§ 4. Сацыяльная камунікацыя

Масавая камунікацыя. Вучоныя лічаць, што вынаходства і распаўсюджванне пісьменнасці, кнігадрукавання, электронных прылад змянялі не толькі спосабы апрацоўкі і перадачы інфармацыі, але і сістэму каштоўнасцей, уклад жыцця людзей.

icon-persona
Перыядызацыя гістарычнага працэсу, на думку канадскага філосафа другой паловы XX ст. Маршала Маклюэна, выглядае наступным чынам: першай была эпоха чалавека, які слухае, — племяннога індывіда з перавагай вуснага маўлення як сродку камунікацыі. Вынаходства алфавіта, а потым і кнігадрукавання стварыла чалавека, які глядзіць. Ён жыў у другую эпоху — эпоху індустрыяльнага індывіда з перавагай друкаванага слова над вусным маўленнем. Трэцюю (сучасную) эпоху прадстаўляе чалавек, які слухае і глядзіць, — індывід, што існуе ва ўмовах электроннай (аўдыёвізуальнай) камунікацыі. Сучасны свет уяўляе сабой «глабальную вёску», дзе магчыма імгненная перадача паведамленняў з адной часткі свету ў другую і дзе ўсе пра ўсіх усё ведаюць.

Сродкі масавай камунікацыі інакш называюць медыя (ад лац. media — сродкі, пасрэднікі).

icon-remember
Што адносяць да медыя? Якія «старыя» і «новыя» медыя вы ведаеце? Чаму культуру сучаснага грамадства прынята называць медыякультурай?

Масавая камунікацыя адыгрывае значную ролю ў сучасным грамадстве, што звязана з яе ўплывам на фарміраванне грамадскай думкі. Пры гэтым для яе характэрны шэраг асаблівасцей камунікатара і аўдыторыі. Камунікатар у дадзеным выпадку набывае «калектыўны» характар, паколькі яго ролю выконвае не асобны індывід, а пэўная сацыяльная група. У падрыхтоўцы паведамленняў бярэ ўдзел мноства спецыялістаў (ад грымёра да эксперта ў галіне грамадскай думкі). У выніку «чалавек у кадры» часцей за ўсё толькі транслюе матэрыял, загадзя падрыхтаваны іншымі людзьмі.

icon-discussions

Навіна — факт ці фэйк?

Навіной становіцца падзея, якая ўяўляе сабой актуальны факт, выклікае грамадскі інтарэс і можа зацікавіць шырокую аўдыторыю, інакш кажучы, тыповага спажыўца канкрэтнага медыя. Існуюць вядомыя правілы стварэння навін.

icon-task

Прачытайце (паглядзіце, паслухайце) навіну аб адной і той жа падзеі на розных каналах (радыё, тэлебачанне, друк, інтэрнэт-выданні, сацыяльныя сеткі). Параўнайце, чым адрозніваецца падача навін на розных каналах. Якія загалоўкі выкарыстоўваюцца? Які сэнс надаецца паведамленню? Запоўніце табліцу з пытаннямі, на якія адказвае навіна.

У рамках масавай камунікацыі роля мэтавай аўдыторыі даволі пасіўная. Атрымальнік інфармацыі разглядаецца яе стваральнікамі як аб’ект уздзеяння. Для таго каб не стаць ахвярай падману і маніпуляцый, неабходна крытычна адносіцца да інфармацыі ў медыя, умець аддзяляць факты ад думак і ацэнак, выяўляць фэйкі.