*§ 6-0. Паліталогія — навука пра палітыку

Асноўныя напрамкі даследаванняў палітычнай сферы. Кожнае даследаванне ў паліталогіі мае пэўную мэту, і кожны даследчык выбірае найбольш эфектыўны шлях (метад) дасягнення гэтай мэты. Гэта агульналагічныя (уласцівыя не толькі навуковаму, але і штодзённаму пазнанню): сінтэз, аналіз, дэдукцыя, індукцыя, абстрагаванне, параўнанне; тэарэтычныя (метад гістарычнага і лагічнага даследавання, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, разумовы эксперымент); эмпірычныя (выкарыстанне статыстыкі, аналіз дакументаў, апытанне, назіранне) метады.

Існуюць і іншыя класіфікацыі метадаў. Агульнатэарэтычныя метады называюцца навуковымі падыходамі, бо з’яўляюцца прызнанымі і шырока выкарыстоўваюцца.

Гістарычны падыход заснаваны на вывучэнні палітычных з’яў у іх развіцці і змяненні.

Сацыялагічны падыход дазваляе высветліць залежнасць палітычных працэсаў ад развіцця грамадства, яго сацыяльнай структуры.

Інстытуцыянальны падыход арыентаваны на вывучэнне палітычных інстытутаў (дзяржавы, яе органаў, палітычных партый і грамадскіх арганізацый).

Псіхалагічны падыход накіраваны на вывучэнне эмацыйна-пачуццёвай сферы, палітычных паводзінаў суб’ектаў.

Звычайна вылучаюць тры групы катэгорый паліталогіі: агульныя, прыватныя і спецыфічныя.

Да першай групы адносяцца катэгорыі, якія шырока выкарыстоўваюцца і ў сумежных з паліталогіяй дысцыплінах (філасофіі, сацыялогіі, правазнаўстве). Гэта, перш за ўсё, такія катэгорыі, як грамадства, народ, палітыка, улада, рэвалюцыя і да т. п.

Другую групу складаюць прыватныя катэгорыі, якія з’яўляюцца асновай усіх сацыяльна-палітычных тэорый і дысцыплін: дэмакратыя, сацыяльная рэвалюцыя, суб’екты палітыкі, палітычная партыя, палітычная ўлада, палітычная сістэма грамадства, палітычныя інстытуты, грамадскія аб’яднанні, грамадскі рух, палітычная свядомасць, палітычная ідэалогія, палітычная культура і інш.

Трэцюю групу складаюць спецыфічныя катэгорыі, якімі пераважна карыстаецца паліталогія: палітычны працэс, палітычныя паводзіны, палітычная дзейнасць, палітычны ўдзел, палітычнае лідарства, палітычная эліта, палітычная роля, палітычны канфлікт.