*§ 5-1. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Масавыя паводзіны. Найноўшыя тэхналогіі паскараюць працэс фарміравання сацыяльных дзеянняў і пашыраюць іх палітру. У грамадскай свядомасці ўжо ўкараніліся такія інтэрнацыянальныя паняцці, як «пікап» (тэхніка хуткага і выніковага знаёмства), «флешмоб» (аператыўна ініцыіраванае калектыўнае сацыяльнае дзеянне з пэўнай нагоды).

Мал.
«Я працую дзеля цябе. Застанься дома дзеля мяне».
Медыкі запусцілі флешмоб з заклікам да самаізаляцыі.

Вынікі даследаванняў беларускіх сацыёлагаў паказваюць, што на выпрацоўку і рэалізацыю сацыяльных дзеянняў людзей усё большы ўплыў аказваюць інтэрнэт-рэсурсы. З аднаго боку, гэта свабода, калі любы можа выказаць сваё меркаванне і быць пачутым (прачытаным) велізарнай аўдыторыяй, з другой — адказнасць, паколькі свядома ці міжволі некарэктна пададзеная інфармацыя можа справакаваць «сацыяльную хвалю». Таму сёння да ўсіх актыўных інтэрнэт-карыстальнікаў грамадства прад’яўляе два асноўныя патрабаванні — прафесійная кампетэнтнасць і сацыяльная адказнасць. Узгодненасць індывідуальных ці групавых сацыяльных дзеянняў залежыць ад якасці інфармацыі, якой людзі кіруюцца. Адэкватная інфармацыя садзейнічае ўзгодненасці сацыяльных дзеянняў, памылковая ці наўмысна скажоная — перашкаджае канструктыўнаму ўзаемадзеянню. Шырокія магчымасці ў стварэнні, перадачы, прыёме і распаўсюджванні інфармацыі сёння даступныя любому чалавеку. Калі яшчэ ў ХХ ст. толькі дзяржавы ці буйныя карпарацыі маглі ўтрымліваць сродкі масавай інфармацыі, якія абслугоўваюць іх інтарэсы, то ў ХХІ ст. нават невялікая творчая група, якая прасоўвае свой інтэрнэт-рэсурс ці сеткавае выданне, або здольны і актыўны блогер-адзіночка могуць аказваць намнога большы ўплыў на масавую свядомасць і грамадскую думку, чым, напрыклад, тэлевізійны канал ці афіцыйные друкаванае выданне. Такія змены адкрываюць шырокія магчымасці для творчых і добра адукаваных маладых людзей, якія могуць рэалізоўваць свае найлепшыя здольнасці як актыўных і адказных членаў грамадства. Многія патэнцыяльныя праекты і напрамкі работы ў фармаце «сацыяльнага дзеяння» чакаюць сваіх ініцыятыўных і мэтанакіраваных рэалізатараў. Актуальная тэматыка гэтых праектаў: фарміраванне экалагічнай свядомасці грамадства; папулярызацыя фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця; развіццё маладзёжных дзелавых ініцыятыў, узбагачэнне каштоўнасцей малой радзімы і да т. п.