаны з тым, што некаторыя лідары валодаюць адмысловымі ўнікальнымі якасцямі, якія дазваляюць ім весці за сабой людзей, усяляць упэўненасць у свае адмысловыя магчымасці.

Легальнае лідарства — гэта лідараства, заснаванае на законе. Такое лідарства найчасцей звязваюць з працэдурай выбараў, яго часам яшчэ называюць рацыянальна-легальным лідарствам. У грамадстве фарміруецца згода адносна «правіл гульні» на палітычным полі.

Нароўні з разгледжанай класіфікацыяй палітычнага лідарства, прапанаванай М. Веберам, шырокае распаўсюджанне атрымала класіфікацыя лідараў у залежнасці ад іміджу, распрацаваная амерыканскім палітолагам Маргарэт Херман.

icon-persona

У аснову класіфікацыі Херман было пакладзена фарміраванне зборнага вобраза палітычнага лідара, заснаванага на ўліку шэрагу прымет: характару лідара, уласцівасцей яго ўзаемадзеяння з прыхільнікамі, а таксама канкрэтнай сітуацыі, у якой здзяйсняецца адпаведнае лідарства. У межах дадзенай класіфікацыі палітычнымі лідарамі выступаюць:

лідар-«сцяганосец», для якога характэрна наяўнасць асабістага погляду на навакольную рэчаіснасць, а таксама вобраза пажаданага будучага. Акрамя таго, для дадзенага тыпу лідара характэрна ўсведамленне таго, якімі сродкамі магчыма дасягненне адпаведнага выніку. У сувязі з гэтым такі лідар здольны правільна вызначаць пэўны характар таго, што адбываецца, тэмпы грамадскага развіцця і здольны да правядзення эфектыўных грамадскіх пераўтварэнняў;

лідар-«служыцель». Такі лідар дасягае прызнання з боку шырокіх пластоў насельніцтва, максімальна дакладна выказваючы інтарэсы сваіх прыхільнікаў, дзейнічаючы ад іх імя ў працэсе прыняцця дзяржаўна-ўладных рашэнняў. Такім чынам, на практыцы вызначэнне накірункаў дзейнасці гэтымі лідарамі адбываецца шляхам уліку чаканняў і патрэб уласных выбаршчыкаў;

лідар-«гандляр», для якога ў найбольшай ступені характэрна наяўнасць здольнасці пераконваць. У цэлым ён дзейнічае аналагічна лідару-«служыцелю», прыслухоўваецца і ўсведамляе інтарэсы і патрэбы ўласных паслядоўнікаў, тым самым праз перакананні здольны ўцягнуць у здзяйсненне палітычных планаў і праектаў сваіх прыхільнiкаў;

лідар-«пажарны», якога вылучае здольнасць хутка рэагаваць на тыя патрабаванні, якія прад’яўляе да яго, з аднаго боку, бягучая сітуацыя ў краіне, а з другога — уласныя прыхільнікі і паслядоўнікі. Таму моцным бокам такога лідара выступае магчымасць эфектыўна дзейнічаць у крытычных, крызісных умовах, аператыўна прымаць неабходныя рашэнні, а таксама адэкватна ацэньваць і рэагаваць на сітуацыю.

icon-task
Размяркуйце гістарычных асоб і нашых сучаснікаў па тыпах палітычнага лідарства. Абгрунтуйце свой выбар.
icon-discussions

Ці патрэбны Беларусі нацыянальны пантэон?

Роля асобы ў гісторыі — гэта не толькі класічная тэма для даследавання, але і пытанне мемарыялізацыі гістарычнай памяці аб лідарах. Чыім імем назваць вуліцу ці плошчу? Каму паставіць помнік? Пра каго зняць фільм? Ці неабходны Беларусі ўласны нацыянальны пантэон на ўзор французскага?

У сучасным свеце пантэонам называюць месцы пахаванняў знакамітых людзей пэўнай нацыі. Пантэон у Парыжы было вырашана стварыць на хвалі эйфарыі пасля Французскай рэвалюцыі. З гэтай мэтай палічылі патрэбным скарыстаць царкву Святой Жэнеўевы. У пантэоне пахаваны вялікія французы: філосафы Вальтэр і Русо, генерал Лабуасьер, матэматык Лагранж, пісьменнікі Гюго і Заля, фізікі муж і жонка Кюры і інш.

icon-search

Правядзіце пошук інфармацыі па запыце «Нацыянальны пантэон Беларусі» на розных мовах (беларускай, рускай, англійскай).

Параўнайце вынікі. Ці з’яўляецца дадзены праект актуальным?

img
icon-task

У 1919 г. мастак Язэп Драздовіч аформіў бланк пасведчання аб заканчэнні курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства пры Беларускай Ваеннай камісіі. На бланку ў якасці нацыянальных герояў, якія сімвалізуюць гонар і адзінства нацыі, былі прадстаўлены шэсць асоб.

Устанавіце імёны асоб, адлюстраваных на бланку. Паспрабуйце ўявіць абгрунтаванне іх выбару. Прапануйце і абгрунтуйце імёны шасці асоб, якія, на вашу думку, павінны прысутнічаць у беларускім нацыянальным пантэоне.

Палітычная сістэма. Ад таго, як узаемадзейнічаюць суб’екты палітычнай улады, якія прынцыпы і характары іх адносін, у грамадстве складваецца тая ці іншая палітычная сістэма. Палітычная сістэма грамадства — гэта сукупнасць інстытутаў (дзяржаўных органаў, палітычных партый, грамадскіх арганізацый і да т. п.). Менавіта ў рамках палітычнай сістэмы праходзіць палітычнае жыццё грамадства і ажыццяўляецца палітычная ўлада.

У палітычнай сістэме ўзаемадзейнічае мноства кампанентаў, якія можна аб’яднаць у пэўныя падсістэмы.

Інстытуцыянальная падсістэма ўключае ў сябе розныя арганізацыі — як уласна палітычныя (дзяржава, палітычныя партыі), так і непалітычнага характару, якія могуць мець сур’ёзныя палітычныя інтарэсы (прафсаюзы, аб’яднанні прадпрымальнікаў, царква і інш.).

Нарматыўная падсістэма ўключае сукупнасць норм, якія рэгулююць палітычныя адносіны. Да іх належаць не толькі законы, але і нормы маралі, палітычныя традыцыі, звычаі.

Палітыка-ідэалагічная падсістэма (часам яе называюць палітыка-культурнай) уключае ў сябе каштоўнасці, ідэалы, перакананні, узоры і стандарты палітычных паводзінаў. Да гэтай падсістэмы належыць палітычная культура грамадства, а таксама палітычная ідэалогія.

Камунікатыўная падсістэма — гэта сістэма, у якой праяўляюцца формы ўзаемадзеяння ўлады, грамадства і індывіда. Яна ўключае ў сябе дзве асноўныя групы адносін: фармалізаваныя (яны заснаваны на нормах права і імі рэгулююцца) і нефармалізаваныя (заснаваны на меркаваннях, настроях, аўтарытэце, павазе, маральных нормах).

Функцыянальная падсістэма ўключае ў сябе спосабы функцыянавання і ўзаемасувязі асноўных элементаў палітычнай сістэмы грамадства і яе падсістэм. Менавіта тып узаемадзеяння элементаў палітычнай сістэмы паказвае, як здзяйсняецца ўлада, які характар палітычных адносін, указвае на многія палітычныя характарыстыкі дадзенай дзяржавы, напрыклад стабільнасць, аўтарытэт улады, наяўнасць або адсутнасць пратэстных груп, дэмакратычнасць.

icon-persona

У палітычнай навуцы шырока выкарыстоўваецца класіфікацыя палітычных сістэм на аснове легітымнасці і эфектыўнасці, прапанаваная амерыканскім палітолагам Сеймурам Ліпсетам.

А — высокі ўзровень легітымнасці і эфектыўнасці;

В — рэжымы легітымныя, але неэфектыўныя;

С — рэжымы эфектыўныя, але нелегітымныя;

D — рэжымы нелегітымныя і неэфектыўныя.

img

С. Ліпсет меркаваў, што адна з найбольш істотных праблем функцыянавання палітычнай сістэмы — забеспячэнне яе стабільнасці. Стабільнай лічыцца палітычная сістэма, у якой улада эфектыўная і легітымная. Палітычную сістэму, у якой адсутнічае адзін з гэтых параметраў, адносяць да параўнальна стабільнай ці нестабільнай.

Паказчыкам становішча палітычных інстытутаў у грамадстве з’яўляецца ўзровень даверу да іх грамадзян. Выступаючы ў пэўнай ступені суб’ектыўнай з’явай, давер часам праяўляецца ў якасці крытычнага фактару, ад якога залежыць устойлівасць палітычных структур самага рознага ўзроўню.

img
icon-task

Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадстаўлены вынікі сацыялагічных даследаванняў, праведзеных у 2017–2018 гг.

Якім палітычным інстытутам грамадзяне не давяраюць у большай ступені, а якім — у меншай? Як змяняецца ўзровень даверу: змяншаецца ці павялічваецца?

У палітычнай навуцы існуе мноства тыпалогій палітычных сістэм па розных крытэрыях. Напрыклад, па характары ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем вылучаюць адкрытыя і закрытыя палітычныя сістэмы. Па тыпе палітычнага рэжыму вылучаюць дэмакратычныя, аўтарытарныя і таталітарныя палітычныя сістэмы. Па стане грамадзянскага грамадства вылучаюць традыцыйныя і мадэрнізаваныя палітычныя сістэмы.