*§ 6-1. Палітыка і яе роля ў грамадскім жыцці

Улада і кіраванне. Вучоныя-палітолагі, якія вывучаюць палітыку, прыйшлі да высновы, што палітыка перш за ўсё звязана з адносінамі ўлады ў грамадстве. У палітычнай навуцы вялікім уплывам карыстаецца канцэпцыя палітыкі вядомага нямецкага вучонага Макса Вебера.

icon-persona

«Палітыка», мяркуючы па ўсім, азначае імкненне да ўдзелу ва ўладзе або да аказання ўплыву на размеркаванне ўлады ці то паміж дзяржавамі, ці то ўнутры дзяржавы паміж групамі людзей, якія яна ў сабе заключае.

Па сутнасці, такое разуменне адпавядае і словавыкарыстанню. Калі пра якое-небудзь пытанне гавораць «гэта палітычнае пытанне», пра міністра ці чыноўніка — «гэта палітычны чыноўнік», пра пэўнае рашэнне — «яно палітычна абумоўлена», то маюць на ўвазе, што інтарэсы размеркавання, захавання, зрушэння ўлады з’яўляюцца вызначальнымі для адказу на адзначанае пытанне, або вызначаюць сферу дзейнасці адпаведнага чыноўніка, або абумоўліваюць пэўнае рашэнне. Хто займаецца палітыкай, той імкнецца да ўлады: або да ўлады як сродку, падпарадкаванаму іншым мэтам (ідэальным ці эгаістычным), або да ўлады «дзеля яе самой», каб атрымліваць асалоду ад пачуцця прэстыжу, якое яна дае.

Дзяржава, як і палітычныя саюзы, што гістарычна ёй папярэднічалі, — гэта адносіны панавання людзей над людзьмі, якія абапіраюцца на легітымнае (гэта значыць, лічыцца легітымным) насілле як сродак. Такім чынам, каб улада існавала, людзі, што знаходзяцца пад уладай, павінны падпарадкоўвацца аўтарытэту, на які прэтэндуюць тыя, хто зараз знаходзіцца ва ўладзе. Калі і чаму яны так робяць? Якія ўнутраныя асновы для апраўдання панавання і якія знешнія сродкі служаць яму апорай?

Наогул маюцца тры віды ўнутраных апраўданняў (падстаў) легітымнасці. Па-першае, гэта аўтарытэт «вечна ўчарашняга»: аўтарытэт звычаяў, асветленых спрадвечнай значнасцю і звыклай арыентацыяй на іх захаванне, — «традыцыйнае» панаванне, як яго здзяйснялі патрыярх і патрыманіяльны князь старога тыпу. Па-другое, гэта аўтарытэт незвычайнага асабістага таленту (харызмы), поўная асабістая адданасць і асабісты давер, выкліканы наяўнасцю якасцей правадыра (адкрыццяў, гераізму і інш.) у якога-небудзь чалавека, — харызматычнае панаванне, як яго здзяйсняе прарок, або абраны князь-ваявода, або плебісцытарны ўладар, яскравы дэмагог і палітычны партыйны правадыр. Па-трэцяе, гэта панаванне ў сілу «легальнасці», веры ў абавязковасць легальнага ўсталявання і дзелавой «кампетэнтнасці», абгрунтаванай рацыянальна створанымі правіламі, інакш кажучы, арыентацыі на падпарадкаванне пры выкананні ўсталяваных правіл — панаванне ў тым выглядзе, у якім яго здзяйсняюць сучасны «дзяржаўны служачы» і ўсе тыя носьбіты ўлады, якія падобны на яго ў гэтых адносінах.

icon-discussions

Якія матывы, на думку М. Вебера, падахвочваюць людзей займацца палітыкай? Якія падставы для падпарадкавання аўтарытэту вылучае нямецкі вучоны?

icon-discussions

Палітыка — гэта прызванне ці прафесія?

img

Хто адлюстраваны на дадзенай фатаграфіі? Што вы ведаеце пра гэтых палітычных дзеячаў? Якую ўладу, на вашу думку, увасабляюць гэтыя палітыкі: традыцыйную, харызматычную, рацыянальна легальную? 

Найважнейшым атрыбутам улады з’яўляецца яе легітымнасць — апраўданне, прызнанне законнасці, карыснасці для шырокіх пластоў насельніцтва, правамернасці і справядлівасці. Калі ж гэта дасягаецца, улада атрымлівае добраахвотную згоду грамадзян падпарадкоўвацца ёй. Тэрмін «легітымнасць» у навуковы абарот увёў Вебер. Легітымнай называецца ўлада, якая станоўча ацэньваецца, прымаецца насельніцтвам, яе права кіраваць прызнаецца і ёсць згода падпарадкоўвацца ёй. І наадварот, нелегітымнай лічыцца ўлада, якая абрана незаконнымі метадамі, не карыстаецца даверам насельніцтва і вымушана пастаянна прыбягаць да сродкаў прымусу, гвалту.

Для таго каб мець магчымасць арганізоўваць жыццё людзей пэўным чынам, абавязкова неабходная ўлада, бо заўсёды могуць з’явіцца людзі, якія не захочуць рабіць тое, што патрабуецца ў дадзенай сітуацыі, або тыя, хто будзе прапаноўваць іншыя рашэнні, і значыць, можа ўзнікнуць неабходнасць у прымусе, а для прымянення прымусу патрэбна ўлада. Калі ўлады няма, то арганізоўваць тую ці іншую дзейнасць бывае вельмі цяжка, а часам і немагчыма.

Кіраванне і ўлада не могуць існаваць паасобку. Менавіта наяўнасць улады дазваляе кіраваць дзейнасцю і паводзінамі іншых людзей у адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі. Кіраванне — гэта ўздзеянне суб’екта на аб’ект у адпаведнасці з мэтамі суб’екта, накіраваная на дасягненне мэт дзейнасць, якая абапіраецца на ўладную сілу. Для таго каб здзейсніць уладу і кіраванне суб’ектам, неабходны пэўныя рэсурсы. Найбольш часта вылучаюць эканамічныя, сацыяльная, культурна-інфармацыйная, сілавыя рэсурсы.

Эканамічныя рэсурсы — гэта матэрыяльныя каштоўнасці, грошы, тэхніка, зямля, карысныя выкапні і да т. п.

Сацыяльныя рэсурсы ўяўляюць сабой творчы патэнцыял асоб, сацыяльных груп, арганізацый, сукупнасць іх магчымасцей і творчай энергіі.

Культурна-інфармацыйныя рэсурсы — веды і інфармацыя, а таксама сродкі іх атрымання і распаўсюджвання: інстытуты навукі і адукацыі, сродкі масавай інфармацыі і інш.

Сілавыя рэсурсы — армія, міліцыя (паліцыя), розныя службы бяспекі, пракуратура, суд, а таксама тэхніка, узбраенне, турмы, што належаць ім і да т. п.

icon-persona

Вядомы шматлікія азначэнні ўлады.

● Англійскі філосаф Томас Гобс (1588–1679) лічыў, што ўлада — гэта сродак дасягнуць даброты ў будучыні і само жыццё ёсць вечнае і няспыннае імкненне да ўлады.

● Нямецкі сацыёлаг Макс Вебер (1864–1920) падкрэсліваў, што ў развіцці грамадства любая праблема становіцца палітычнай, калі яе вырашэнне закранае інтарэсы многіх людзей і залежыць ад валявога рашэння ўлады. Эканамічныя праблемы, школьная рэформа, падаткі, ахова помнікаў — усе гэтыя праблемы з’яўляюцца таксама і праблемамі палітычнымі, бо іх вырашэнне залежыць ад дзяржаўнай улады.

● Амерыканскі палітолаг Роберт Даль (1915–2014) меркаваў, што ўлада дае магчымасць аднаму чалавеку прымусіць другога рабіць тое, што ён па сваёй волі не зрабіў бы.

● Англійскі сацыёлаг Энтані Гідэнс (нар. у 1938) лічыць, што валоданне ўладай ёсць здольнасць змяняць парадак рэчаў, улада па сваёй прыродзе не з’яўляецца прыгнётам, яна ёсць магчымасць дабівацца вынікаў.

● Амерыканскі палітолаг Гаральд Ласуэл (1902–1978) падкрэсліваў, што ўлада ёсць удзел у прыняцці рашэнняў.

● Амерыканскі сацыёлаг Толкат Парсанс (1902–1979) сцвярджаў: улада — гэта пасрэднік, які цыркулюе ўнутры таго, што мы называем палітычнай сістэмай, па аналогіі з тым, як грошы працуюць у эканамічнай сістэме.

● Вучоны, матэматык, філосаф Бертран Расел (1872–1970) вызначаў уладу як вытворчасць наўмысных вынікаў.

● Амерыканскі футуролаг Элвін Тофлер (1928–2016) у кнізе «Метамарфозы ўлады: веды, багацце і сіла на парозе ХХI стагоддзя» пісаў: «у сучасным свеце веды, якія існуюць у розных формах (інфармацыя, навука, мастацтва, этыка) і маюць такія перавагі, як бясконцасць (невычарпальнасць) і агульнадаступнасць, — падпарадкавалі сілу і багацце, сталі вызначальным фактарам функцыянавання ўлады».

Такім чынам, улада — гэта здольнасць чалавека ці пэўнай групы людзей падпарадкоўваць іншых людзей сваёй волі. Менавіта наяўнасць улады дазваляе кіраваць дзейнасцю і паводзінамі іншых людзей, каб дасягнуць пастаўленых мэт. На ўсіх этапах развіцця грамадства ўладныя адносіны з’яўляюцца механізмам рэгуляцыі грамадскага жыцця, забяспечваюць развіццё грамадства.