*§ 6-0. Паліталогія — навука пра палітыку
Site: | Профильное обучение |
Course: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Book: | *§ 6-0. Паліталогія — навука пра палітыку |
Printed by: | Guest user |
Date: | Monday, 9 September 2024, 2:46 PM |
Асновы паліталогіі. Паняцце «паліталогія» паходзіць ад двух грэчаскіх слоў: politike (дзяржаўныя, грамадскія справы), вытворнага ад назвы старажытнагрэчаскага горада-дзяржавы — polis, і logos — вучэнне, слова. Іх спалучэнне азначае, што паліталогія — гэта навука пра палітыку. Аўтарам тэрміна з’яўляецца страражытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель (384–322 гг. да н. э.).
Тэрмін «палітычная навука» набыў шырокую вядомасць у канцы XIX ст., а працэс вылучэння паліталогіі ў самастойную дысцыпліну закончыўся ў пачатку XX ст.
У самым агульным выглядзе паліталогія — гэта навука пра палітычныя стасункі і палітычную дзейнасць людзей, заканамернасці станаўлення і развіцця палітычных сістэм, сутнасць, формы і метады рэалізацыі палітычнай улады.
Функцыі паліталогіі | |
Пазнаваўчая | Пэўная сістэма ведаў пра палітыку |
Выхаваўчая | Садзейнічае фарміраванню палітычнай культуры грамадзян |
Ідэалагічная | Сродак ідэйнага абгрунтавання найважнейшых мэт і ідэалаў палітычнай дзейнасці |
Практычная | Рэкамендацыі пра дзейнасць у сферы палітыкі |
Прагнастычная | Веды пра палітыку дазваляюць скласці прагноз аб тэндэнцыях развіцця палітычнай сітуацыі |
Структура паліталогіі была вызначана ў 1948 г. Камісіяй ЮНЕСКА. Яна складаецца з чатырох асноўных частак:
1) палітычная тэорыя, якая ўключае тэорыю палітыкі і гісторыю палітычных вучэнняў;
2) палітычныя інстытуты (функцыі, якія здзяйсняюцца гэтымі інстытутамі, а таксама тыя сацыяльныя сілы, якія дадзеныя інстытуты ствараюць);
3) партыі, групы, грамадская думка;
4) міжнародныя стасункі.
Паліталогія вывучае, перш за ўсё, палітычную сферу жыццядзейнасці людзей: палітычную структуру, палітычныя інстытуты і адносіны, палітычныя якасці асобы, палітычныя паводзіны, палітычную культуру і да т. п. Такім чынам, аб’ектам даследавання паліталогіі з’яўляецца палітычная сфера грамадства як незалежная ад даследчыка аб’ектыўная рэальнасць. У якасці прадмета канкрэтнага палітычнага даследавання можна выбіраць любы аспект палітычнай сферы грамадства, напрыклад палітычную культуру грамадзян або палітычныя інстытуты.
Асноўныя напрамкі даследаванняў палітычнай сферы. Кожнае даследаванне ў паліталогіі мае пэўную мэту, і кожны даследчык выбірае найбольш эфектыўны шлях (метад) дасягнення гэтай мэты. Гэта агульналагічныя (уласцівыя не толькі навуковаму, але і штодзённаму пазнанню): сінтэз, аналіз, дэдукцыя, індукцыя, абстрагаванне, параўнанне; тэарэтычныя (метад гістарычнага і лагічнага даследавання, узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, разумовы эксперымент); эмпірычныя (выкарыстанне статыстыкі, аналіз дакументаў, апытанне, назіранне) метады.
Існуюць і іншыя класіфікацыі метадаў. Агульнатэарэтычныя метады называюцца навуковымі падыходамі, бо з’яўляюцца прызнанымі і шырока выкарыстоўваюцца.
● Гістарычны падыход заснаваны на вывучэнні палітычных з’яў у іх развіцці і змяненні.
● Сацыялагічны падыход дазваляе высветліць залежнасць палітычных працэсаў ад развіцця грамадства, яго сацыяльнай структуры.
● Інстытуцыянальны падыход арыентаваны на вывучэнне палітычных інстытутаў (дзяржавы, яе органаў, палітычных партый і грамадскіх арганізацый).
● Псіхалагічны падыход накіраваны на вывучэнне эмацыйна-пачуццёвай сферы, палітычных паводзінаў суб’ектаў.
Звычайна вылучаюць тры групы катэгорый паліталогіі: агульныя, прыватныя і спецыфічныя.
Да першай групы адносяцца катэгорыі, якія шырока выкарыстоўваюцца і ў сумежных з паліталогіяй дысцыплінах (філасофіі, сацыялогіі, правазнаўстве). Гэта, перш за ўсё, такія катэгорыі, як грамадства, народ, палітыка, улада, рэвалюцыя і да т. п.
Другую групу складаюць прыватныя катэгорыі, якія з’яўляюцца асновай усіх сацыяльна-палітычных тэорый і дысцыплін: дэмакратыя, сацыяльная рэвалюцыя, суб’екты палітыкі, палітычная партыя, палітычная ўлада, палітычная сістэма грамадства, палітычныя інстытуты, грамадскія аб’яднанні, грамадскі рух, палітычная свядомасць, палітычная ідэалогія, палітычная культура і інш.
Трэцюю групу складаюць спецыфічныя катэгорыі, якімі пераважна карыстаецца паліталогія: палітычны працэс, палітычныя паводзіны, палітычная дзейнасць, палітычны ўдзел, палітычнае лідарства, палітычная эліта, палітычная роля, палітычны канфлікт.
Прафесія палітолаг. Аб’ектамі прафесійнай дзейнасці палітолагаў-юрыстаў і палітолагаў-менеджараў з’яўляюцца: палітычныя інстытуты, палітычныя працэсы, палітычныя сістэмы, працэсы палітычнай дзейнасці, метады аналізу, прагназавання, аптымізацыі палітычных працэсаў, распрацоўкі навукова абгрунтаваных палітычных рашэнняў і дзеянняў, прававыя адносіны, якія ўзнікаюць унутры дзяржаўных і міждзяржаўных інстытутаў, прававыя адносіны грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў.
Палітолагі павінны валодаць ведамі ў галіне правядзення тэарэтычных і прыкладных навуковых даследаванняў; здзяйснення навукова-метадычнай работы ў галіне паліталогіі і права; распаўсюджвання палітычных і прававых ведаў сярод моладзі і іншых сацыяльных груп і пластоў насельніцтва і інш.
Міжнародная асацыяцыя палітычных кансультантаў: https://iapc.org.