*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Палітычная эліта.

icon-persona
Вільфрэда Парэта і Гаэтана Моска — італьянскія вучоныя — былі стваральнікамі «тэорыі эліт».

Парэта падрабязна прааналізаваў прыроду, склад і функцыі эліты. Эліта адрозніваецца ад астатняга насельніцтва перш за ўсё сваімі якасцямі: уменнем пераконваць людзей, абапіраючыся на чалавечыя пачуцці і эмоцыі, выкарыстоўваць для дасягнення сваіх мэт слабасці людзей, здольнасцю прымяняць пры неабходнасці сілу, высокай ступенню самавалодання і інш. Уменне пераконваць і здольнасць прымяняць сілу Парэта лічыў найважнейшымі якасцямі, і, калі ў дзеючай эліты іх няма, яна павінна саступіць месца іншай эліце.

У абнаўленні эліт вучоны бачыў асноўную рухаючую сілу грамадскага развіцця. На думку Парэты, без цыркуляцыі («кругазвароту») эліты грамадства не зможа падтрымліваць раўнавагу, па-за межамі якой сацыяльны арганізм асуджаны на разбурэнне. Кожнай эліце адпавядае свой стыль кіравання, які грунтуецца на дамінаванні адной з дзвюх якасцей — уменні пераконваць і ўменні прымушаць сілай. Той тып правіцеляў, у якіх пераважае ўменне пераконваць, Парэта называў «лісіцамі», тую ж частку эліты, якая дзейнічае сілай, — «ільвамі». Назву тыпаў правіцеляў Парэта запазычыў у італьянскага палітычнага мысліцеля канца XV — пачатку XVI ст. Н. Макіявелі.

icon-persona

Нікола Макіявелі пісаў у трактаце «Гасудар» (1513):

«І калі гасудару неабходна валодаць майстэрствам пераймання паводзінаў звяроў, то з усіх жывых істот няхай гасудар прыпадабніцца да двух: ільва і лісіцы. Леў не абаронены ад пастак, а ліса — ад ваўкоў. Такім чынам, трэба быць лісой, каб пазбегнуць пастак, і львом, каб адпалохаць ваўкоў. Тыя, хто выбірае аднаго льва, гэтага не разумеюць. Той, хто заўсёды падобны да льва, можа не заўважыць пастак».

icon-discussions

● Чаму ідэальны правіцель, на думку Макіявелі, павінен спалучаць якасці льва і лісіцы? Ці згодны вы з дадзеным сцвярджэннем?

● Чые погляды адлюстроўвае прыведзены малюнак — Макіявелі ці Парэты?

Парэта прааналізаваў формы і спосабы кіравання, класіфікаваў іх у залежнасці ад жадання і ўмення кіруючага класа прымяняць у якасці асноўных інструментаў улады сілу, якую выкарыстоўваюць «ільвы», і згоду, на якую абапіраюцца «лісіцы». Асноўным станам грамадства, як ужо адзначалася, італьянскі сацыёлаг лічыў раўнавагу. Яе забеспячэнне — мэта ўладнай эліты, якая дзеля гэтага і павінна выкарыстоўваць любыя сродкі. Парэта любіў паўтараць афарызм Н. Макіявелі: «Мэта апраўдвае сродкі».

icon-persona

Гаэтана Моска разглядаў палітыку як сферу барацьбы супрацьлеглых сацыяльных класаў: «пануючай меншасці» (ці эліты) і «падуладнай большасці». Па яго словах, улада можа пераходзіць ад адной меншасці да другой, але ніколі — да большасці. Ён вылучаў арыстакратычную (замкнёную) і дэмакратычную (якая папаўняецца за кошт больш шырокага прадстаўніцтва) кіруючую эліту.

Роберт Даль стварыў тэорыю плюралізму эліт.