§ 5. Сацыяльныя працэсы і змяненне грамадства

Сацыяльны працэс і яго віды. Сацыяльны працэс — гэта сукупнасць аднанакіраваных і паўторных сацыяльных дзеянняў, якія захоўваюць або змяняюць бягучую сітуацыю. Часам пад сацыяльным працэсам разумеюць серыю сацыяльных змен і такім чынам апісваюць сацыяльнае развіццё.

Сукупнасць сацыяльных дзеянняў можа разглядацца як сацыяльны працэс, калі валодае наступнымі ўласцівасцямі: масавы характар; мэтанакіраванасць; паўтаральнасць у часе; устойлівасць (ёсць прычынна-выніковая сувязь этапаў); характар і змест (самадзейнасць і свядомасць удзельнікаў; сацыяльны характар дзеянняў, матываў і наступстваў). Пры канкрэтным вывучэнні грамадскіх працэсаў вылучаюць яшчэ ўмовы (знешнія і ўнутраныя) і тэмпы (эвалюцыйныя ці рэвалюцыйныя) працякання працэсу.

img
icon-discussions
Які грамадскі працэс характарызуе рэформа? Прывядзіце гістарычныя і сучасныя прыклады.

Жыццё грамадства і чалавека характарызуецца шэрагам самых разнастайных сацыяльных працэсаў. Яны могуць быць накіраваны на ўзнаўленне (захаванне сістэмы праз паўтарэнне) ці развіццё (захаванне праз новую якасць: прагрэсіўныя ці рэгрэсіўныя, рэвалюцыйныя ці эвалюцыйныя працэсы). Па змесце яны могуць выступаць працэсамі арганізацыі (стварэнне новага, упарадкаванне), дэзарганізацыі (разбурэнне існуючых правіл, структур) ці рэарганізацыі (змяненне, паляпшэнне, перабудова). Па характары могуць быць стыхійнымі (незапланаванымі) і свядомымі (запланаванымі).

Працэсы адбываюцца на розных узроўнях сацыяльнай сістэмы: асобнага індывіда, сацыяльнай групы, грамадства, чалавецтва.

icon-task

Вызначце, як названыя працэсы ўплываюць на сацыяльную сферу жыцця грамадства, узаемаадносіны паміж людзьмі.

У чым заключаюцца працэсы інфарматызацыі і інтэрнэтызацыі ў наш час? Як яны ўплываюць на ўзаемаадносіны паміж людзьмі? Якія яшчэ характэрныя для сучаснага грамадства працэсы вы можаце назваць?

Многія сацыяльныя працэсы знаходзяць сваё ўвасабленне ў масавых паводзінах і сацыяльных рухах.