*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Палітычнае лідарства. Пытанне пра тое, якую ролю людзі адыгрываюць у палітыцы, заўсёды выклікае вялікую цікавасць. М. Вебер падзяліў усіх людзей у адносінах да палітыкі на тры групы. «Палітыкі з нагоды» — радавыя члены грамадства, якія праяўляюць сябе толькі ў перыяд выбараў, рэферэндумаў. «Палітыкамі з нагоды», лічыў М. Вебер, мы з’яўляемся і тады, калі пляскаем у далоні ці пратэстуем на палітычным сходзе, выступаем на ім з прамовай. Акрамя таго, ёсць «палітыкі па сумяшчальніцтве». Гэта «палітыкі на час», тыя, хто часова займаецца палітыкай, бярэ ўдзел у рабоце палітычнай арганізацыі. Такімі палітыкамі з’яўляюцца многія парламентарыі, якія працуюць ад сесіі да сесіі, члены партый, актывісты грамадска-палітычных арганізацый і рухаў. І ёсць «палітыкі-прафесіяналы», якія жывуць для палітыкі і за кошт палітыкі. Палітыка — справа іх жыцця, сфера поўнай самааддачы і самарэалізацыі. Да такіх палітыкаў належаць палітычныя лідары — гэта асаблівы тып «палітыкаў-прафесіяналаў».

Лідарства нязменна выклікала і выклікае ўсеагульную цікавасць. Гісторыкі, псіхолагі, палітолагі, сацыёлагі даследуюць заканамернасці фарміравання і функцыянавання лідарства, прычыны і фактары яго эфектыўнасці. Нягледзячы на тое што феномен лідарства існуе вельмі даўно, сам тэрмін «лідар» з’явіўся толькі ў канцы XIX ст. Гэтым тэрмінам прынята абазначаць чалавека, надзеленага ўладай, уплывам, аўтарытэтам. У навуковай літаратуры існуе нямала азначэнняў палітычнага лідарства, якія разглядаюць яго з розных даследчых пазіцый.

Лідарства — гэта ўлада асаблівага роду. У лідарстве выразна праяўляецца здольнасць асобы, якая валодае ўладай, уплываць і нават змяняць сацыяльныя паводзіны іншых людзей, сацыяльных пластоў ці ўсяго грамадства, калі гаворка ідзе пра агульнанацыянальнага лідара. Лідары часта валодаюць такім велізарным уплывам, які несувымерны з уплывам іншых суб’ектаў палітыкі.

Спецыфікай лідарства з’яўляецца тое, што яно заўсёды звязана з уплывам пэўнай асобы. Часта лідары набываюць уплыў дзякуючы сваім асабістым якасцям, аўтарытэту, яны ўваходзяць у палітыку як «нефармальныя» лідары, а значыць, не маюць афіцыйных пасад (ад англ. оffice — кантора, канцылярыя, служба, якая валодае якой-небудзь пасадай). У палітыцы шмат прыкладаў, калі нефармальныя лідары дзякуючы свайму ўплыву займалі потым і пэўную пасаду. А калі аўтарытэт асобы і аўтарытэт пасады спалучаюцца ў дзейнасці лідара, то яго ўплыў у грамадстве значна ўзмацняецца.

Часта палітычнымі лідарамі называюць тых, хто займае высокія пасады ва ўладных структурах. Не ўсе з іх валодаюць якасцямі лідара. Гэта лідары па пасадзе, фармальныя лідары, кіраўнікі. Лідарства як улада адрозніваецца тым, што яно заўсёды здзяйсняецца па шырокім коле пытанняў. Так, палітычныя лідары агульнанацыянальнага маштабу адыгрываюць галоўную ролю пры прыняцці рашэнняў і ў сферы эканомікі, і ў сацыяльнай сферы, і ў знешняй палітыцы, у духоўнай сферы.

Відавочна, цікавасць да праблем палітычнага лідарства існуе здаўна і ў цяперашні час толькі ўзмацняецца. Палітычнае лідарства з’яўляецца не толькі крыніцай і рухаючай сілай палітычнага працэсу, але і сістэмай узаемадзеянняў (міжасобасных, міжгрупавых, міждзяржаўных і да т. п.). Прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін даследуюць прычыны, функцыі і заканамернасці лідарства, а таксама фактары яго эфектыўнасці.

icon-persona
Вывучаючы лідарства, амерыканскі вучоны Р. Такер (1918–2010) вылучыў тры найважнейшыя функцыі, якія выконвае лідар.
Функцыі Характарыстыка
Дыягнастычная Лідар заўсёды вывучае сітуацыю, ацэньвае яе, вызначае найбольш важныя праблемы, нібыта ставіць «дыягназ» сітуацыі
Дырэктыўная Прымае рашэнні
Мабілізацыйная Лідары здольны натхніць і павесці за сабой на рэалізацыю самых складаных задач, якія патрабуюць ад грамадзян і мужнасці, і ахвярнасці, і гераізму

Можна абазначыць і некаторыя іншыя важныя функцыі. Гэта функцыя інтэграцыі. Вакол лідара з’яўляюцца групы, сацыяльныя пласты, нацыя ў цэлым. Лідар разглядаецца як гарант парадку і справядлівасці, з ім звязваюць вырашэнне праблем, якія існуюць у грамадстве.

Адной з найбольш вядомых класіфікацый палітычнага лідарства выступае сістэма, прапанаваная М. Веберам. Пад лідарствам у цэлым ён разумеў здольнасць чалавека аддаваць загады і выклікаць падпарадкаванне ў іншых. У сувязі з гэтым у аснову сваёй класіфікацыі Вебер паклаў катэгорыю «аўтарытэту», у сілу прыналежнасці якога адбываецца добраахвотнае падпарадкаванне шырокіх сацыяльных груп канкрэтнай асобе.

icon-persona
Макс Вебер вылучыў тры тыпы лідарства: традыцыйнае, легальнае і харызматычнае.

Традыцыйнае лідарства заснавана на веры ў святы характар норм, звычаяў, традыцый, якія разглядаюцца як непарушныя. Звычаі выступаюць асновай кіравання і паслухмянасці ў грамадстве, бо так прынята, так было заўсёды.

Харызматычнае лідарства. Слова «харызма» ў перакладзе з грэчаскай азначае «боганатхнёнасць», «божы дар». Гэты тып лідарства звязаны з тым, што некаторыя лідары валодаюць адмысловымі ўнікальнымі якасцямі, якія дазваляюць ім весці за сабой людзей, усяляць упэўненасць у свае адмысловыя магчымасці.

Легальнае лідарства — гэта лідараства, заснаванае на законе. Такое лідарства найчасцей звязваюць з працэдурай выбараў, яго часам яшчэ называюць рацыянальна-легальным лідарствам. У грамадстве фарміруецца згода адносна «правіл гульні» на палітычным полі.

Нароўні з разгледжанай класіфікацыяй палітычнага лідарства, прапанаванай М. Веберам, шырокае распаўсюджанне атрымала класіфікацыя лідараў у залежнасці ад іміджу, распрацаваная амерыканскім палітолагам Маргарэт Херман.

icon-persona

У аснову класіфікацыі Херман было пакладзена фарміраванне зборнага вобраза палітычнага лідара, заснаванага на ўліку шэрагу прымет: характару лідара, уласцівасцей яго ўзаемадзеяння з прыхільнікамі, а таксама канкрэтнай сітуацыі, у якой здзяйсняецца адпаведнае лідарства. У межах дадзенай класіфікацыі палітычнымі лідарамі выступаюць:

лідар-«сцяганосец», для якога характэрна наяўнасць асабістага погляду на навакольную рэчаіснасць, а таксама вобраза пажаданага будучага. Акрамя таго, для дадзенага тыпу лідара характэрна ўсведамленне таго, якімі сродкамі магчыма дасягненне адпаведнага выніку. У сувязі з гэтым такі лідар здольны правільна вызначаць пэўны характар таго, што адбываецца, тэмпы грамадскага развіцця і здольны да правядзення эфектыўных грамадскіх пераўтварэнняў;

лідар-«служыцель». Такі лідар дасягае прызнання з боку шырокіх пластоў насельніцтва, максімальна дакладна выказваючы інтарэсы сваіх прыхільнікаў, дзейнічаючы ад іх імя ў працэсе прыняцця дзяржаўна-ўладных рашэнняў. Такім чынам, на практыцы вызначэнне накірункаў дзейнасці гэтымі лідарамі адбываецца шляхам уліку чаканняў і патрэб уласных выбаршчыкаў;

лідар-«гандляр», для якога ў найбольшай ступені характэрна наяўнасць здольнасці пераконваць. У цэлым ён дзейнічае аналагічна лідару-«служыцелю», прыслухоўваецца і ўсведамляе інтарэсы і патрэбы ўласных паслядоўнікаў, тым самым праз перакананні здольны ўцягнуць у здзяйсненне палітычных планаў і праектаў сваіх прыхільнiкаў;

лідар-«пажарны», якога вылучае здольнасць хутка рэагаваць на тыя патрабаванні, якія прад’яўляе да яго, з аднаго боку, бягучая сітуацыя ў краіне, а з другога — уласныя прыхільнікі і паслядоўнікі. Таму моцным бокам такога лідара выступае магчымасць эфектыўна дзейнічаць у крытычных, крызісных умовах, аператыўна прымаць неабходныя рашэнні, а таксама адэкватна ацэньваць і рэагаваць на сітуацыю.

icon-task
Размяркуйце гістарычных асоб і нашых сучаснікаў па тыпах палітычнага лідарства. Абгрунтуйце свой выбар.
icon-discussions

Ці патрэбны Беларусі нацыянальны пантэон?

Роля асобы ў гісторыі — гэта не толькі класічная тэма для даследавання, але і пытанне мемарыялізацыі гістарычнай памяці аб лідарах. Чыім імем назваць вуліцу ці плошчу? Каму паставіць помнік? Пра каго зняць фільм? Ці неабходны Беларусі ўласны нацыянальны пантэон на ўзор французскага?

У сучасным свеце пантэонам называюць месцы пахаванняў знакамітых людзей пэўнай нацыі. Пантэон у Парыжы было вырашана стварыць на хвалі эйфарыі пасля Французскай рэвалюцыі. З гэтай мэтай палічылі патрэбным скарыстаць царкву Святой Жэнеўевы. У пантэоне пахаваны вялікія французы: філосафы Вальтэр і Русо, генерал Лабуасьер, матэматык Лагранж, пісьменнікі Гюго і Заля, фізікі муж і жонка Кюры і інш.

icon-search

Правядзіце пошук інфармацыі па запыце «Нацыянальны пантэон Беларусі» на розных мовах (беларускай, рускай, англійскай).

Параўнайце вынікі. Ці з’яўляецца дадзены праект актуальным?

img
icon-task

У 1919 г. мастак Язэп Драздовіч аформіў бланк пасведчання аб заканчэнні курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства пры Беларускай Ваеннай камісіі. На бланку ў якасці нацыянальных герояў, якія сімвалізуюць гонар і адзінства нацыі, былі прадстаўлены шэсць асоб.

Устанавіце імёны асоб, адлюстраваных на бланку. Паспрабуйце ўявіць абгрунтаванне іх выбару. Прапануйце і абгрунтуйце імёны шасці асоб, якія, на вашу думку, павінны прысутнічаць у беларускім нацыянальным пантэоне.