§ 4. Сацыяльная камунікацыя
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | § 4. Сацыяльная камунікацыя |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:39 |
Паняцце сацыяльнай камунікацыі. Тэрмін «камунікацыя» (лац. сommunicatio — паведамленне, перадача) даўно ўвайшоў у паўсядзённы ўжытак і шырока прымяняецца ў розных сферах жыцця. Напрыклад, калі гавораць пра сістэму транспартных зносін, выкарыстоўваюць словазлучэнне «транспартная камунікацыя»; калі гаворка ідзе пра сістэму вода- і цеплазабеспячэння — словазлучэнне «інжынерныя камунікацыі». Такіх прыкладаў можна прывесці вельмі многа, але ва ўсіх выпадках агульнай прыметай выступае пэўная сістэма зносін (транспартная, камунальная) або перадача (распаўсюджанне) чаго-небудзь (вады, цяпла, электрычнасці і да т. п.).
Асаблівае значэнне ў грамадскім жыцці мае паняцце сацыяльнай камунікацыі, якая часцей за ўсё трактуецца як працэс узаемадзеяння паміж суб’ектамі (індывідамі, групамі, арганізацыямі і да т. п.) з мэтай перадачы ці абмену інфармацыяй. Такім чынам, можна вылучыць галоўныя асаблівасці сацыяльнай камунікацыі. Па-першае, гэта яе ўдзельнікі, якімі выступаюць сацыяльныя суб’екты. Па-другое, гэта сам змест камунікацыі, у якасці якой выступае інфармацыя.
Лічыцца, што самае галоўнае ў сацыяльнай камунікацыі — гэта перадача інфармацыі. Аднак часта сапраўдная мэта камунікацыі заключаецца не ў тым, каб падзяліцца якімі-небудзь звесткамі, а ў тым, каб пераканаць іншага чалавека ў справядлівасці сваёй пазіцыі і (або) заахвоціць яго да пэўнага ўчынку. На гэта, напрыклад, накіравана сучасная рэклама. З фармальнага боку, рэклама неабходна для таго, каб праінфармаваць спажыўца аб выпуску новай прадукцыі. Аднак у рэальнасці змест большасці рэкламных ролікаў мала падобны на простае інфармаванне спажыўцоў. Спецыялісты ў галіне рэкламы выкарыстоўваюць разнастайныя прыёмы, каб выклікаць у мэтавай аўдыторыі жаданне набыць тавар пэўнай маркі. Пры гэтым далёка не заўсёды асноўны змест рэкламы наогул звязаны з якімі-небудзь аб’ектыўнымі перавагамі прадукцыі.

Структура сацыяльнай камунікацыі.

У найбольш простым выглядзе ў любой сацыяльнай камунікацыі можна вылучыць пяць універсальных элементаў. Для гэтага неабходна адказаць на пяць пытанняў:

Можна сказаць, што пяць пералічаных элементаў характарызуюць знешні бок сацыяльнай камунікацыі. Напрыклад, можна разгледзець камунікацыю на школьным уроку, на якім тлумачыцца новая тэма. У якасці камунікатара будзе выступаць настаўнік, а ў якасці аўдыторыі — вучні. Камунікатар перадае аўдыторыі паведамленне, інакш кажучы, змест новай тэмы. Перадача паведамлення ажыццяўляецца ў вуснай форме пры непасрэдным візуальным кантакце. Эфектыўнасць камунікацыі ў дадзеным выпадку можа вызначацца з дапамогай невялікага вуснага апытання аўдыторыі ці практычных заданняў па новай тэме.
Разам з тым пры аналізе сацыяльнай камунікацыі неабходна ўлічваць і ўнутраныя складнікі дадзенага працэсу, да якіх належаць матывацыя ўдзельнікаў камунікацыі, выкарыстанне ўсімі ўдзельнікамі працэсу адных і тых жа знакавых сістэм, разуменне кантэксту сацыяльнай камунікацыі. Адно і тое ж паведамленне можа мець рознае значэнне ў залежнасці ад кантэксту камунікацыі.

Віды сацыяльнай камунікацыі. У навуковай літаратуры вылучаецца мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльнай камунікацыі, што адлюстроўвае шматаспектнасць дадзенага працэсу.



Да якіх відаў належыць прадстаўленая на фотаздымку камунікацыя?
Сфармулюйце аргументы на карысць сцвярджэння, што сучасныя сродкі сувязі ў значнай ступені сціраюць межы паміж непасрэднай і апасродкаванай камунікацыяй.
У залежнасці ад характарыстыкі суб’ектаў, як правіла, вылучаюць міжасобасную, міжгрупавую і масавую камунікацыю. Міжасобасная камунікацыя рэалізуецца паміж двума або некалькімі індывідамі. У межах міжгрупавой камунікацыі патокі інфармацыі цыркулююць паміж дзвюма або некалькімі сацыяльнымі групамі ці арганізацыямі з мэтай ажыццяўлення сумеснай дзейнасці альбо супрацьдзеяння адзін аднаму. Вялікае значэнне сёння мае масавая камунікацыя — працэс распаўсюджвання інфармацыі з дапамогай тэхнічных сродкаў на вялікія і разгрупаваныя аўдыторыі.
Масавая камунікацыя. Вучоныя лічаць, што вынаходства і распаўсюджванне пісьменнасці, кнігадрукавання, электронных прылад змянялі не толькі спосабы апрацоўкі і перадачы інфармацыі, але і сістэму каштоўнасцей, уклад жыцця людзей.

Сродкі масавай камунікацыі інакш называюць медыя (ад лац. media — сродкі, пасрэднікі).

Масавая камунікацыя адыгрывае значную ролю ў сучасным грамадстве, што звязана з яе ўплывам на фарміраванне грамадскай думкі. Пры гэтым для яе характэрны шэраг асаблівасцей камунікатара і аўдыторыі. Камунікатар у дадзеным выпадку набывае «калектыўны» характар, паколькі яго ролю выконвае не асобны індывід, а пэўная сацыяльная група. У падрыхтоўцы паведамленняў бярэ ўдзел мноства спецыялістаў (ад грымёра да эксперта ў галіне грамадскай думкі). У выніку «чалавек у кадры» часцей за ўсё толькі транслюе матэрыял, загадзя падрыхтаваны іншымі людзьмі.


Прачытайце (паглядзіце, паслухайце) навіну аб адной і той жа падзеі на розных каналах (радыё, тэлебачанне, друк, інтэрнэт-выданні, сацыяльныя сеткі). Параўнайце, чым адрозніваецца падача навін на розных каналах. Якія загалоўкі выкарыстоўваюцца? Які сэнс надаецца паведамленню? Запоўніце табліцу з пытаннямі, на якія адказвае навіна.
У рамках масавай камунікацыі роля мэтавай аўдыторыі даволі пасіўная. Атрымальнік інфармацыі разглядаецца яе стваральнікамі як аб’ект уздзеяння. Для таго каб не стаць ахвярай падману і маніпуляцый, неабходна крытычна адносіцца да інфармацыі ў медыя, умець аддзяляць факты ад думак і ацэнак, выяўляць фэйкі.

1. На перапынку адзін вучань расказвае некалькім аднакласнікам пра хакейны матч, які ён наведаў учора ў якасці балельшчыка, і запрашае іх схадзіць разам з ім на наступны матч. Складзіце структурную схему сацыяльнай камунікацыі для апісання сітуацыі. Класіфікуйце, якія віды сацыяльнай камунікацыі прадстаўлены ў дадзенай сітуацыі.
2. Сфармулюйце асаблівасці масавай камунікацыі ў сучасным грамадстве.
3. Аргументуйце з прыцягненнем статыстычных даных, які сродак масавай камунікацыі з’яўляецца найбольш распаўсюджаным, займае галоўныя пазіцыі ў грамадстве.
4. Прааналізуйце актуальную навіну, якая выклікала шырокі грамадскі рэзананс.